Подарки от «Белтелекома» получили молодые комбайнеры Александр Буча и Максим Адынец

Сельское хозяйство

Падарункі ад «Белтэлекама» атрымалі маладыя камбайнеры Аляксандр Буча і Максім Адынец з ААТ «Хацілы-агра» і «Кураполле-агра», якія намалацілі больш чым па 1000 тон збожжа.

Ужо стала традыцыяй, што галіновыя прафсаюзы вобласці прымаюць актыўны ўдзел у заахвочванні найлепшых хлебаробаў, занятых на ўборцы збожжавых і зернебабовых. У мінулы аўторак наш раён наведаў старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам» Мікалай Венікаў. Спачатку ён накіраваўся да маладога камбайнера Аляксандра Бучы.

Жніво ААТ «Хацілы-агра» завяршыла днём раней, і Аляксандр убіраў збажыну на прысядзібных участках вяскоўцаў. Засталі яго паміж Дукамі і Літвінкамі. Прыезд прадстаўнічай дэлегацыі ў складзе Мікалая Венікава, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Іны Далецкай, старшыні раённай арганізацыі работнікаў АПК Аляксея Філімонава крыху збянтэжыў хлопца, але і парадаваў. Прафсаюзныя лідары падзякавалі за працу, а Мікалай Венікаў уручыў набор інструментаў для слясарных і электрамантажных работ.

— Сашу яны, дакладна, спатрэбяцца, — гаварыла старшыня прафкама гаспадаркі Наталля Пабядзінская. — Тэхніку любіць і разбіраецца ў ёй. Тры гады таму закончыў каледж, авалодаў спецыяльнасцямі трактарыста-машыніста сельгасвытворчасці катэгорый «А», «В», «D», слесара па рамонце аўтамабіляў і сельгасмашын, атрымаў дыплом тэхніка-механіка. Дырэктар прапаноў­ваў хлопцу заняць пасаду загадчыка майстэрняў, а ён адмовіўся, маўляў, больш падабаецца працаваць на тэхніцы, рамантаваць яе. І сапраўды, любую няспраўнасць часам можа ліквідаваць значна хутчэй за вопытных механізатараў. Саша — настаўнік для малодшага брата Юрыя, які вучыцца на другім курсе каледжа. Сваім стараннем паказвае яму прыклад ва ўсім. Адным экіпажам яны на жніве працавалі другі сезон.

Па выніках работы за мінулы год Аляксандр заняў першае месца ў раёне сярод занятых на ворыве глебы. Спадарожнічаў поспех і на сёлетнім жніве. Таму, калі кіраўніцтву гаспадаркі прапанавалі выбраць кандыдатуру для заахвочвання, без ваганняў спыніліся на экі­пажы Аляксандра і Юрыя. Хлопцы працавітыя і вартыя падарункаў.

А ў ААТ «Кураполле-агра» такі ж падарунак ад «Белтэлекама» атрымаў Максім Адынец, які таксама намалаціў больш за 1000 тон збожжа.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.