В конце мая в жилом доме по адресу Юдбилейная, 4 начался капитальный ремонт

Общество

Зробяць капітальна

Новыя адмостка, ганкі, дах, пластыкавыя вокны ў пад’ездах і падвалах — вось далёка не поўны пералік архітэктурна-будаўнічых рашэнняў, якія ўпрыгожаць жылы дом №4 па вуліцы Юбілейнай пасля капітальнага рамонту. Распачаўся ён у канцы мая і хутка павінен завяршыцца.

На аднаўленне страчаных характарыстык дома пра-дугледжана 248 000, 062 рубля. Але, улічваючы тую акалічнасць, што рамонт пастаўскія камунальнікі выконваюць гаспадарчым спосабам (без прыцягнення падрадчыкаў), фактычныя затраты, хутчэй за ўсё, будуць меншымі. Сваю ролю, у тым ліку, адыграюць і тыя факты, што УП ЖКГ не будзе налічваць планавы прыбытак, а кошт набытых для капрамонту матэрыялаў можа быць ніжэйшы, чым па рэспубліцы.

Як і многія жыхары мікрараёна, гляджу на дом і не магу налюбавацца. Шклопакеты і аконныя праёмы выглядаюць як ідэальная пара: няма зазораў, якасна зроблены адкосы. Новыя вокны надаюць жылому дому не толькі эстэтычны выгляд, але і з’яўляюцца энерга­эфектыўнымі, паколькі забяспечваюць памяшканню цепла- і шумаізаляцыю, не схільныя да гніення ў адрозненне ад драўляных. Тое самае можна сказаць і пра металічныя дзверы, якія з’явіліся на ўваходзе ў падвалы і цеплавузел. Адмостку з асфальтабетонным пакрыццём змяніла бетонная. На гэтым тыдні работнікі УП ЖКГ мянялі ў падвале інжынерныя сеткі, «апраналі» дах пяціпавярхоўкі ў мяккае пакрыццё.


Сёлета на Пастаўшчыне на капітальны рамонт пастаўлены 6 дамоў у райцэнтры і 2 у сельскай мясцовасці. План фінансавання складае 1  027 281,46 рубля, з іх 442 000 — сродкі раённага бюджэту, астатнія — адлічэнні грамадзян. За 6 месяцаў бягучага года на капрамонце жылля асвоена
274 125 рублёў.


Капрамонт дома пачынаецца з распрацоўкі праекта. Ён свайго роду даведнік для будаўнікоў, які і вызначае канчатковы вынік. Згодна з праектам, на аб’екце адрамантуюць казыркі лоджый, ганкі, адлівы, люкі ў лесвічных перакрыццях і выхадаў на дах. Дзверы ў тамбурах, якія не выкарыстоўваюцца, разбяруць, а праёмы закладуць блокамі з ячэістага бетону. Потым на іх нанясуць мінеральную тынкоўку. Дзякуючы пафарбоўцы эмаллю існуючыя ўваходныя металічныя дзверы ў пад’езды заб­лішчаць як новенькія. Будуць выкананы іншыя работы. Аднак, як высветлілася, такія пераўтварэнні задавальняюць не ўсіх: капітальны рамонт не паспеў завяршыцца, а скаргі на яго выкананне ўжо паступаюць. У прыватнасці, жыльцы дома наракаюць на тое, што камунальнікі не прадугледзелі рамонт існуючых элементаў добраўпарадкавання — абуладкаванне пешаходных дарожак уздоўж дома і дваровых праездаў.

— Справа ў тым, што на момант распрацоўкі і экспертызы праекта дзейнічала пастанова Савета Міністраў №324 ад 21 красавіка 2016 года, якая рэгламентавала парадак планавання, правя­дзення і фінансавання капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Змены ў дакумент унесены пастановай Саўміна №39 ад 21 сту­дзеня 2019 года. У прыватнасці, новай рэдакцыяй прадугледжана не толькі аднаўленне пашко­джаных пры добраўпарадкаванні элементаў, як гэта было раней, але і іх рамонт. Зараз унесці змены ў праект мы не можам, — тлумачыў начальнік сектара капітальнага будаўніцтва УП ЖКГ Аляксандр Ермалаеў.

Сярод іншых цікавых (і многімі вельмі жаданых) новаўвядзенняў — уключэнне цеплаізаляцыі фасадаў у спіс работ, прадугле­джаных капрамонтам. Праўда, тэрмашубай будынак абшыюць толькі ў тым выпадку, калі пры дадатковым абследаванні дома ўстановяць такую неабходнасць, якую да таго ж трэба бу­дзе ўзгадняць у аблвыканкаме.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.