Древесные шедевры от Олега Соболевского придутся по душе каждому

Важное Общество

Калі хобі – праца

Што можна ўбачыць, калі паглядзець на ствол дрэва ў месцы распілоўкі? Аказваецца, не толькі гадавыя кольцы, якія сведчаць пра яго ўзрост. Напрыклад, Алегу Сабалеўскаму, які нядаўна адкрыў рамесную дзейнасць і стварае вырабы з драўніны, дастаткова глянуць, каб «прасканіраваць» рабочы матэрыял: тэкстуру і колер дрэва, каналы, па якіх праходзіў сок, вырашыць, якая рэч з яго атрымаецца.

— У райцэнтры нядаўна адкрыўся магазін дзі­цячага і падлеткавага адзення сэканд-хэнд «Жыраф». Прыязная гаспадыня, рэчы высокай якасці, утульны інтэр’ер, дарэчы, уласнаручна створаны гаспадаром… — захоплена расказвалі мне адразу некалькі знаёмых, падказваючы тэму для артыкула.

А на лаўца, як кажуць, і звер бяжыць: па рабочых справах прыйшла да калег у аддзел рэкламы і пачула, як уласнікі «Жырафа» Алег і Алена Сабалеўскія даюць рэкламу ў газету. Дамовіліся пра сустрэчу. З цікавасцю пераступаю парог гандлёвай кропкі — і адразу адчуваю, што да афармлення інтэр’ера гаспадары сапраўды падышлі грунтоўна. Пафарбаваныя ў розныя колеры драўляныя этажэркі, стэлажы, домікі-вешалкі, побач — дзіцячыя столік і крэселкі. Каб маленькім пакупнікам не было сумна, раскладзены размалёўкі з алоўкамі, цацкі. На касавым стале — арыгінальныя візітніца і манетніца.

— У афармленне магазіна ўклалі душу, — расказвае гаспадар. — Задума і дызайн належаць жонцы, мне — выкананне. Кожны прадмет мэблі тут створаны пад канкрэтнае месца. Аналагічны магазін у нас быў у Глыбокім, але зараз яго закрываем, бо ездзіць у суседні горад на работу кожны дзень нязручна. У гэтым бізнесе мы з 2014 года. Спачатку трымалі гандлёвую кропку на рынку «Гарызонт», спецыялізаваліся на абутку, зараз асноўны асартымент складае адзенне.

Зацікавіцца дрэваапрацоўкай падштурхнуў цесць Алега, які ў свой час удала ўмеў упраўляцца з дрэвам. А потым — і само жыццё. Яно ж падкідвае і ідэі для будучых вырабаў. Спробы зрабіць што-небудзь сваімі рукамі пачаліся з набыццём дома ў Юньках, які трэба было абуладкоўваць. Тады ж на дзень нара­джэння жонка падарыла набор інструментаў для апрацоўкі дрэва. І пачаў ствараць падарункі сябрам, родным, суседзям. Так з’явіліся лаўкі, пясочніцы, арэлі, упакоўкі і пераноскі для напіткаў, тумбачкі для абутку, вешалкі для адзення, падстаўкі для тэлефонаў, раздзелачныя дошкі, бутафорская бочка для віна… Чаго толькі вартыя лялечныя домікі! Якія ж цярпенне і фантазію трэба мець, каб змайстраваць у іх не толькі лесвіцы, балконы, мэблю, але і меншыя за ногаць на мезенцы вазы для кветак, талеркі!

Усеагульнае захапленне работамі Алега навяло яго на думку адкрыць рамесную дзейнасць. Безумоўна, увасабляць задумы ў жыццё дапамагаюць нажоўкі, лобзікі, шліфмашыны, пілы, рубанкі, рэйсмус. Аднак галоўны «інструмент», на думку майстра, гэта рукі: яны даво­дзяць рэч да толку, адчуваюць кожную шурпатасць, падганяюць, падшліфоўваюць, злучаюць асобныя дэталі ў адзінае цэлае. У ход ідуць нават адходы дрэваапрацоўкі, з якіх таксама можна зрабіць штосьці цікавае.

Каб мець больш поўнае ўяўленне пра работы Алега Сабалеўскага, можаце зайсці на яго старонку ў «Інстаграме» makingwood.s_peso_, спецыяльна створаную для дэманстрацыі драўляных вырабаў хэнд-мэйд. Некаторыя можна ўбачыць і на вуліцах райцэнтра. У прыватнасці, паміж магазінамі «Малако» і «Востраў чысціні» на плошчы Леніна «прапісаўся» двухпавярховы домік для вулічных катоў, а на тэрыторыі дзіцячага садка па вуліцы Юбілейнай — аўтобус-альтанка ў рост чалавека з месцамі для вадзіцеля і пасажыраў.

— У перспектыве планую некаторыя рэчы выстаўляць у інтэрнэт-магазіне свайго сябра, зараз гэта задума пакуль што на стадыі перагавораў,  — дзеліцца майстар і з усмешкай дадае: — А найперш чакаю ў падарунак ад жонкі шкларэз.

Размова быццам і скончана, але развітацца з гасціннымі гаспадарамі не атрымліваецца: яшчэ доўга разглядваю фота­здымкі вырабаў Алега Сабалеўскага на мабільным тэлефоне, слухаю яго разважанні пра цесляроў, якія даўней абыходзіліся міні­мальным наборам інструментаў, перадавалі майстэрства ў спадчыну сваім дзецям, як выбіралі дрэвы для зрубаў, пра сучасных рамеснікаў і іх эксклюзіўныя вырабы. Пабыла нават на ўяўнай экскурсіі ў Вітаславіцы Наў­гародскай вобласці, дзе створаны музей драўлянага дойлідства.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.