Зноў «гуў» СТК «Азёркі»
З суботы на нядзелю тут праходзіў оўпэн-эйр «Паветра»
Сваю прапіску ў маляўнічым урочышчы возера Бе-лае маладзёжны фестываль атрымаў летась. Сёлета ён зноў сабраў пад зорным жнівеньскім небам аматараў электроннай танцавальнай музыкі. Мерапрыемства доўжылася паўсутак — з 16 гадзін суботы да 4 гадзін нядзелі. Распачалі яго спартыўныя спаборніцтвы па футболе і пляжным валейболе. Паўдзельнічаць у іх маглі ўсе ахвотныя. У майстэрстве валодаць футбольным мячом не было роўных камандзе «Калумбійцы». Сярод валейбалістаў першае месца занялі Віталій Варанец, Дзмітрый Аксёненка і Аляксандр Ермалаеў. Пераможцы ўзнагароджаны медалямі і сертыфікатамі на трохгадзіннае наведванне модульнай лазні, якая нядаўна адкрылася на спартыўна-турыстычным комплексе. Каманды-прызёры заахвочаны сертыфікатамі на суму 40 і 30 рублёў.
Меламанаў чакалі дзве танцпляцоўкі. Забаўляльную праграму для іх падрыхтавалі дзіджэі з Мінска, Гомеля, Наваполацка і Пастаў. Ахаладжальныя напіткі, каву, бургеры, шашлык і многае іншае можна было пакаштаваць на фуд-корце. Разнастайныя міксы прапаноўваў кальян-бар.