1 сентября — День работников газовой и топливной промышленности

Общество

Стратэгія іх работы – бяспека кліента

Зона абслугоўвання пашыраецца

Да Івана Патаровіча, Васілія Данілава, Станіслава Кутуця, Анатолія Вяршылы і яшчэ больш чым дзясятка гаспадароў уласных дамоў у г. п. Лынтупы сёлета нарэшце прыйшоў прыродны газ. Работы на адлегласці 14 кіламетраў правёў Белгазбуд. Пастаўскі раён газазабеспячэння ВУ «Глыбокаегаз» узяў на абслугоўванне. Газіфікацыя гарпасёлка прадаўжаецца.

Больш надзейным стала забеспячэнне газам жыхароў вуліц Будаўнікоў, Лясной, Багдановіча ў райцэнтры і прылеглых да іх. У той час, калі мікрараён толькі пачынаў забудоўвацца, тут быў устаноўлены адзін шафны газарэгулятарны пункт. У сувязі з расшырэннем мікрараёна давялося дадаткова ўстанавіць яшчэ адзін. Цяпер дзве ўстаноўкі закальцаваны паміж сабой. Гэта значна палепшыла работу газавага абсталявання.

Завяршаецца работа над праектам газіфікацыі вуліц Чыгуначнай і Максіма Горкага ў Паставах.

Паралельна з выкананнем вытворчых задач калектыў райгазу вядзе добраўпарадкаванне тэрыторыі каля адміністрацыйнага будынка. Завершаны рамонт у кабінетах і майстэрнях установы.

Работнікі прымаюць актыўны ўдзел у розных спартыўных спаборніцтвах і культурна-масавых мерапрыемствах. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці прадпрыемства ўчора паспяхова выступілі на ўрачыстым сходзе, прысвечаным прафесійнаму святу, заўтра вакальна-інструментальная рок-група «Высокое давление» прыме ўдзел у абласным конкурсе сярод прадпрыемстваў «Віцебскаблгаз».

Прыступка для кар’ернага росту

Калектыў Пастаўскага раёна газазабеспячэння пастаянна абнаўляецца і амаладжваецца. За апошні год, напрыклад, памяняліся тры галоўныя інжынеры — пайшлі ўверх па кар’ернай лес­віцы: пастаўчанін Аляксандр Таразевіч заняў пасаду начальніка Сенненскана раёна газазабеспячэння, Антон Красоўскі пераведзены ў абласное ўпраўленне «Энергагазанагляд». Нядаўна да выканання сваіх прафесійных абавязкаў прыступіў Яўгеній Кашыцкі, якога перавялі ў Паставы з Дубровенскага раёна.

— Мы рады росту кадраў, пэўны этап працоўнай дзейнасці якіх прайшоў у нашым калектыве, — гаварыў начальнік Пастаўскага раёна газазабеспячэння Мікалай Жданковіч. — Канешне, ёсць і свае мінусы: новага чалавека трэба ўводзіць у курс справы, вучыць. Толькі асвоіцца — перавод на павышэнне. А ўвогуле ўсе нашы спецыялісты — прафесіяналы. Напярэдадні Дня работнікаў газавай і нафтавай прамысловасці заахвочаны слесары Часлаў Бялабка, Аляксей Казелька, вадзіцелі Ула­дзімір Гінько, Яўгеній Пурлан. Фотаздымкі кантралёра Галіны Юрынай і слесара Мікалая Курыловіча будуць занесены на Дошку гонару прадпрыемства. Толькі з самага лепшага боку магу ахарактарызаваць вадзіцеляў Ігара Скарахода, Алега Бялевіча, слесараў Сяргея Александровіча, Аляксандра Папова і многіх іншых. Віншую са святам паважаных ветэранаў!

150 званкоў за змену

У кабінеце аварыйна-дыспетчарскай службы знаходзіцца 8 тэлефонаў. Па нумары 162 паступаюць заяўкі на дастаўку газу ў балонах, рамонт газавых пліт. Нумар 104 — аварыйна служба. Ёсць тэлефон прамой сувязі з аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Званкі паступаюць практычна без перапынку. Прыёмшчык заявак Вераніка Сіланава толькі паспявае іх рэгістраваць, адказваць на пытанні, адпраўляць на выклікі экіпаж аварыйна-тэхнічнай машыны. А яшчэ сочыць за маніторамі камп’ютара, на якіх адлюстроўваецца ў рэальным часе становішча на 4 газаразмеркавальных і 28 шафных газарэгулятарных пунктах. З ка­бінета яна кантралюе ўсе працэсы на іх. Многае з сучаснага тэх­нічнага забеспячэння стала даступным дзякуючы клопату кіраўніцтва УП «Віцебскаблгаз».

— Кліенты трапляюцца розныя, — расказвала Вераніка. — Кожнаму трэба цярпліва і дэталёва ўсё растлумачыць, даць вычарпальны адказ, супакоіць — зрабіць так, каб абанент застаўся задаволеным.

А яшчэ Вераніка надзвычай актыўная ў грамадскім жыцці, пастаянна ўдзельнічае і перамагае ў розных спартыўных спаборніцтвах, спявае ў складзе вакальнай групы прадпрыемства.

Майстар Кацярына Марціновіч узначальвае службу «Адно акно». Часцей за ўсё сюды звяртаюцца з заявамі на газіфікацыю, устаноўку лічыльніка, замену газавага абсталявання. Тут жа вядзецца ўлік спажывання газу прамысловымі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, прыватнымі карыстальнікамі. Работнікі службы Галіна Юрына, Таццяна Куцуха, Наталля Раманенка, Кацярына Дубоўская — кампетэнтныя ва ўсіх пытаннях.

І ў самыя аддаленыя пункты

Яўгеній Пурлан — вадзіцель машыны, якая дастаўляе звадкаваны газ у балонах. У сістэме райгазу працуе больш за 30 гадоў. За гэты час вывучыў усе дарогі, добра ведае сваіх кліентаў. Большасць — гэта пажылыя адзінокія людзі, якім важна не толькі замяніць пусты балон на поўны, але і хоць крыху паспець пагутарыць з газавікамі.

— Паколькі ўсё больш населеных пунктаў газіфікуецца, рэалізацыя звадкаванага прыроднага газу значна скарацілася, — расказваў Мікалай Жданковіч. — Раней яго развозілі 7 машын-касетніц, цяпер толькі 3. Сацыяльныя праекты выконваем — дастаўляем газавыя балоны на самыя аддаленыя хутары і ў малыя населеныя пункты, такія як Пеляка, Дамуці, Каптаруны ў Лынтупскім сельсавеце, Навікі, Піскуны — у Варапаеўскім, Шчоткі — у Валкоўскім.

Навінкі ландшафтнага дызайну

Пастаўскія газавікі кожны год здзіўляюць гараджан навінкамі ландшафтнага дызайну прылеглай тэрыторыі. Сёлета па ініцыятыве бухгалтара Святланы Казелькі электрагазазваршчык Эдмунд Гуменік вырабіў парасон, элементамі дэкору яго дапоўніў токар Аляксандр Розынка. Кампазіцыю памалявалі ў колер аварыйна-тэхнічнай машыны, напоўнілі зямлёй, пасадзілі кветкі, і праз усё лета клумба такой незвычайнай формы прыцягвае ўвагу кожнага, хто праязджае па вуліцы 17 Верасня. Яшчэ адну клумбу адвялі пад вяргіні. Каб сёлетнім засушлівым летам кветкі ярка палымнелі, трэба было пастарацца. У работнікаў Пастаўскага раёна газазабеспячэння гэта атрымалася выдатна.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.