Работа кипит и днем и ночью. Рейдовая группа проверила работу на зернотоках

Важное Сельское хозяйство

І днём і ноччу кіпіць работа

Як арганізавана работа на зернетаках? Гэтым у ноч з аўторка на сераду цікавіліся ўдзельнікі рэйдавай групы.

У яе склад увайшлі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў, старшы інспектар РАУС Аляксандр Сіманька, інспектар РАНС Аляксандр Іршонак і галоўны аграхімік раёна Марына Чарняўская.

— Падчас уборкі зерневых і зернебабовых газета шмат піша пра камбайнераў, вадзіцеляў, — гаварыў Аляксей Аляксеевіч. — Зернетакі ж застаюцца ў цяні. А па сутнасці, гэта штаб жніва. Ад дакладнасці і зладжанасці іх работы залежыць забяспечанасць нас хлебам.

Першым прыпынкам стаў зернесушыльны комплекс ААТ «Хацілы-агра». Некалькі дзён таму, праязджаючы міма, бачыла вялікія горы зерня пад адкрытым небам. Цяпер яго стала крыху менш. Ішла 11-я гадзіна вечара, а на тэрыторыі кіпела работа. Удзельнікаў рэйду сустрэў галоўны інжынер гаспадаркі Валерый Курто, якому выпала ў гэту ноч дзяжурыць.

— За тыя дні, пакуль ішлі дажджы, убранае збожжа давялі да парадку, — расказваў. — Сёння было сонечна, таму камбайны працавалі ў полі, пакуль не з’явілася раса. Жніво вядзецца за 25 кіламетраў ад цэнтральнай сядзібы — за Андронамі. Нягледзячы на позні час, яшчэ чакаем машыны са збожжам. Цёплае надвор’е сваё зрабіла — вільготнасць зерня зменшылася, адпаведна, менш будзе затрат на сушку.

Зернесушылка ў гаспадарцы магутная — прапускная здольнасць — 30 тон у гадзіну. Працуе на газе. Аператарам у тую ноч быў Аляксандр Апсіт — выпускнік Наваполацкага політэхнічнага каледжа. На спецыяльным маніторы ён сачыў за напаўняльнасцю зернесушыльнай шахты, трымаў на кантролі вільготнасць зерня, выгрузку. У яго рабоце дробязей няма, бо ад таго, як высушыцца зерне, будзе залежаць яго захоўванне.

— Родам я з Браслаўскага раёна, а лёс прывёў у Хацілы, — апавядаў пра сябе Аляксандр. — Работа для мяне новая. Але асвоіў хутка (на рахунку аператара больш за 2200 тон перапрацаванага збожжа — аўт.).

Пакуль абышлі сушыльны комплекс, сюды з поля прыехаў галоўны аграном Іван Машлякевіч.

— Жніво — такі час, што не да адпачынку, — стомленасць галоўнага тэхнолага хацілаўскіх палёў перамагае радасць за вырашчаны ўраджай.

Пад зерневыя і зернебабовыя, згодна з інфармацыяй райсельгасхарчу, у гаспадарцы адведзена 1795 гектараў. Убрана больш за палову. Сярэдняя ўра­джайнасць — 55 цэнтнераў з гектара. Намалочана 5280 тон. І менавіта на зернетаку ўбранае збожжа даводзіцца да патрэбных кандыцый па вільготнасці, чысціні, а затым адпраўляецца на захоўванне на склад або выкананне дзяржаўнага заказу.

З Хаціл накіроўваемся ў Ярэва. Гаспадарка невялікая, зерневыя і зернебабовыя займалі 714 гектараў. Тут для перапрацоўкі вырашчанага выкарыстоўваюцца падлогавыя сушылкі і дзве СЗК-10, якія працуюць на дрывах. Каб падтрымліваць неабходную тэмпературу, качагарам прыходзіцца пастаянна падкідваць у печку паліва. Работа арганізавана кругласутачна. Каб зерне не грэлася, днём яго лапацяць навучэнцы і рабочая Святлана Пачко, у начную змену — Марына Шукель і Уладзіслава Тарасевіч. У час нашага прыезду на месцы была і загадчыца зернясклада Ала Міхалевіч, якая перадавала дзяжурства спецыялісту па кадрах Ірыне Танане.

У Кураполлі рэйдавую брыгаду сустрэла бухгалтар Ірына Шыманоўская.

— Працуем у штатным рэжыме, — гаварыла. — Сёння па графіку маё дзяжурства, заўтра выйдзе іншы спецыяліст. Выгрузіўшы збожжа, прывезенае з поля, толькі што паехалі дадому вадзіцелі. Быў тут і ўпраўляючы Васілій Касцень.

Папярэдні дзень спрыяў тэмпам жніва, таму на тэрыторыі зернесушыльнай гаспадаркі падсабралася збажыны. Захоўвалася яна пад адкрытым небам, але на выпадак дажджу была надзейна ўкрыта.

Набліжалася поўнач, завяршаўся рэйд.

— Якія яго вынікі? — пацікавілася ва ўдзельнікаў.

— Згодна з распараджэннем старшыні райвыканкама, у перыяд жніва з мэтай папярэджання вытворчага траўматызму пільны кантроль надаецца найперш захаванню бяспечных умоў працы, — падсумаваў Аляксей Філімонаў. — Таму члены рэйдавай брыгады асаблівую ўвагу звярталі на працоўную дысцыпліну работнікаў зернескладоў, наяўнасць вартаўнікоў на іх. Яўных парушэнняў не выяўлена. На кожным замацаваным участку людзі старанна выконваюць свае абавязкі.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.