В рамках специального комплексного мероприятия «Быт» милиционеры и члены рабочих групп посетили 15 адресов

Важное Общество

Каб не дапусціць трагедыі

У Беларусі з 29 ліпеня па 3 жніўня праходзіла спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Быт». У яго рамках міліцыянеры і члены рабочых груп правялі шэраг прафілактычных мерапрыемстваў, каб папярэдзіць здзяйсненне злачынстваў і правапарушэнняў у сем’ях.

Найшла каса на камень

«Прывітанне! Ну што, будзем канцэрт глядзець?» — бадзёра звяртаецца да свайго знаёмага адзін з запрошаных на пася­джэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, увахо­дзячы ў актавую залу РАУС. І не памыліўся. Прычым «канцэрт» адбыўся для двух бакоў. Часам ад бязглуздзіцы апраўданняў сямейных дэбашыраў немагчыма было стрымаць смех. Хоць бы такі дыялог:

— Пазначана, што днямі ты паступіў у бальніцу з траўмай. Раскажы, што адбылося, — просіць начальнік міліцыі грамадскай бяспекі РАУС Аляксандр Мядзелка.

— Мужык, ну… сусед, адхадзіў рыдлёўкай па руцэ.

— За што?

— Я ішоў у госці да дзяўчыны і папрасіў дазволу нарваць кветак у яго агародчыку. Не руж, а так… А ён, як я потым даведаўся, неадэкватны, стаў крычаць: «Я цябе зараз застрэлю!». Пайшоў у гараж і вынес з яго рыдлёўку.

А «галантны» кавалер увесь гэты час не страчваў надзеі, што яму дазволяць нарваць букет.

Вось яшчэ адзін прыклад. У 47-гадовага мужчыны — другі канфлікт з жонкай за непрацяглы час. Да гэтага быў некалькі месяцаў на заробках пад Мін­скам, вярнуўся з 400 рублямі на банкаўскай картачцы. Зрэшты, апошнія гады ён толькі і пера­біваецца падпрацоўкамі, па гаспадарцы жонцы не дапамагае. Свае агрэсіўныя паводзіны і адсутнасць абавязацельстваў перад сям’ёй тлумачыць так:

— У мяне не было запланавана з ёй сварыцца, цвярозы я з ёй увогуле не лаюся. А тут захварэў, выпіў гарэлкі з перцам, крыху перабраў. «Лячэнне» не дапамагло. А што вады не прынёс у хату… Дык заўтра прынясу і дроў нашчапаю.

Праўда, пакуль (прычым даволі працяглы час) усё гэта толькі ў планах.

Калі падагульніць, то канфлікты на сямейна-бытавой глебе здараюцца з дзецьмі, жонкамі, бацькамі, братамі, сёстрамі, сужыцелямі — з тымі, з кім жывуць скандалісты пад адным дахам. Прычыны сварак розныя, але ўсе яны «падагрэтыя» ўжытым алкаголем і, на жаль, не заўсёды заканчваюцца слоўнымі дуэлямі. Падчас пасяджэння не толькі былі заслуханы жыццёвыя гісторыі запрошаных, але і тлумачыліся заканадаўчыя нормы, даваліся слушныя парады.

Гора-маці

Сем’і з непаўналетнімі дзець­мі, у якіх бацькі злоўжываюць спіртным ці зафіксавана насілле, а таксама асоб, якія здзейснілі правапарушэнні ў бытавой сферы і знаходзяцца на ўліку РАУС, наведалі спецыялісты падчас рэйду. У рабочую групу ўвайшлі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч, вядучы спецыяліст аддзела аховы правапарадку РАУС Ірына Сарычава і сацыяльны педагог аддзела прафілактыкі сацыяльнага недабрабыту і сацыяльнага сіроцтва СПЦ раёна Марына Танона. У полі іх зроку апынуліся асобныя жыхары вёсак Груздава і Ажарцы.

Заходзім у першую хату. У ёй месяц назад пасялілася жанчына з траімі дзеткамі і сужыцелем. Навесці парадак у панадворку, падключыць газ і набыць паліва яны пакуль што не змаглі. Ежа гатуецца на аднаканфорачнай электраплітцы, у халадзільніку мінімальны запас прадуктаў. Адным словам, гаспадыня жыве, не задумваючыся ні пра што, ды і не дзіўна: для яе гэта ўжо 21-е месца жыхарства за апошнія гады.

 

Яшчэ адна мнагадзетная маці сустракае нас з цыгарэтай у зубах у акружэнні траіх малых. Усё б нічога, але яна знаходзіцца на апош­нім месяцы чарговай цяжарнасці. «Я курыла, і калі выношвала папярэдніх дзяцей, і нічога», — парыруе заўвагу візіцёраў. Што і казаць — жалезны аргумент. Толькі каб разумець, наколькі ён бязглузды, не трэба нават мець медыцынскую адукацыю. Прыгатаванай ежы ў хаце няма, бо, са слоў маці, малыя толькі вярнуліся ад бабулі, а яна нічога есці не можа — пякотка. Атрымліваецца, што маленькі чалавечак знаходзіцца на тытунёвай «дыеце». Як так можна не любіць сваю крывінку?

Наступная маладая жанчына часова жыве ў хаце сваёй матулі, куды з дваімі дзецьмі перабралася пасля скандалу з мужам. У памяшканні стаіць такі «водар», што цягне ванітаваць. Паўсюль мухі. Процьма іх і ў пакоі, дзе жанчына ўкладвае спаць сваіх дзяцей. Насякомыя гудуць пад столлю, поўзаюць па малых, а яны нават не рэагуюць на іх.

 

У той дзень спецыялісты наведалі 15 адрасоў. Па некаторых сітуацыя амаль аналагічная, дзесьці ўсё больш-менш добра, дзесьці дзвярэй нам не адчынілі. Апагеем рэйду стала «падарожжа» ў Лучай. Тут зафіксаваны сямейны скандал. Гісторыя наступная. Жанчына два дні п’янствавала з сяброўкай, а калі нарэшце з’явілася дадому, пасварылася з мужам, пабіла тэлевізар і зноў сышла. А між тым месяц таму яна нарадзіла немаўля, якое з дыягназам «алкагольны і тытунёвы сіндром» зараз знаходзіцца ў абласной бальніцы. Дзіця да гэтага часу не зарэгістравана, бо ў маці скончыўся тэрмін дзеяння пашпарту, а пасведчанне аб шлюбе яна парвала ў першы ж дзень пасля вяселля. Мяркуючы па ўсім, дзіцячая калыска, якая да гэтага часу стаіць у кватэры сужэнцаў незасланая, так і не дачакаецца свайго маленькага гаспадара…

Высновы рабіце самі.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.