Состоялась IX районная отчётно-выборная профсоюзная конференция работников агропромышленного комплекса

Общество

Экзамен на давер вытрыманы

Адбылася IX раённая справаздачна-выбарная прафсаюзная канферэнцыя работнікаў аграпрамысловага комплексу. Яе ўдзельнікі заслухалі і абмеркавалі даклад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксея Філімонава аб рабоце раённай арганізацыі за апошнія пяць гадоў.

Раённая прафсаюзная арга-нізацыя аб’ядноўвае 24 пярвічкі. У іх налічваецца 3284 члены прафсаюза, з якіх 2524 — працаздольныя, 465 — навучэнцы і 295 непрацуючых пенсіянерў. У справаздачным перыядзе 4 пярвічкі (СВК «Андроны», ААТ «Блакітныя азёры-агра», «Парыж-агра» і «Вярэнькі-агра») рэарганізаваны ў сувязі з аб’яднаннем гаспадарак. Створаны 3 (СФГ «Жалу-дзяк», ТАА «Славінпрадукт» і філіял «Свінакомплекс «Дунілавічы» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў»), якія аб’ядноўваюць 70 членаў прафсаюза. На пастаянным кантролі райкама прафсаюза знаходзяцца пытанні, якія датычацца працоўнага заканадаўства, аховы працы, арганізацыі аздараўлення дзяцей, культурна-масавай работы, рэалізацыі дырэктыў Прэзідэнта Беларусі, і іншыя. Клопат пра людзей — агульная справа ўлады і прафсаюзаў.

Аляксей Філімонаў адзначыў плённую работу прафкамаў ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Сцяг Перамогі-агра», АБП «Рассвет Пастаўскі», СП «Дунілавічы-агра» і іншых. Нягледзячы на эканамічныя, фінансавыя, сацыяльныя цяжкасці, большасць прафка­мітэтаў змаглі стаць для членаў прафсаюза надзейнай апорай і абаронцай іх інтарэсаў. Для рэгулявання працоўных і сацыяльна-эканамічных адносін паміж наймальнікамі і работнікамі ў арганізацыях раёна на 1 ліпеня бягучага года дзейнічалі 22 калектыўныя дагаворы і 1 пагадненне, заключанае паміж адміністрацыяй Пастаўскага дзяржаўнага каледжа і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй навучэнцаў.

Прафсаюзы трымаюць на кантролі тэрміны выплаты заработнай платы работнікам. На працягу справаздачнага перыяду райкам прафсаюза праводзіў маніторынг арганізацый па пытаннях захавання наймальнікамі заканадаўства аб працы, абароны працоўных, сацыяльна-эканамічных і законных інтарэсаў членаў прафсаюза. Ёсць нямала станоўчых прыкладаў па стварэнні здаровых і бяспечных умоў працы. У гэтым плане дакладчык адзначыў аграбудаўнічае прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі», ААТ «Хацілы-агра», рыбгас «Навінкі», філіял «Пастаўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» і іншыя. Разам з тым на шэраг пытанняў, якія датычаць аховы працы, трэба звяртаць больш пільную ўвагу.

Прафсаюзныя арганізацыі ўсіх узроўняў прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні сельскагаспадарчых кампаній. Сумесна з гаспадарчымі органамі распрацаваны ўмовы спаборніцтва, згодна з якімі прадугле­джаны меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання. Перад пачаткам сельскагаспадарчых работ разам з наймальнікамі праводзяцца сходы, на якіх абмяркоўваюцца пытанні аплаты працы, стварэння яе бяспечных умоў, арганізацыі гарачага харчавання, забеспячэння спецадзеннем, медыцынскімі аптэчкамі.

На ўзроўні раёна і ў саміх гаспадарках арганізавана штодзённае падвядзенне вынікаў работы ў перыяд пасяўной кампаніі, нарыхтоўкі кармоў, жніва. Найлепшыя работнікі ўзнагароджваюцца граматамі, атрымліваюць падзячныя пісь­мы, грашовыя выплаты, каштоўныя падарункі. Не застаюцца без увагі прафсаюза і аператары машыннага даення кароў, даглядчыкі жывёлы, загадчыкі ферм. У зімова-стойлавы перыяд штогод праходзіць акцыя «Наш жывёлавод». Падчас яе заахвочваюцца найбольш старанныя работнікі.

У сельскагаспадарчай вытворчасці вострым застаецца пытанне забеспячэння кадрамі. У сувязі з гэтым прынята галіновае тарыфнае пагадненне тэрмінам на 3 гады, якое накіравана на паляпшэнне сацыяльнага становішча моладзі. Так, пры прыёме на работу маладога спецыяліста з ім па жаданні можа быць заключаны кантракт, згодна з якім тарыфная стаўка павышаецца на 50%, ён мае дадатковы водпуск не менш за 5 каляндарных дзён.

— Для замацавання кадраў на сяле многія пытанні неабходна вырашаць у комплексе, — гаварыў Аляксей Філімонаў. — Гэта забеспячэнне жыллём, стварэнне сацыяльна-бытавых умоў, арганізацыя адпачынку і іншае. Прафсаюзныя камітэты павінны прымаць актыўны ўдзел у стварэнні кадравага патэнцыялу, працаваць з рэзервам кадраў, прыцягваць моладзь да работы ў прафсаюзах, узаемадзейнічаць з іншымі грамадскімі арганізацыямі. З мэтай  папулярызацыі сельскагападарчай працы разам з райкамам БРСМ рэгулярна ладзіцца конкурс «Майстры вёскі».

Не забывае прафсаюз і сваіх ветэранаў. Стала добрай традыцыяй іх ушаноўванне напярэдадні дзяржаўных свят, Дня пажылых людзей, віншаванне з юбілейнымі днямі нараджэння. Прафсаюзныя арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях «Прафсаюзы — дзецям», «Збяром партфель у школу» і іншых. У ходзе іх аказваецца дапамога членам прафсаюза ў набыцці школьных прылад, спартыўнай і школьнай формы для дзяцей. Арганізуецца і трымаецца на кантролі аздараўленне дзяцей членаў прафсаюза ў летніх лагерах.

— У нашай рабоце, як і ў любой іншай, узнікаюць праблемы і цяжкасці. Многае трэба зрабіць па ўмацаванні ролі прафсаюзных органаў, стварэнні абстаноўкі прынцыповасці, патрабавальнасці пры вырашэнні на­дзённых пытанняў. Але ў нас ёсць надзейны актыў, які аказвае рознага роду дапамогу і мне, і іншым членам райкама прафсаюза. Разам мы здольныя на многія добрыя справы, — зазначыў выступоўца.

У завяршэнне канферэнцыі адбыліся выбары старшыні райкама прафсаюза. Аляксей Філімонаў экзамен на давер вытрымаў, а таму зноў аднагалосна быў абраны на гэту пасаду. Віншуем!

  Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.