Первые комбайнёры-тысячники снова в Камаях

Главное Сельское хозяйство

Першыя камбайнеры-тысячнікі зноў у Камаях

Андрэй Сакалоў і Васілій Чабуранаў з ААТ «Камайскі-агра» першымі ў раёне намалацілі па 1000 тон збожжа

Для Андрэя Сакалова тысячны намалот — не рэкорд. Першы важкі поспех прыйшоў да яго яшчэ 16 гадоў таму, калі заняў першае месца сярод маладзёжных экіпажаў краіны. На рэспубліканскіх «Дажынках» быў узнагароджаны легкавым аўтамабілем «Жыгулі» — ключы ад іх уручаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Быў у лідарах і ў наступныя гады.

— Наш калгас «Дружба» пастаянна славіўся высокімі ўраджаямі, — успамінаў Андрэй. — Было дзе і што малаціць. Потым наступіў не зусім просты перыяд. Цяпер слава пакрыху вяртаецца. Сёлета сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы — 34,6 цэнтнера з гектара. Ды і камбайн магутны.

У свой час Сакаловы пакінулі Сакуны і перабраліся ў Паставы. Цяпер асноўнае месца працы Андрэя — малочны завод. Але ў перыяд сельскагаспадарчых работ ён па-ранейшаму шчыруе на камайскіх землях. І калі летась гаспадарка набыла новы сучасны камбайн «Нью Холанд», яго даверылі Сакалову як вопытнаму і адказнаму механізатару. Летась на ім Андрэй адным з першых у раёне намалаціў тысячу тон. Другі «Нью Холанд» даверылі Васілію Чабуранаву, які таксама працуе на малочным заводзе.

— У час мінулагодняга жніва абкатваў новую тэхніку, дасканала вывучаў яе, а сёлета па-сур’ёзнаму ўзяўся за работу, — гаварыў Васілій. — Каб на такіх камбайнах працаваць на вялікіх участках — вось дзе была б прадукцыйнасць! Нездарма на гэтай тэхніцы ў іншых раёнах вобласці камбайнеры ўжо маюць і па 2000 тон зерня. На Камайшчыне шмат дробнаконтурных палёў. А з 11-метровай жняяркай на іх цяжкавата працаваць, таму і тэмпы значна ніжэйшыя.

Павіншаваць Андрэя Сакалова і Васілія Чабуранава з тысячным намалотам у поле прыехалі кіраўнік раёна Сяргей Чэпік, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце малочнага завода Васілій Катовіч, кіраўнік гаспадаркі Канстанцін Гайлеўскі, старшыня Камайскага сельскага Савета Генадзій Урбанайць. Прымеркавалі гэта на час абеду. Прыняўшы словы падзякі і падарункі, камбайнеры сілкаваліся, а самадзейныя артысты Камайскага сельскага Дома культуры дарылі ім песні.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.