С 12 августа «Ветразь» принял на оздоровление почти 30 детей из семей вынужденных переселенцев

Здравоохранение

Пад апекай Чырвонага Крыжа

З 12 жніўня ў дзіцячым абласным рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Ветразь» адпачываюць амаль 30 дзяцей з сем’яў вымушаных перасяленцаў, якія пакінулі свае дамы ва Украіне і знайшлі прытулак у Беларусі.

Аздараўленне праходзіць пад патранажам прадстаўнікоў некаторых раённых арганізацый Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа нашай вобласці, у  тым ліку і Пастаўскай. Яе старшыня Таццяна Шахава была адказнай за дастаўку дзяцей у «Ветразь» і сумесна з калектывам цэнтра займаецца арганізацыяй іх адпачынку.

— 7 чалавек прыехалі з Магілёўскай вобласці, 13 — з Віцебскай, 10 — з Мінскай, — расказвала Таццяна Мікалаеўна. — Дзецям вельмі спадабалася ў нас. Выдатныя ўмовы для пражывання, шырокі комплекс лячэбных працэдур, ветлівы персанал, каларыйнае і смачнае харчаванне, змястоўная арганізацыя вольнага часу. Яна ўключае прагляд кінафільмаў, правя­дзенне спаборніцтваў па валейболе, дартсе, тэнісе, ушаноўванне імяніннікаў, дыскатэкі і іншае. Усе заняткі ў рамках тэматычнай змены накіраваны на актыўны адпачынак, развіццё творчага патэнцыялу дзяцей.

У мінулую сераду ў «Ветразь» завіталі старшыня Глыбоцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Кучарава і валанцёр гэтай арганізацыі Лідзія Раманчук. Разам з Таццянай Шахавай яны правялі для дзяцей віктарыну, падчас якой праверылі веды пра дзейнасць Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. Затым удзельнікі мерапрыемства малявалі, вучыліся аказваць першую дапамогу ўмоўным пацярпелым, дэманстравалі свае творчыя здольнасці.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.