2 сентября в районном центре детей и молодежи начали работу кружки и объединения по интересам

Образование

Каб адпавядаць запытам дзяцей

2 верасня гасцінна расчынілі дзверы, прымаючы вучняў, не толькі школы Пастаўшчыны. Шумна стала і ў сценах раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Насамрэч адукацыйны працэс тут не спыняўся нават летам: працягвалі працаваць многія аб’яднанні па інтарэсах, якія наведвалі не толькі юныя пастаўчане, але і дзеці, што прыехалі з іншых гарадоў на канікулы да бабуль і дзядуляў. З заканчэннем канікулаў кантынгент наведвальнікаў цэнтра змяніўся і  іх колькасць істотна павялічылася. Пра тое, як пачаўся новы навучальны год, карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава гутарыць з дырэктарам РЦДМ Леакадзіяй Пушкар.

— З мінулага панядзелка ў нас прыступілі да заняткаў пераважна дзеці, якія наведваюць цэнтр не першы год. Для тых жа, хто прыйшоў сёлета, навучальны год пачаўся 10 верасня: да гэтага часу працягваўся набор у групы першага года навучання, — расказвала Леакадзія Міхайлаўна. — Але некаторыя аб’яднанні па інтарэсах, такія як «Харэаграфія», «Ігра на гітары», былі цалкам набраны яшчэ да 1 верасня. Усе іх групы працуюць з пачатку месяца. Таксама 2 верасня пачаліся заняткі ў «Школе ранняга развіцця». Сфарміраваны тры групы: дзве — творчага развіцця асобы з 4 да 6 гадоў і адна — падрыхтоўкі да школы з 5 да 6 гадоў.

— Значыць, недахопу дзяцей у аб’яднаннях няма?

— Так, і мы рады, што інтарэс да нас не згасае. Прычым не толькі ў школьнікаў. 2 верасня па традыцыі адбыўся дзень адчыненых дзвярэй. На яго завітала шмат татаў і мам — адных, без дзяцей. Як педагог я разумею, чаму ідуць бацькі. Яны самі шукаюць занятак сваім малым, каб ахаваць іх ад негатыўнага ўплыву вуліцы, адарваць ад камп’ютара. Нямала прыйшло і дзяцей. На працягу 6 гадзін, з 12.00 да 18.00, у нас праходзілі майстар-класы, сустрэчы з педагогамі і навучэнцамі, якія шмат гадоў займаюцца ў цэнтры, былі арганізаваны экскурсіі, канцэртна-гульнёвая праграма, дэманстрацыя нашых дасягненняў і праектаў з дапамогай відэа-і слайд-фільмаў.

РЦДМ папулярны не толькі сярод вучняў малодшых і сярэдніх класаў, але і сярод старшакласнікаў. Як і ў мінулыя гады, сёлета шмат іх запісалася ў студыі ігры на гітары і творчага развіцця «Герой нашага часу», шахматны клуб, аб’яднанні «Аўтасвет» і «Мотаспорт». Ад імя адміністрацыі ўстановы, педагогаў і дзяцей хачу падзякаваць старшыні РАС ДТСААФ Валерыю Антонавічу Лушчыку за дапамогу ў арганізацыі дзейнасці двух апошніх аб’яднанняў. У гэтым годзе 6 навучэнцаў «Мотаспорту», дасягнуўшы пэўнага ўзросту, атрымалі правы катэгорыі «А» (кіраванне матацыклам). Пры гэтым навучаліся яны бясплатна.

— А колькі ўсяго аб’яднанняў і па якіх напрамках у вас працуе?

— Іх каля 80, наведваюць прыблізна 1 200 дзяцей. Дзіцячыя аб’яднанні працуюць як на базе нашага цэнтра, так і на базе многіх школ горада і раёна, у АДРАЦ «Ветразь», а з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця педагогі займаюцца дома. Мы адкрываем гурткі нават у такіх аддаленых школах, як Лынтупская. Усяго ў нас 10 профіляў: мастацкі, спартыўна-тэхнічны, турысцка-краязнаўчы, эколага-біялагічны, фізкультурна-спартыўны, сацыяльна-эканамічны, культурна-вольнага часу, ваенна-патрыятычны, прыродна-матэматычны і грамадска-гуманітарны. Найбольш папулярны ў дзяцей мастацкі профіль: у ім запатрабаваны абсалютна ўсе аб’яднанні па інтарэсах.

— Раскажыце, калі ласка, пра новыя аб’яднанні, якія адкрыліся сёлета.

— Дзякуючы таму, што галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама выдзеліла грошы, мы змаглі набыць камп’ютарны клас і адкрыць аб’яднанні «Вэб-дызайн» і «Камп’ютарная графіка» для дзяцей ад 6 да 18 гадоў. У іх, як і ў іншыя гурткі і студыі, бралі ўсіх жадаючых, склаўшы расклад заняткаў такім чынам, каб малодшыя дзеці маглі займацца раней, а старэйшыя — пазней. Увогуле, нашы аб’яднанні працуюць на працягу ўсяго тыдня: з панядзелка па нядзелю. Пераважная іх большасць — на бюджэтнай аснове. Платныя толькі «Школа ранняга развіцця» і «Харэаграфія» першага года навучання. Але плата невялікая — да 20 рублёў у месяц.

— Што вы можаце сказаць пра свой педагагічны калектыў?

— У ім 18 чалавек. Гэта з улікам адміністрацыі, метадычнай службы, педагогаў-арганізатараў і акампаніятараў. Калектыў творчы, мае багаты прафесійны вопыт. Сярод педагогаў двое нашых выпускнікоў, якія прайшлі навучанне па праграмах работы з дзецьмі ўсіх гадоў навучання — ад 6-ці да 18-ці. Усе педработнікі рэгулярна бываюць на курсах павышэння кваліфікацыі, непасрэдна ў цэнтры створана і дзейнічае метадычнае аб’яднанне педагогаў дадатковай адукацыі, якое адкрыта і для настаўнікаў школ. Мы выкарыстоўваем сучасныя інавацыйныя тэхналогіі, паколькі час не стаіць на месцы: мяняюцца дзеці, іх запыты і інтарэсы. Актыўна ўдзельнічаем у метадычных фарміраваннях вобласці і рэспублікі, ва ўсемагчымых канферэнцыях, нават па ўласнай ініцыятыве. А ўсё гэта робіцца для таго, каб адпавядаць адукацыйным запытам дзяцей, ісці ў нагу з часам.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.