8 лет Валентина Корытко ухаживает за двоюродным братом-инвалидом I группы, несмотря на трудности

Общество

І не лічыць за цяжар

— Віця, да нас прыйшла госця, — падводзіць мяне да ложка ляжачага чалавека яго апякунка. Прапаную сфатаграфаваць іх разам, але мужчына адмоўна махае рукой.

Вымушана адступіць ад запланаванага, разумеючы, што Віктар — інвалід І групы і адмоўныя эмоцыі могуць пагоршыць яго самаадчуванне. Зрэшты, на першы погляд, звычайны чалавек. Ляжыць у чысценькім адзенні на такой жа чыстай пасцельнай бялізне, глядзіць тэлевізар. Можна падумаць, адпачывае, а зараз падымецца і пойдзе на кухню абедаць.

— Не падымецца і кроку не ступіць, — нібыта здагадаўшыся пра мае разважанні, гаворыць Валянціна Андрэеўна. — Я Віцю і карміла ляжачага. Потым стала садзіць у ложку. Але яму цяжка пратрымацца ў такім становішчы і некалькі хвілін. Два гады таму яшчэ крыху перамяшчаўся па пакоі, а потым у дадатак да ўсяго зламаў шыйку сцягна — і зараз толькі ў ложку. Мовы таксама няма, але любіць слухаць, калі я яму штосьці расказваю. Глядзіць тэлеперадачы. Сочыць за гадзіннікам і разумее, калі сняданак, абед, вячэра, гігіенічныя працэдуры…

Віктар, якому зараз 66 гадоў, не стварыў уласнай сям’і і жыў на Браншчыне з маці, якая даводзілася Валянціне роднай цёткай. Пляменніца вельмі любіла яе, амаль кожны месяц наведвалася, хаця жыла ў Беларусі. Калі Віктара падкасіў інсульт, цэлы месяц знаходзілася побач, выходжвала хворага. Яго маці разумела, што толькі Валянціна згадзіцца ўзяць на сябе клопат пра інваліда, калі яе не стане на гэтым свеце. Пра што і дамовілася з пляменніцай. Завяшчала ёй сваю двухпакаёвую кватэру, узяўшы слова, што тая ніколі не пакіне Віктара і ён не апынецца ў доме інвалідаў.

Так і ёсць. Ужо 8 гадоў мінула, як Валянціна перавезла ў свой дом у Паставах стрыечнага брата і даглядае яго, ніколькі не наракаючы на цяжкасці.

Але той перыяд, калі трэба было афіцыйна пазбаўляць Віктара дзеяздольнасці, афармляць апякунства і перавозіць з Расіі ў Беларусь, пераводзіць яго пенсію, успамінае як страшны сон.

— Уяўляеце, толькі даведак як з расійскага, так і з беларускага боку давялося выбіраць больш за 30,— расказвае. — Колькі інстанцый і кабінетаў пройдзена! Колькі нерваў згарэла! Нікому не пажадаю такога. Але вельмі ўдзячная за падтрымку райвыканкаму, шмат дапамагла ў той час урач Жанна Юркевіч. І зараз пастаянна адчуваем увагу з боку ТЦСАН, медыкаў.

Вучыцца даглядаць Віктара Валянціне не прыходзілася. На той час, калі перавезла яго да сябе, на яе руках знаходзілася і старэнькая маці-інвалід, якая зламала шыйку сцягна і 8 гадоў правяла ў ложку.

— Менавіта ад мамы ў мяне і міласэрнасць, і жыццястойкасць, — прызнаецца. — Яна — былая франтавічка, медык. Вельмі любіла і цаніла жыццё. Падтрымлівала мяне і маральна, і фінансава. Вучыла стойка прымаць усе нягоды, дапамагаць людзям. Заўсёды падтрымліваў і муж. Але ў красавіку мінулага года яго не стала. Суцяшэнне знаходжу ў веры, дзецях і ўнуках, працы.

Валянціна Андрэеўна апякуецца не толькі над сваім стрыечным братам, але і над зусім чужой 85-гадовай жанчынай, якая жыве непадалёк. Аднойчы ўбачыла на вуліцы заплаканую бабулю з катомкай у руках. Не прайшла міма. Аказалася, што тая хворая на дыябет, толькі што выпісалася з бальніцы, трэба рэгулярна калоць інсулін, а жыве адна. «Не бядуйце. Я ўмею калоць і буду прыходзіць да вас», — супакоіла незнаёмку, спытала ў яе адрас. Зараз Феадосія Рыгораўна называе Валянціну дачушкай, бо тая не толькі штодзень робіць уколы, але і па некалькі разоў заглядвае, цікавіцца здароўем, частуе прыгатаванымі стравамі. «А яшчэ мы з Рыгораўнай размаўляем па скайпе з яе сынам, які жыве ў ЗША, і з дачкой з Рыгі», — радуецца за бабулю добраахвотная апякунка.

У мінулым Валянціна Андрэеўна — педагог-матэматык, пазней — выхавальнік дзіцячага садка. Ужо шмат гадоў на пенсіі. Але ў мяне не паварочваецца язык сказаць стандартную фразу, што на заслужаным адпачынку. Які там адпачынак, калі, як сама прызнаецца, не хапае 24-х гадзін у сутках! Уласны прасторны дом, прысядзібны ўчастак 15 сотак, раскошныя кветнікі і дэкаратыўныя кустарнікі, якімі, напэўна, любуецца кожны, хто праходзіць або праязджае міма дома №13 па завулку 17 Верасня ў райцэнтры, тры парнікі, градкі з агароднінай — нідзе не абысціся без рук гаспадыні. Зімой захапляецца стварэннем розных інсталяцый.

Але гэта ўжо іншая тэма. А сёння мне хацелася расказаць пра міласэрнасць, прыкладам якой, безумоўна, з’яўляецца Валянціна Андрэеўна Карытка.

Фаіна Касаткіна
Фота з архіва В. А. Карыткі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.