Первое место в области занял коллектив роботизированного комплекса «Волохи» ОАО «Хотилы-агро» по итогам работы за первое полугодие

Важное Сельское хозяйство

Ім няма роўных у вобласці

 Па выніках работы за першае паўгоддзе калектыў рабатызаванага комплексу «Волахі» ААТ «Хацілы-агра» заняў першае месца ў вобласці.

На комплексе ўтрымліваецца 714 кароў. Іх абслугоўваюць 6 замежных робатаў: мыюць вымя, пры дапамозе лазерных промняў «прымяраюцца» да саскоў і імгненна пад­ключаюць да іх даільныя стаканы.

Але і без рук чалавека не абысціся. Кантроль за разумнымі машынамі ажыццяўляюць Святлана Карпушанка, Алена Турла, Валянціна Таяновіч, Алёна Ярашэвіч, сёстры Марына Міхновіч і Іна Хацяновіч. Многія з іх тут з моманту адкрыцця. Аператары працуюць пазменна: сочаць за чысцінёй у даільнай зале, трымаюць на кантролі паказчыкі, якія робаты выдаюць на экран. Інфармацыя аб прадукцыйнасці жывёлы, яе фізіялагічным стане і многім іншым пастаянна паступае ў аператарскае ад­дзяленне, дзе ўстаноўлены цэнтральны камп’­ютар, ана­лізуецца і супастаўляецца. Кожная жывёліна мае сваю базу даных.

Аператары рабатызаванага комплексу «Волахі» Іна Хацяновіч, Алена Турла, Марына Міхновіч і Святлана Карпушанка

Дойныя каровы, нецелі ўтрым­ліваюцца без прывязі, маюць пастаянны доступ да збалансаваных кармоў, вады, мінеральных дабавак, месца, дзе могуць адпачыць. На высокі ўзровень пастаўлена селекцыйна-племянная работа. Такія ўмовы ўтрымання, адказныя адносіны да выканання сваіх абавязкаў аператараў, спецыялістаў ветэрынарнай службы, іншых работнікаў, загадчыка комплексу Аляксандра Адамковіча спрыяюць нарошчванню аб’ёмаў вытворчасці, павелічэнню рэнтабельнасці. Калі комплекс толькі адкрыўся, сярэдні надой малака ад каровы за дзень складаў 16 кілаграмаў. Цяпер тут атрымліваюць па 26. За дзень надойваюць да 19 тон малака — ледзь не на тону больш, чым летась. Таварнасць — 97,4%. Усё малако ідзе сортам «экстра».

За 6 месяцаў бягучага года ад кожнай каровы атрымалі ў сярэднім па 4812 кілаграмаў. Гэта самы высокі паказчык у вобласці. Калектыў фермы ўдастоены дыплома і грашовай прэміі абласнога камітэта прафсаюза работнікаў агра­прамысловага комплексу. Уручыў узнагароды волахаўскім аператарам старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Філімонаў.

— Ваш комплекс — прыклад для жывёлаводаў не толькі раёна, але і вобласці, — гаварыў Аляксей Аляксеевіч. — Робаты і людзі працуюць на высокі вынік. Думаю, тое, чаго дабіваецеся, для вашага калектыву не мяжа. У вас ёсць усе ўмовы дасягнуць большага, чаго вам і жадаю.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.