Работники участка дефектоспопии Воропаевской дистанции пути на страже безопасности движения поездов

Главное Общество

Ад іх залежыць бяспека

Напярэдадні прафесійнага свята — Дня чыгуначніка — наведалася ў Варапаеўскую дыстанцыю пуці. Намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях Аляксандр Ушкур параіў напісаць пра ўчастак дэфектаскапіі — адно з падраздзяленняў, якое адказвае за бяспеку руху цягнікоў.

Дыстанцыя абслугоўвае пуці ў трох кірунках: Полацк—Маладзечна (да станцыі Параф’­янава), Круляўшчызна—Лынтупы і Варапаева—Друя. Выяўленне няспраўнасцей на іх — пастаянны клопат дэфектаскапістаў. Размаўляю з майстрам участка Андрэем Шорцам. У дыстанцыі ён працуе каля 15 гадоў. Пачынаў аператарам, потым быў наладчыкам, а зараз у яго падпарадкаванні амаль дваццаць чалавек.

— У калектыве 15 аператараў дэфектаскопных цялежак, наладчык чыгуначна-будаўнічых машын, інжынер па расшыфроўцы дэфектаграм і аператар па пуцявых вымярэннях, — уводзіць у курс справы майстар. — Мы праводзім праверку рэек на наяўнасць дэфектаў. З часам на іх утвараюцца трэшчыны, якія пагражаюць бяспецы руху цягнікоў. Наша задача — ультрагукавым дэфектаскопам суцэльнага кантролю своечасова выявіць іх і правільна класіфікаваць.

Штодня на ўчастку дэфектаскапіі інжынер кантралюе выкананне планавага задання па праверцы рэек, расшыфроўвае даныя, знаходзіць падазроныя месцы, робіць ведамасць другаснага кантролю, збірае і захоўвае інфармацыю. Потым аператар з перанасным дэфектаскопам працуе па канкрэтным дэфекце больш дэталёва, выкарыстоўвае розныя метады кантролю. І толькі пасля гэтага выносіцца заключэнне, што патрабуецца: замена або рамонт рэйкі ці абмежаваная скорасць руху цягнікоў.

Алег Ёнчык закончыў Даўгаўпілскі тэхнікум чыгуначнага транспарту і пасля тэрміновай службы прыйшоў у дыстанцыю. Пазней завочна закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Чатыры гады таму назначаны інжынерам участка дэфектаскапіі. А да гэтага 11 гадоў працаваў аператарам.

— Безумоўна, на карысць пайшоў набыты вопыт, — расказваў. — Таксама дапамагае праграма расшыфроўкі, дзякуючы якой бачу ўсе дзеянні на выездзе.

Аператар па пуцявых вымярэннях Франц Сарафінас займаецца праверкай пад’язных пуцей, выяўляе адхіленні геаметрычных параметраў рэйкавай каляіны. У рабоце заўсёды пільны.

Уладзімір Свілёнак у дыстанцыі сем гадоў і пастаянна прафесійна ўдасканальваецца. Аператар дэфектаскопнай цялежкі мае самы высокі разрад. Закончыў курсы па расшыфроўцы і пры неабходнасці замяшчае інжынера. Вучыцца ў Аршанскім каледжы чыгуначнага транспарту.

— Наша работа вельмі дынамічная, працуем у рэжыме суміраванага ўліку часу, — апавядаў. — За змену трэба прайсці і абследаваць каля 10 кіламетраў пуці, а ўмовы надвор’я бываюць вельмі неспрыяльныя. Таму патрабуецца нямала цярпення і вынослівасці. Але мне работа падабаецца. Галоўнае — зразумець яе спецыфіку, набыць тэхнічныя веды і навыкі.

Асаблівая ўвага ў дыстанцыі надаецца кадраваму пытанню. Пуцейцы пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень. Праводзіцца штомесячнае навучанне аператараў, разглядаюцца заўвагі, абмяркоўваюцца недахопы, заахвочваюцца найлепшыя. Кожныя пяць гадоў аператары праходзяць павышэнне кваліфікацыі ў Баранавічах.

За высокія дасягненні ў працы і прафесійнае майстэрства напярэдадні Дня чыгуначніка адзначаны найлепшыя работнікі дыстанцыі. Так, нагрудным знакам «За добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы» II ступені ўзнагароджаны брыгадзір (вызвалены) прадпрыемстваў чыгуначнага транспарту і метрапалітэна Уладзімір Літвін, вадзіцелю аўтамабіля Андрэю Шафаровічу аб’яўлена Падзяка начальніка Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі. Шэраг работнікаў атрымае Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і Падзякі яго старшыні. Усім ветэранам да свята выдзелена матэрыяльная дапамога, а тыя, хто не мае дысцыплінарнага спагнання, атрымалі аднаразовую грашовую выплату.

Заўтра, як і штогод, у гарадскім парку ў Варапаеве ладзіцца ўрачыстасць з нагоды прафесійнага свята чыгуначнікаў. Пажадаем усім сонечнага надвор’я і радаснага настрою.

Святлана Шафаровіч
Фота Таццяны Насевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.