«Помогу всем, чем могу!» Открытая и гостеприимная Алёна Шарабайко из деревни Свидно

Личности

Такая, як усе?

«Навошта пра мяне пісаць? Я ж такая, як усе», — адмаўлялася Алёна Шарабайка з вёскі Свідна Дунілавіцкага сельсавета.

Я пазнаёмілася з гэтай маладой жанчынай выпадкова. Прыехала ў вёску да доўгажыхаркі. А побач з хатай бабулі ўбачыла на пагорку найпрыгажэйшы ў Свідне, «апрануты» ў сайдынг дом, вялікае дагледжанае падвор’е ля яго і не магла не зацікавіцца. Тым больш што гаспадыня ўвіхалася на двары.

Алёна перанесла некалькі аперацый. Найскладанейшую (замена тазасцегнавых суставаў) — дзевяць гадоў таму ў Мінскім інстытуце траўматалогіі і артапедыі. Цяжкая праца ёй супрацьпаказана. А якая яна ў вёсцы лёгкая?

— Але я да ўсяго прыстасавалася, — расказвала жанчына. — Праўда, абмяжоўваюся толькі ўласнай гаспадаркай. Трымаем карову, цэлы статак курэй — нясушак і бройлерных. Абзавяліся б і свіннямі, але з-за блізкага знаходжання комплексу гэта забаронена. Раблю шмат нарыхтовак. Ставіла і па 100 слоікаў мясной тушонкі. З агарода штогод маем свае агуркі, памідоры, якія таксама закатваю, бульбу, буракі. Радуе ўраджаем сад. Люблю збіраць грыбы і ягады. Толькі паспявай усё парадкаваць.

Асаблівы клопат і гонар Алёны — карова. Малака, якое дае Гуля, хапае не толькі самім гаспадарам, але і на продаж. Пастаянныя кліенты ахвотна купляюць у яе таксама смятану, тварог, масла, яйкі. Выручаныя за прадукцыю з падвор’я грошы з’яўляюцца важкім дадаткам да зар­платы гаспадара, які працуе аператарам на свінагадоўчым комплексе. Зарабляе няблага, але праца нялёгкая. Хапае яе і дома.

Алёна пазнаёмілася са сваім будучым мужам у Віцебскай абласной бальніцы. Аказалася, што Пётр з суседняга, Глыбоцкага, раёна. Паўгода сустракаліся, а калі канчаткова пераканаліся ў трываласці сваіх пачуццяў, зарэгістравалі шлюб. У пары адзіны сын. Дзяніс закончыў гістарычны факультэт Белдзяржунівер­сітэта, працуе ў турыстычнай фірме ў Мінску.

Сямейнае жыццё Алёна і Пётр пачыналі ў Свідне ў старэнькай ха­ціне яе цёткі. Потым купілі больш прасторны, але вельмі запушчаны дом.

— Уклалі ў яго шмат і грошай, і працы, — расказвала жанчына. — У Пятра залатыя рукі, ён усё можа зрабіць сам. І робіць. Абшыў сайдынгам дом. На кухні ўмураваў у печку кацёл, у якім грэецца вада і паступае ў душавую кабінку. У выніку на яе падагрэў не даводзіцца траціць электраэнергію. А які летні душ абсталяваў! Нават печку ў ім змураваў і палок зрабіў. Дзе вы бачылі, каб у летнім душы можна было папарыцца? А ў нашым — калі ласка! Ды і многае іншае парабіў.

Алёна, нягледзячы на шматлікія гаспадарчыя клопаты, заўзятая веласіпедыстка. Яна з лёгкасцю можа адправіцца на веліку да знаёмых у Казлоўшчыну, Варапаева, Лучай, Сяргеевічы ці яшчэ якую вёску.

— Магу і 30 кіламетраў праехаць за дзень, — адзначае і прызнаецца, што ёй не хапае зносін з людзьмі. — У нас тут такая прыгожая прырода і ўсяго дастаткова. Няхай бы прыяз­джалі гараджане, каму няма дзе пасадзіць агарод або адпачыць. Прыняла б з радасцю і дапамагла б усім, чым магу.

Вось такая яна — адкрытая і гасцінная. А яшчэ — талена­вітая, і яе можна ўбачыць на сцэне.

— Вельмі ўдзячная мастацкаму кіраўніку Дунілавіцкага СДК Людміле Здраеўскай, якая запрасіла мяне ў самадзейнасць, — гаварыла жанчына. — З задавальненнем хаджу на рэпетыцыі. Выступаем у клубе, выяз­джаем у вёскі. Спяваю не толькі ў вакальнай групе, але і сольна. Разумею, што мне яшчэ вучыцца і вучыцца спевам, але гэта вельмі падабаецца.

Вось і мяркуйце: Алёна Шарабайка такая, як усе, або ўсё ж такі іншая?

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.