С первой тысячей тон перевезённого зерна поздравляем Валерия Одинца

Важное Сельское хозяйство

Адынцо Кураполлю падарыў Бог

сказаў, віншуючы Валерыя Адынца з першай тысячай тон перавезенага збожжа, кіраўнік ААТ «Кураполле-агра» Васілій Касцень

— У панядзелак вечарам падлічылі тоны, Валерый перакрыў тысячу, — расказваў Васілій Касцень. — Гэтай радасцю я тут жа падзяліўся з Аляксеем Філімонавым. Лічу, што малады член прафсаюза заслугоўвае ўвагі.

На зернясклад, куды дастаўляецца збожжа, завіталі старшыні: раённага аб’яднання прафсаюзаў — Іна Далецкая, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу — Аляксей Філімонаў, прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі — Вольга Баравік, кіраўнік ААТ «Кураполле-агра» Васілій Касцень, юныя самадзейныя артысты Курапольскага сельскага клуба разам з яго загадчыцай Марынай Смулько. Госці не шкадавалі шчырых слоў па­дзякі, уручылі граматы, падарункі, кветкі. Увага з боку такой колькасці людзей крыху бянтэжыла 19-гадовага хлопца.

Калі вярнуўся ў поле, першымі павіншаваць з узнагародамі прыехалі бацька Мікалай Іванавіч і старэйшы брат Максім, якія працуюць на камбайнах.

Бацька Мікалай Іванавіч і старэйшы брат Максім віншуюць Валерыя з узнагародамі

— Маладзец, сын! — паціснуў руку бацька. — Я ў цябе верыў!

— Не вельмі зазнавайся, —  жартаваў Максім, ляпаючы Валерыю па плячы. — Я таксама пачынаў з перавозкі. Праўда, было гэта яшчэ да службы ў арміі. І таксама маю не адну грамату.

Валерый — малодшы сын Мікалая Адынца — аднаго з найлепшых камбайнераў не толькі «Кураполля-агра», але і раёна. Хлопец — навучэнец Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Падчас вучобы паспявае яшчэ і дапамагчы гаспадарцы: раніцай перад заняткамі адвозіць на дойку даярак, вярнуўшыся з вучобы, дастаўляе ў поле ваду каровам. На канікулах пастаянна працуе на трактары. На любым участку дабіваецца высокіх вынікаў.

— Сям’я вельмі працавітая, — гаварыў Васілій Касцень. — Гаспадыня Жанна Яўгеньеўна — лабарант, мужчыны — механізатары. Любоў да тэхнікі хлопцам перадалася з генамі. Бацька з дзяцінства прывучаў сыноў да работы. І яны ўмеюць, здаецца, усё, любяць вясковае жыццё. Максім служыў у роце ганаровай варты пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Быў на добрым рахунку. Яму прапаноўвалі прадоўжыць службу, але вярнуўся ў Кураполле. І ў раёне запрашалі ў розныя сілавыя структуры, ды вясковаму хлопцу бліжэй праца на зямлі. Я як кіраўнік гаспадаркі бязмежна ўдзячны Адынцам за вернасць хлебаробскай справе. Там, дзе яны працуюць, заўсёды парадак.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.