80 первоклассников в этом году переступили порог СШ №3

Важное Образование

80 першакласнікаў сёлета пераступілі парог СШ №3. Сфарміраваны 3 першыя класы. А ўсяго ў школе 453 вучні.

У параўнанні з мінулым навучальным годам вучнёўская сям’я СШ №3 павялічылася на 30 чалавек.  Гэта стала магчымым таму, што мікрараён 6 гарадка прырастае новымі шматпавярхоўкамі. Актыўна вядзецца і індывідуальная забудова вуліц Палявой, Заводскай, Гогаля. Сярод навасёлаў шмат мнагадзетных сем’яў. У некаторых — па 3-5 школьнікаў. Напрыклад, Андрэй і Ганна Жук сёлета адправілі ў 1 клас самую малодшую з пяцярых дзяцей — Крысцінку. Сярод мнагадзетных прыкладам для іншых з’яўляюцца Таяновічы, Краско, Галімскія і іншыя.

Галоўнымі героямі Дня ведаў сталі, вядома ж, першакласнікі, для якіх 2 верасня стала пачаткам займальнага падарожжа ў краіну ведаў. Прыгожа апранутыя, з яркімі букетамі, крыху збянтэжаныя, за рукі са старша­класнікамі пад урачыстую музыку яны выйшлі на першую ў сваім жыцці школьную лінейку і занялі ганаровае месца. Стараліся слухаць вядучых і гасцей, але часцей пазіралі ў бок бацькоў, былі гатовыя падбегчы абняць мам. І ў той час адчувалі сябе дарослымі — яны ж школьнікі.

У двары школы сабралася шмат родных вучняў. Першым да прысутных звярнуўся дырэктар школы Уладзімір Койра. Ён па­дзякаваў раённай уладзе, бацькам за дапамогу ў падрыхтоўцы ўстановы да новага навучальнага года, пажадаў пачаткоўцам задавальнення ад вучэбнага працэсу, выпускнікам — вызначыцца з выбарам прафесіі, што немалаважна ў дарослым жыц­ці, астатнім — старання, цягі да ведаў і пазнання новага, быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Затым слова ўзяў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. Ён адзначыў, што ў наш час адукацыя, веды і вопыт асабліва запатрабаваныя, бо з’яўляюцца асновай для паспяховай працоўнай дзейнасці і дастойнага жыцця кожнага чалавека. Расказаў пра той клопат, які праяўляе раённая ўлада пра ўстановы адукацыі. Напрыклад, у СШ №3 сёлета заменена 20 акон, закуплена 28 камплектаў школьнай мэблі, інтэрактыўная дошка, абсталяваны новы камп’ютарны клас, абноўлена сталовая. У будынак пачатковай школы прыйшоў інтэрнэт.

У СШ №3 вучацца не толькі дзеці-гараджане, але і з Хаціл, Целякоў, Валодзек, Турлаў, Сіўцаў і іншых населеных пунктаў хацілаўскай зоны — усяго амаль 80 чалавек. У мінулыя гады на заняткі яны дабіраліся на рэйсавым аўтобусе  аўтатранспартнага прадпрыемства. На гэта траціліся немалыя сродкі. З верасня падвоз арганізаваны на новым школьным аўтобусе. Ключы ад яго на лінейцы Пётр Леанідавіч уручыў дырэктару школы Уладзіміру Койру.

Першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская па­дзякавала за працу тым вучням, якія падчас летніх канікул дапамагалі на ўборцы ўраджаю ў ААТ «Хацілы-агра», а Пётр Курто ўручыў Падзячныя пісьмы раённага Савета дэпутатаў. Іх атрымалі Наталля Скрыдлеўская, Арына Альсевіч, Вераніка Кавалеўская, Дзмітрый Галубоўскі, Мікіта Калінскі.

У той дзень асабліва шмат падарункаў атрымалі перша­класнікі. Пра гэта паклапаціліся старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, прадстаўнікі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», старшакласнікі.

Пра пачатак новага навучальнага года абвясціў школьны званок, які і паклікаў дзяцей за парты. Права даць яго было даверана адзінаццацікласніку Анатолію Кустрэю і першакласнікам Ксеніі Чаркес і Філіпу Лешчыку. Затым вучні адправіліся на першы ўрок, які быў прысвечаны Году малой радзімы. Перад старшакласнікамі выступіў прадстаўнік 1-га РТЦ капітан Ігар Буцько, які расказаў пра падраздзяленне, у якім служыць, і параіў у будучым выбраць прафесію ваеннага.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.