Студенты-архитекторы снова собрались в Лынтупах на летнюю практику

Образование

Непаўторна! Незабыўна!

А яшчэ — творча, пазнавальна, каларытна… Як толькі студэнты-архітэктары ні апісвалі мне сваю летнюю практыку ў Лынтупах! Трэці год запар яна праводзілася на базе мясцовага культурнага цэнтра «Культыватар». Як і раней, моладзь паспела ўсё: і новыя веды атрымаць, і на экскурсіях пабываць, і песні ля вогнішча паспяваць.

Летнік праходзіў з 7 па 17 ліпеня. У Лынтупы прыехалі 17 студэнтаў першага, другога і трэцяга курсаў БНТУ, а таксама іх «калега» з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Прычым прыехалі найлепшыя: ахвотных трапіць на выязную практыку было значна больш, чым месцаў, таму зноў давялося рабіць адбор.

Правядзенне практыкі далёка за межамі студэнцкіх аўдыторый стала магчымым дзякуючы плённаму супрацоўніцтву Лынтупскага культурнага цэнтра «Культыватар», Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў.

— Штогод агульная канцэпцыя летніка не мяняецца: ён ладзіцца, каб навучыць студэнтаў азам рэстаўрацыі, пазнаёміць іх з архітэктурнай і гістарычнай спадчынай Лынтупшчыны, — адзначыў кіраўнік практыкі, выкладчык архітэктурнага факультэта БНТУ Раман Забела. — Таксама імкнёмся папулярызаваць гэты рэгіён і зрабіць штосьці карыснае для яго развіцця. Летась, напрыклад, мы добраўпарадкавалі закінутае вайсковае пахаванне часоў Першай сусветнай вайны. Сёлета займаліся абуладкаваннем суседняга з «Культыватарам» будынка, у якім у недалёкай будучыні плануем зрабіць пакоі для начлегу.

Перад студэнтамі кожнага курса на гэтыя дзесяць дзён былі пастаўлены свае задачы. Адны выконвалі абмеры гістарычных будынкаў на цэнтральнай плошчы, іншыя знаёміліся з архітэктурай, рабілі замалёўкі. Для ўсіх  была падрыхтавана насычаная адукацыйная праграма з разнастайнымі па тэматыцы лекцыямі.

У якасці выкладчыка выступіў не толькі Раман Забела, але і сам дырэктар «Культыватара» — найвопытнейшы архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік, архітэктар і кераміст Дар’я Мандзік і іншыя спецыялісты. Таксама быў праведзены семінар з прадстаўнікамі кампаніі «Десятка­Строй-плюс» і інтэрнэт-магазіна StroyBaza, якія з’яўляюцца партнёрамі «Культыватара» і аказваюць яму пастаянную падтрымку ў выглядзе інструментаў і будматэрыялаў.

Ад лынтупскага краязнаўцы Алеся Гарбуля студэнты даведаліся нямала мясцовых легенд і паданняў. Чакалі іх і захапляльныя экскурсіі на Блакітныя азёры і ў пасёлак Камарова. Транспартныя і іншыя пытанні дапамагла вырашыць лынтупская школа — за гэта Раман Забела выказвае асаблівыя словы ўдзячнасці дырэктару Наталлі Кузьміновай і яе намесніку па гаспадарчай частцы Жанне Вашкінель.

 

Тут ловіш кайф ад любой дробязі, забываеш пра інтэрнэт і сацыяльныя сеткі і проста адпачываеш душой.

 

Сёлета падрыхтоўка да летніка прайшла ў крыху змененым фармаце: шмат арганізацыйных і бытавых пытанняў вырашалі самі студэнты.

— Ёсць у нас і электрапліта, і электрачайнік, але, па праўдзе кажучы, мы яшчэ ні разу імі не карысталіся. Хочацца быць бліжэй да прыроды, — усміхаецца першакурсніца Марыя Некрашэвіч, седзячы разам з іншымі юнакамі і дзяўчатамі каля вогнішча, на якім толькі што быў прыгатаваны абед. — Гэта ж такая асалода — з гарадскога жалезабетоннага мурашніка вырвацца на прастор! Не перастаю здзіўляцца, як запаволена тут ідзе час. На практыцы ловіш кайф ад любой дробязі, забываеш пра інтэрнэт і сацыяльныя сеткі і проста адпачываеш душой.

Тым не менш студэнты прызнаюцца, што часам не выпускаюць тэлефон з рук. Проста ім пастаянна хочацца фатаграфаваць. Хтосьці нават рэкорд паставіў: зрабіў 800(!) фота за два дні. І ў гэтым няма нічога дзіўнага: на летніку бясконца нешта адбывалася, прырода і мясцовая архітэктура таксама вартыя ўвагі.

Усе здымкі спатрэбяцца падчас абароны практыкі ва ўніверсітэце. І не толькі. Летась студэнты Вольга Ляшчына і Андрэй Шаблінскі на аснове матэрыялу пра архітэктурныя летнікі БНТУ, у тым ліку ў Лынтупах, падрыхтавалі праект-прэзентацыю і з ёй перамаглі на рэспубліканскім этапе конкурсу «Валанцёр года».

17 ліпеня будучыя архітэктары раз’ехаліся па дамах — у Мінск, Маладзечна, Наваполацк, Клімавічы… Але ўжо атрымалі запрашэнне ў хуткім часе вярнуцца ў Лынтупы. Напрыканцы жніўня пры падтрымцы «Культыватара» будуць ладзіцца пленэр і фестываль эксперыментальнай керамікі «Дым». Падрыхтоўка да гэтага маштабнага творчага мерапрыемства ў самым разгары.

Іна Мікус
Фота Кацярыны Агароднік і з архіва студэнтаў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.