22-23 сентября в Оршанском районе впервые определяли лучшего пахаря Витебщины

Образование

Паказалі, на што здольныя

22—23 верасня на Аршаншчыне ўпершыню вызначалі найлепшага аратага Віцебшчыны. За перамогу і ўнушальную грашовую прэмію спаборнічалі больш за 40 механізатараў з усіх раёнаў вобласці.

Мерапрыемства наведалі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хама і іншыя прадстаўнікі ўлады.

Дыпломы і падарункі ад арганізатараў гэтага маштабнага спаборніцтва атрымалі і пастаўчане — сапраўднымі прафесіяналамі паказалі сябе навучэнцы дзяржаўнага каледжа. У розных намінацыях яны занялі некалькі прызавых месцаў. Улічваючы, пры якой моцнай канкурэнцыі яны здабытыя, — гэта поспех.

Гонар раёна абаранялі навучэнцы Уладзіслаў Селязнёў, Валерый Адынец, Арцём Маісееў, якіх да конкурсу рыхтаваў майстар вытворчага навучання Адам Кузміч. У складзе дэлегацыі таксама былі дырэктар каледжа Сяргей Герасіменка, выкладчыкі, навучэнцы выпускных груп.

Спаборніцтвы праходзілі на палявым стане селекцыйна-гібрыднага цэнтра «Задняпроўскі» ААТ «Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў». Для кожнага ўдзельніка быў падрыхтаваны ўчастак даўжынёй 100 метраў, яго шырыня залежала ад віду ворнага агрэгата. Канкурсанты ўзорвалі іх на «Беларусе-1221», а таксама на энерганасычаных трактарах «Беларус-3522», «Кіравец» (К-744Р4), XERION 5000, CASE IH Steiger 500. Зараз гэта сапраўдныя флагманы сельскагаспадарчых аўтапаркаў. Такія магутныя і шматфункцыянальныя трактары здольныя замяняць дзве-тры машыны сярэдняга класа.

Важна было выканаць работу не толькі хутка, але і якасна — суддзі пры выстаўленні балаў улічвалі шэраг параметраў. Пастаўчанам гэта ўдалося. Ула­дзіслаў Селязнёў і Валерый Адынец, якія селі за руль трактароў «Беларус-1221» і «Беларус-3522» адпаведна, занялі другія месцы. Яны апярэдзілі па дзясятку канкурэнтаў з устаноў адукацыі аграрнага профілю Віцебска, Оршы, Полацка, Гарадка, Глыбокага, Дуброўна і іншых гарадоў і гарадскіх пасёлкаў.

Акрамя індывідуальных спаборніцтваў, прайшлі і камандныя. Найлепшых вызначалі пары навучэнцаў і вопытных механізатараў, якія прадстаўлялі ўсе чатыры інтэграцыйныя аграпрамысловыя структуры Віцебшчыны: Глыбоцкую, Полацкую, Віцебскую і Аршанскую. «Настаўнік» і «вучань» садзіліся за руль трактара па чарзе. Пастаўчанін Валерый Адынец і Арцём Маісееў выступалі за каманды Полацкай і Глыбоцкай інтэграцыйнай структур разам са сваімі вопытнымі калегамі Рыгорам Курносавым і Сяргеем Банькоўскім і ў выніку сталі ўладальнікамі «бронзы».

— Для каледжа асабліва важкая перамога Уладзіслава Селязнёва, бо ён увайшоў у лік найлепшых менавіта сярод навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці, — з гонарам падкрэсліў Адам Кузміч, які быў у складзе журы конкурсу. — На спаборніцтвах нашы юнакі паказалі ўсё, чаму іх навучылі выкладчыкі. Да паездкі на конкурс Арцём Маісееў не працаваў на тэхніцы маркі CASE IH Steiger 500. Па ўмовах конкурсу, наш каледж быў замацаваны за Глыбоцкай і Полацкай інтэграцыйнымі структурамі для адпрацоўкі навыкаў кіравання такой тэхнікай.  Навучэнцам разам з майстрам працоўнага навучання Адамам Кузмічом давялося з’ездзіць у Казяны і ў Астраўшчызну, каб папрацаваць на гэтым энерганасычаным трактары. Галоўнае, што на конкурсе хлопцы змаглі перамагчы сваё хваляванне і паказаць, на што яны сапраўды здольныя. Наогул, ад паездкі засталіся толькі самыя прыемныя ўражанні. Конкурс атрымаўся відовішчным і прадуманым да  дробязей. І не скажаш, што ён праходзіў упершыню.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце каледжа Наталля Шылько пераканана, што такія спаборніцтвы для навучэнцаў надзвычай карысныя і што праводзіць іх трэба пастаянна.

— Каштоўнасць гэтых паездак у тым, што ёсць магчымасць пратэсціраваць тэхніку заўтрашняга дня, — адзначыла Наталля Аляксандраўна. — Навучэнцы каледжа павінны ўмець працаваць на такіх трактарах, каб на свае першыя рабочыя месцы прыйсці «прасунутымі» спецыялістамі.

У мінулыя выхадныя на Аршаншчыне пабывалі і навучэнцы выпускных груп каледжа. Яны і самі маглі сесці за руль трактара, а не толькі з цікавасцю назіраць за тым, што адбывалася. Убачыць, як на справе працуе тэхніка, як узорна яна можа ўзараць глебу, — гэта таксама своеасаблівая вучоба.

А яна тым часам працягваецца. Наперадзе амаль увесь навучальны год, і ў навучэнцаў каледжа будзе яшчэ не адна магчымасць праявіць сябе з самага лепшага боку.

Іна Сняжкова
Фота Сяргея Герасіменкі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.