Семья Андрея и Надежды Соболь из д.Логовинцы достойно представила Поставщину на областном этапе конкурса «Властелин села-2019»

Важное Общество

І другое месца – вялікі поспех

13 верасня ў Цэнтры культуры аграгарадка Фарынава адбыўся абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар сяла-2019». Упершыню «на вобласці» ўдзельнічалі і прадстаўнікі нашага раёна.

Гонар Пастаўшчыны абаранялі Андрэй і Надзея Собаль з вёскі Логавінцы Юнькаўскага сельсавета. Летась яны сталі пераможцамі раённага этапа творчага спаборніцтва. З Фарынава маладая сям’я вярнулася ў выдатным настроі: ёй удалося заняць пачэснае другое месца. Акрамя гэтага, атрымала яркія эмоцыі і каштоўныя падарункі, якія яшчэ доўга будуць напамінаць пра гэты хвалюючы дзень.

Праграма абласнога этапа «Уладара сяла» была насычанай. Спачатку маладыя сем’і з розных раёнаў вобласці вызначалі найлепшых у конкурсе візітных картак «Вітаем па-беларуску» — і дарослыя, і дзеці выходзілі на сцэну выключна ў нацыянальных касцюмах.

Цікавым было выпрабаванне пад назвай  «У доме ўсё спатрэбіцца». Па яго ўмовах, муж на вачах гледачоў павінен быў зрабіць раздзелачную дошку — для гэтага ў яго пад рукамі былі невялікая сякера, піла-нажоўка і наждачная папера. Ад жонкі патрабавалася арыгінальна ўпрыгожыць гэты кухонны выраб. Таксама прайшлі «сельскагаспадарчая эстафета», конкурс «Дранікі на калодзе», а таксама  конкурс караваяў «Хлеб — усяму галава».

Адным з самых творчых момантаў мерапрыемства стала прэзентацыя міні-падвор’яў «Мой дом — мая крэпасць». Сям’я Собаль на гэтым этапе заняла першае месца, абышоўшы па балах астатнія 13 каманд. Журы пакарылі яркія крэатыўныя дэкарацыі, выкарыстаныя для афармлення падвор’я, а таксама шматлікія прысмакі на стале, сярод якіх было нямала страў з рыбы — юшка, вэнджаны, тушаны карп…

Суддзі захоплена слухалі аповеды Андрэя і Надзеі пра тое, як іх сям’я, у тым ліку дзве малыя дачушкі, любяць выязджаць на рыбалку, прычым з начлегам. Для такіх выездаў на прыроду ў іх усё прадумана да дробязяў — ёсць палаткі, надзіманыя матрасы, посуд, коўдры, падушкі… Андрэй Собаль кайфуе непасрэдна ад працэсу лоўлі, жонка любіць абуладкоўваць быт і гатаваць у палявых умовах, а трохгадовая Сафія і шасцігадовая Ева шчаслівыя проста гарэзнічаць на прыродзе.

Штосьці з атрыбутаў рыбалкі сям’я прыхапіла з сабою на прэзентацыю.  Гэта тэма сапраўды «зачапіла» журы. А ў яго скла­дзе былі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзій Ягораў, першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Вячаслаў Хрол і іншыя ганаровыя госці.

— Калі на сцэне аб’явілі, што мы на другім месцы, вушам сваім не паверыла, — расказвала Надзея Собаль, якая працуе выхавальнікам у Юнькаўскай яслі-сад—базавай школе. — Мы саступілі толькі камандзе з Полацка. Прызнацца, не разлічвалі на высокі вынік — усе каманды падышлі да абласнога этапа конкурсу максімальна адказна і творча. Наша сям’я вельмі ўдзячная ўсім, хто дапамог нам падрыхтавацца, асабліва першаму сакратару райкама БРСМ Вераніцы Казлоўскай, дырэктару Юнькаўскага сельскага Дома культуры Алене Зубко. І яны, і старшыня Юнькаўскага сельскага Савета Вячаслаў Врублеўскі паехалі падтрымаць нас у Фарынава. Хваляваліся моцна. Але галоўнае, што ўсё атрымалася, што мы змаглі паказаць свой максімальны вынік і ўдала выступіць на мерапрыемстве такога высокага ўзроўню.

Іна Сняжкова
Фота Ларысы Малашэні («Витебские вести») і Веранікі Казлоўскай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.