Впервые за 55 лет. Летом в столовой профтехколледжа сделали ремонт

Образование

Работа кіпела ўсё лета

Летам у сталовай прафтэхкаледжа было не менш шумна, чым падчас навучальнага года. Тут устанаўлівалі новыя вокны і выцяжкі, цалкам мянялі электрыку і водаправодную сістэму, завозілі сучасную тэхніку.

Будынак, якому 55 гадоў, такога рамонту яшчэ не ведаў. У тым, што ён своечасовы, сумненняў няма: і абсталяванне састарэла, і знешні выгляд памяшкання даўно «знасіўся».

— Прыйдуць навучэнцы — сваю сталовую не пазнаюць, — задаволена ўсміхаецца повар Наталля Чыпко. — Для мяне асаблівы гонар — новая лінія раздачы. Яна механізаваная, настолькі зручная, сучасная, што пра такую раней маглі толькі марыць. Усё ж старая лінія не мянялася з моманту адкрыцця сталовай. А тэхніка за гэты час зра­біла неймаверны крок наперад.

Наталля Аляксандраўна паказвае і яшчэ некалькі высокатэхналагічных пакупак — вялізную электрапатэльню і параканвектамат. Гэта сучаснае ўстройства ўяўляе сабой шматфункцыянальную печ, дзе адначасова можна жарыць, тушыць, выпякаць, варыць на пары вялікую колькасць страў і не хвалявацца за іх смакавыя якасці. Параканвектамат лёгка праграмуецца, а галоўнае — па максімуму захоўвае пажыўную каштоўнасць прадуктаў. Да таго ж ён займае мала месца і істотна эканоміць электраэнергію.

Карыстацца новым абсталяваннем змогуць і навучэнцы поварскіх спецыяльнасцей, якія штогод прыходзяць у сталовую на практыку.

— Яшчэ адзін параканвектамат, толькі меншы, мы сёлета купілі і ў майстэрню повараў, — расказаў Сяргей Герасіменка. — Таксама там з’явіліся новая індукцыйная пліта, узбівальная машына, патэльня. Усяго на майстэрню зрасходавалі 15 000 рублёў. Цяпер за яе не сорамна.

Сяргей Мікалаевіч таксама падкрэсліў, што далёка не ўсё задуманае ажыццёўлена і ёсць яшчэ шмат планаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі каледжа, па рамонце ў майстэрнях, вучэбных кабінетах.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.