17 сентября бывшей звеньевой совхоза «Стародворский» Валентине Васильевне Рыхлицкой исполнилось 90 лет

Личности

Ох і сеяла Васільеўна лянок

Даўно гэта было. А помніцца былой звеннявой саўгаса «Старадворскі» і сёння. Пра што мы і гаварылі напярэдадні яе юбілею (17 верасня Валянціне Васільеўне Рыхліцкай споўнілася 90).

Самы прыгожы ў вёсцы Мядзелка дом. Дагле­джаныя агарод і кветнікі. Выключныя чысціня і парадак у пакоях. Прыветная гаспадыня.

— Мінулую зіму жыла ў дачкі ў Мінску, — расказвала. — Асобны пакой, тэлевізар, усе выгоды. Галя пра мяне вельмі клапацілася, тым не менш я сумавала па доме. Наступную зіму планую быць тут. Дроў хапае, тры разы на тыдзень прыходзіць сацыяльны работнік — мая Ірачка, дактары прыязджаюць. Ды і дачка, унукі не пакідаюць без увагі. Наведваюцца, дапамагаюць, кожны дзень звоняць. Іх рукамі падтрымліваецца тут парадак. У мяне ўжо, на жаль, сіл мала. Яно і не дзіўна: столькі перажыта!

У Вялікую Айчынную яе родныя Кеўлічы спалілі фашысты, пазабіралі дабро, многіх вяскоўцаў вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Валі цудам удалося пазбегнуць няволі. Але хапіла гора і на роднай зямлі — засталіся голыя, босыя, без жылля. Бацька цяжка хварэў, і яна, 15-гадовая дзяўчына, станавілася за плуг, брала ў рукі касу. А пасля вайны завербавалася на торфараспрацоўкі, што вяліся ля Свініцы. Тут і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Паўлам.

— Абое бедныя, але працавітыя, — успамінала. — Сваімі рукамі пабудавалі дом. Але якраз тым часам, калі вялі будоўлю, муж захварэў на язву і перанёс цяжкую аперацыю. То ўяўляеце, нават цэглу для печы я рабіла сама! Заводскую купілі толькі, каб выкласці з яе сярэдзіну печы і комін. Паглядзіце: мінулі дзесяцігоддзі, а печ спраўная. Усё мы нажывалі з уласнага мазаля і сына з дачкой з маленства прывучылі да працы.

Асобная старонка працоўнай біяграфіі Валянціны Васільеўны — саўгас «Старадворскі». Яна была звеннявой па вырошчванні льну і дабівалася вялікіх поспехаў. За працу атрымлівала не толькі граматы, падзякі, грашовыя прэміі. Адзначана і такімі ўзнагародамі, як медаль ВДНГ, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

— У звяно ўваходзіла 14 жанчын, усе стараліся, — узгадвае Васільеўна. — Было шмат ручной працы, і мы не шкадавалі сіл. Зімой назапашвалі кампосты: збіралі па хатах драўнінны попел, змешвалі яго з гноем і мінеральнымі ўдабрэннямі. Восенню ўручную рвалі лён, затым абмалочвалі галоўкі. Атрымлівалі добры ўраджай як ільнасемя, так і трасты. Яе здавалі на завод нумарамі 1,5, а то і 1,75. Мяне запрашалі на раённыя сходы, семінары, дзялілася вопытам з іншымі.

Былую перадавую звеннявую памятаюць у раёне. Вось і ўчора яна атрымала віншаванне з юбілеем ад раённай ветэранскай арганізацыі і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, што, безумоўна, прыемна. Але найвялікшая радасць, несумненна, ад увагі родных, якую яна адчувае не толькі ў святы, але і штодня. Ганарыцца дачкой Галінай, якая пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта больш за 40 гадоў працуе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, нявесткай Людай, унукамі Паўлам, Анастасіяй, Аляксандрам і Аляксеем, кожны з якіх таксама знайшоў годную дарогу ў жыцці. А ўнукі ў сваю чаргу не забываюць любімую бабулю, якая песціла іх малымі.

На жыццёвым календары Валянціны Васільеўны з’явілася сур’ёзная лічба — 90. Што пажадаць юбілярцы? Безумоўна, здароўя, бо толькі яго і не хапае ёй зараз.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.