Потомок одной из ярких аристократических династий страны — Тизенгаузов — посетил Поставы

Важное Культура

Крочыў па Паставах нашчадак Тызенгаўзаў…

Нашчадак адной з яркіх арыстакратычных дынастый краіны — Тызенгаўзаў — наведаў на гэтым тыдні Паставы. Шарль дэ Войс прайшоўся па былых уладаннях сваіх продкаў, пазнаёміўся з архітэктурным ансамблем плошчы, якую па просьбе графа Антонія спраектаваў італьянскі архітэктар Джузэпэ дэ Сака, наведаў музейную экспазіцыю ў палацы Тызенгаўзаў, сустрэўся з мясцовай уладай і застаўся вельмі задаволены гасцінным прыёмам і той работай, якая праводзіцца па захаванні спадчыны яго родзічаў.

— У нас у музеі гасцюе прадстаўнік роду графаў Тызенгаўзаў па лініі Марыі Пшэздзецкай, дачкі Канстанціна Тызенгаўза. Жыве ў Францыі, у Паставах упершыню, — ашаламляе навіной дырэктар установы Таццяна Гарошка.

Столькі разоў бачыла касцюміраванае прадстаўленне з былым уладаром горада Антоніем Тызенгаўзам падчас «Пастаўскага балю» — адной з візітных картак міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік», канцэрт на прыступках палаца, яго музейныя экспазіцыі! І кожны раз адчуваю, нібы перад вачыма ажывае гісторыя. Але ўявіць, што калі-небудзь убачу нашчадка знакамітага роду, які шпацыруе па плошчы і любуецца архітэктурным ансамблем забудовы сэрца горада, спускаецца ў скляпенні графскага палаца, дакладна, не магла.

Шарль — бізнесмен, займаецца вытворчасцю экалагічнага граніту. Шмат падарожнічае па свеце, але нашу краіну наведаў упершыню.

— Мяне цікавіць гісторыя нашай сям’і, той след, які яна пакінула ў сусветнай гісторыі, — расказваў Шарль дэ Войс, паказваючы супрацоўнікам музея фотаздымак генеалагічнага дрэва Пшэздзецкіх. — Я вывучаў сямейныя архівы, якія знаходзяцца ў банку Ротшыльда ў Францыі, было вельмі цяжка знайсці сувязь паміж архіўнымі дакументамі і геапалітычным становішчам сучаснай Беларусі. Бо на той момант, калі мая маці ў час Другой сусветнай вайны пакінула Радзіму, гэта была іншая краіна. Матулі тады было восем гадоў, але я бачыў, з якой настальгіяй яна і мая цётка ўсё жыццё ўспа­міналі сваю Бацькаўшчыну, дзе ім так і не давялося больш пабываць. У нашых продкаў было шмат уладанняў, і ні ў адным замку ці палацы яны не затрымліваліся больш чым на месяц. Асноўныя з іх знаходзіліся ў Літве і Беларусі (яны нам больш не належаць), і менавіта да іх продкі былі больш за ўсё прывязаныя душой. Мне цікава і хвалююча ісці зараз па сцежках сваёй сям’і. Расчулены вашай гасціннасцю і зацікаўленасцю гісторыяй.

Шарль расказаў пра нашчадкаў па лініі дачкі Канстанціна Тызенгаўза. Зараз, з яго слоў, засталося толькі дзве сям’і: дзеці Марыі Пшэздзецкай (маці Шарля) і ўнукі Жана Пшэздзецкага. Узгадаў гісторыю эміграцыі сваёй сям’і, іншыя цікавыя звесткі, прапанаваў падзяліцца архівамі. Шмат новага з расказаў музейных супрацоўнікаў даведаўся і ён. Напрыклад, для французскага госця было ў навіну, што ў радавым гняздзе Тызенгаўзаў у Жалудку (ля Гродна), у касцёле знаходзіцца сямейны склеп. Палац графаў там, на жаль, не захаваўся, затое пастаўскі красуецца і сёння, больш за тое, з’яўляецца аўтэнтычным, паколькі ніколі не перабудоўваўся звонку. Захапляльную экскурсію па ім правяла Таццяна Гарошка. Каб пераказаць усё пачутае нават у скарачэнні, спатрэбіўся б цэлы газетны разварот. Яно і не дзіўна, бо Тызенгаўзы — старадаўні і магутны нямецкі род, які паходзіць ад крыжаносцаў. Браты Энгельбрэхт і Тэадорык Тызенгаўзы абаснаваліся ў Рызе ў канцы XII стагоддзя. Авалодаўшы вялікімі землямі, сталі ўплывовымі вяльможамі Лівоніі. Менавіта яны лічацца продкамі графаў, якія пражывалі ў Паставах. Чаго толькі вартая асоба Антонія Тызенгаўза! Яго ўнёсак у развіццё нашага горада немагчыма пераацаніць.

— Самыя знакавыя падзеі на Пастаўшчыне адбыліся дзякуючы роду Тызенгаўзаў. Яны з’яўляюцца ключавымі фігурамі нашай гісторыі, таму імкнёмся захаваць яе помнікі, — гаварыў падчас сустрэчы намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — У 610-гадовы юбілей горада ля палаца будзе ўстаноўлены трохметровы помнік Антонію. Гэта работа вядомага беларускага скульптара Аляксандра Фінскага.

Юрый Мікалаевіч запрасіў Шарля дэ Войса на ўрачыстае адкрыццё манумента, а калі на тое будзе добрая воля, то і паўдзельнічаць у фінансаванні вырабу скульптуры, паказаў на фотаздымку рабочую мадэль помніка ў натуральную ве­лічыню. Прапанова зацікавіла госця, і ён абяцаў прыехаць, калі дазволіць працоўны графік.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.