«Тяжело вспоминать о войне…» Бывший узник фашизма Феофания Соболь

75 лет освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков Личности

На роднай зямлі, сярод сваіх людзей

«Загляніце калі-небудзь у Мястэчка да Феафаніі Іосіфаўны Собаль, — параіў старшыня Юнькаўскага сельскага Савета Вячаслаў Врублеўскі.  —  Яна — былы вязень фашызму. Шмат памятае з тых часоў, цікава расказвае».

І вось падыходжу да названага дома. Усяго дзевяць раніцы, а на ганку стаіць вядзерца ярка-чырвоных падасінавікаў. Як апантаная аматарка ціхага палявання не зводжу зайздросных вачэй з лясных трафеяў.

— Ну вось і вер людзям. Сцвярджаюць, што грыбы яшчэ не пайшлі, — звяртаюся да гаспадыні.

— Дык гэта ж яшчэ першыя, — адказвае. — Я тут кожную сцежачку ведаю. Як жа люблю іх збіраць! У грыбы і па тры разы на дзень хадзіла б, ды ногі баляць. Яно і не дзіўна: мне ўжо 87.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, жанчына яшчэ даволі актыўная фізічна і памяць мае добрую. Асабліва цяжкія старонкі яе жыцця — ваеннае ліхалецце.

— Калі ў кастрычніку 1943-га немцы ішлі блакадай, то абмінулі наша Мястэчка, — расказвала Іосіфаўна. — Але за паўтара кіламетра ад вёскі натрапілі на партызанскія акопы. 15 партызан тады ўзарвалі сябе. А захопнікі вярнуліся ў Мястэчка, загадалі жыхарам запрагаць коней у павозкі, прывязваць да іх кароў і пагналі ўсіх у Бервякова.

Пераначаваўшы пад вартай у гэтай вёсцы, назаўтра людзі ўбачылі ў небе зарыва і зразумелі, што гарыць роднае Мястэчка. А іх выстраілі ў дзве шарэнгі і наставілі кулямёты. Лічаныя хві­ліны аддзялялі ад смерці бязвінных нявольнікаў. І ўсё ж ім было наканавана жыць. Прыехала нейкае вышэйшае нямецкае начальства і скамандавала гнаць людзей далей — на чыгуначную станцыю ў Лынтупы, а адтуль вывозіць на прымусовыя работы ў Германію. Па дарозе адсартавалі: частку адпусцілі, а маладзейшых ды дужэйшых пагрузілі ў таварнякі.

Спачатку Фаня з бацькамі трапіла ў лагер Дахау. «Пастаянна хацелася есці, — успамінае. — Кармілі горш, чым свіней. — У баландзе нават чарвякі плавалі. — Мы ездзілі ўбіраць буракі, бручку, дык там хоць кавалачак хлеба і чай з сахарынам давалі. Паварыхай была балгарка, старалася нас падтрымліваць. А жабраваць не дазвалялася. За гэта жорстка каралі не толькі нявольнікаў, але і немцаў, хто спрабаваў штосьці даць. Былі сярод іх і спагадныя. Іншы раз непрыкметна кідалі на зямлю, нібыта гублялі, свае харчовыя картачкі, падабраўшы якія, мы маглі, напрыклад, купіць булачку.

З Дахау многія сем’і, у якіх былі дзеці, размеркавалі гаспадарам. Фанін бацька трапіў да аднаго, яна з маці — да іншага, які служыў у жандармерыі. Дзяўчынка разносіла па адрасах яго паведамленні, хадзіла ў магазіны, аптэку, выконвала іншыя даручэнні. За дзень не магла адпачыць ні хвілінкі. «Прыслу­гоўваць заўсёды цяжка, а ворагу — удвайне, — уздыхае жанчына. — Нацярпеліся гора».

Іх вызвалілі амерыканскія войскі і перадалі савецкім. Жылі ў казармах, якія размяшчаліся ўсяго за чвэрць кіламетра ад Альпаў. У гарах хаваліся гітлераўцы і ў любы момант маглі напасці. Таму казармы ахоўваліся вайскоўцамі. А колькі вязняў фашысты знішчылі! Феафаніі навечна ўрэзаўся ў памяць такі эпізод. Роўнае, прыгожае поле, засеянае аўсом. Рунь узнялася сантыметраў на 20. Ніхто з вызваліцеляў не мог і здагадацца, што пад ёй 12 магіл ваеннапалонных — рускіх, французаў, палякаў. Падказаў немец. Толькі з адной савецкія воіны дасталі і перахавалі 750 трупаў. Не меншая іх колькасць была і ў іншых. Усіх загінулых перахавалі.

У родную вёску сям’я вярнулася праз два гады, позняй восенню. І не пазнала яе. Уцалела толькі адна хата. На месцы астатніх — зямлянкі і іншыя прымітыўныя часовыя збудаванні.

— Абжываліся вельмі цяжка, — успамінае. — Але якія дружныя і спагадныя былі людзі! Дзяліліся бульбінай, кавалачкам хлеба, кубкам малака. Памятаю, адна жанчына дала маме заквашанага бацвіння. Зварылі яго на голай вадзе, толькі солі дабавілі. На той час здавалася, што нічога смачнейшага не ела. Адзін за адным заходзілі жабракі, і ім штосьці людзі давалі. Бо ў некаторых, каго не вывезлі ў Нямеччыну, засталіся каровы, авечкі, было штосьці пасеяна. Яны і ратавалі іншых ад голаду.

Зараз хапае ўсяго. Праўда, дабрыні і сардэчнасці ў грамадстве, на жаль, паменела. Але Феафанія Іосіфаўна ўсё роўна шчаслівая тым, што жыве на роднай зямлі і сярод сваіх лю­дзей. Яе стрыечны брат застаўся пасля вайны ў Англіі. Шмат гадоў таму наведаўся на Радзіму.

— Я яму так і сказала: «Ні­колькі табе не зайздрошчу. Можа, жывеш і багацей, чым мы, а ўсё роўна ты там — чужынец». А калі ў бяседзе сталі спяваць нашы, беларускія і рускія, песні, брат плакаў…

Наўкола дома Феафаніі Іосіфаўны — прасторны агарод, вялікі пладовы сад з пасекай, якую старанна даглядаюць сын з нявесткай. Тое, што пад сілу, робіць сама. «Толькі ў Дзень Перамогі, як і ў вялікія рэлігійныя святы, за работу не бяруся, — прызнаецца. — А кіно ці якія перадачы пра вайну глядзець не магу — вельмі балюча…»

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.