В минувшую пятницу в Юньковском сельсовете прошло выездное заседание президиума районного Совета депутатов

Местная власть

З клопатам пра насельніцтва

Вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння людзей — адна з галоўных задач улады. Як узаемадзейнічаюць у гэтым плане мясцовыя органы кіравання і самакіравання, тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і суб’екты гаспадарання, паказала выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло ў мінулую пятніцу ў Юнькаўскім сельсавеце.

Спачатку запрошаных на пасяджэнне — а сярод іх былі старшыні ўсіх сельскіх Саветаў Пастаўшчыны, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі шэрага арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў — запрасілі ў Юнькаўскі сельскі Дом культуры. Там перад імі выступілі з невялікім канцэртам удзельніцы народнага клуба «Юнчанка» і салістка Наталля Гутар, якія разам з іншымі работнікамі СДК забяспечваюць культурнае жыццё ў аграгарадку і навакольных вёсках.

Затым усе перамясціліся ў будынак сельскага Савета, дзе старшыня сельвыканкама Вячаслаў Врублеўскі падрабязна расказаў прысутным, колькі і якое насельніцтва пражывае на падведамнай тэрыторыі, як яно забяспечана палівам на зіму, медыцынскім, гандлёвым, бытавым і транспартным абслугоўваннем, паслугамі паштовай і тэлефоннай сувязі, якія ўмовы створаны для атрымання адукацыі непаўналетнімі. Вялікае месца ў выступленні было адведзена прафілактычнай, ідэалагічнай, інфармацыйна-растлумачальнай і культурна-масавай рабоце з рознымі слаямі насельніцтва, забеспячэнню пажарнай бяспекі, вырашэнню пытанняў добраўпарадкавання, узаемадзеянню са старэйшынамі вёсак і кіраўніцтвам гаспадарак, размешчаных на тэрыторыі сельсавета.

Перад прысутнымі выступіў таксама новы дырэктар Юнькаўскай яслі-сад—базавай школы Валерый Каліцкі, які агучыў праблему дастаўкі педагогаў са школы дамоў у Паставы. Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Чакавы расказаў пра планы ў арганізацыі медыцынскай дапамогі насельніцтву сельсавета. А начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Кісель і намеснік начальніка РАУС Аляксандр Мядзелка засяродзілі ўвагу на забеспячэнні пажарнай бяспекі ў ацяпляльны перыяд, асабістай бяспекі пешаходаў у цёмны час сутак і захаванасці маёмасці грамадзян. З просьбай дапамагчы высекчы кусты ля дарогі ў населеным пункце і пакласці ў бальніцу двух вяскоўцаў звярнулася да адказных асоб старэйшына вёскі Ліпнікі Аліцыя Трафімовіч.

У канцы пасяджэння старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто ўручыў Аліцыі Ніка­дзімаўне і старэйшыне вёскі Дашкі Соф’і Станіславаўне Будзько Падзячныя пісьмы райсавета за пастаянную дапамогу мясцовым органам улады. Падарункам для жанчын стаў маляўнічы фотаальбом «Паставы». Затым ­удзельнікі пасяджэння накіраваліся ў АДРАЦ «Ветразь», а адтуль — на базу адпачынку «Шыркі», дзе азнаёміліся з работай гэтых аб’ектаў сацыяльнай сферы.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.