Что планируется построить возле дома № 10 по улице Станкевича вместо спиленных деревьев?

Важное Общество

Будуць і дрэўцы, і магазін

У рэдакцыю раённай газеты звярнуўся пастаўчанін Барыс Сямашка — прасіў пад’ехаць і паглядзець, як спілавалі дрэвы каля дома №10 па вуліцы Станкевіча ў райцэнтры. Апынуўшыся на месцы,  зразумела, што зрэзаныя пад корань паўвекавыя бярозы — толькі частка пытання, якое хвалюе жыльцоў шматкватэрнага дома. Многія з іх, даведаўшыся пра прыезд карэспандэнта, выйшлі расказаць пра набалелае.

— Паглядзіце, што засталося ад чатырох бяроз, якія гадоў пяцьдзясят таму садзілі жыхары нашага дома, — сустракае мяне дэлегацыя з трох чалавек. — Быў у нас свой невялічкі «востраў шчасця», і таго пазбавілі. А з якой асалодай мы любаваліся, як вясной з’яўляюцца першыя зялёныя лісточкі, як летам, увабраўшыся ў сілу, шапацяць ад ветру, як потым жоўкнуць увосень. Каму перашкаджалі дрэвы?

Людзі хацелі атрымаць тлумачэнне ад тых, хто валіў бярозы, але яны адказалі: «Мы — рабочыя, выконваем тое, што даручана. Да нас з пытаннямі «навошта?», «з чыйго дазволу?» і падобнымі не звяртайцеся». Аднак у гутарцы выказалі меркаванне, што, магчыма, у чарзе на знішчэнне яшчэ некалькі бяроз і сасна, якія будуць перашкаджаць будаўніцтву новага аб’екта.

— А што плануецца ўзводзіць? — цікаўлюся.

— Вось вы, калі ласка, нам і адкажыце. Мы маем права ведаць, што будуць будаваць перад нашымі вокнамі. Пакуль інфармацыяй валодаем на ўзроўні чутак: кажуць, нейкі мясны магазін. Толькі ці патрэбны ў мікрараёне 5 гарадка яшчэ адзін, 19-ы па ліку? — абураюцца суразмоўцы. — Лепш бы на гэтым месцы абуладкавалі дзіцячую пляцоўку. Праўда, ёсць яна па-суседстве — паміж 8-м і 9-м дамамі, але і ёй, як кажуць, сто гадоў у абед.

Паступова да размовы далучаюцца яшчэ людзі. Па сутнасці, нараканні ўсё тыя ж: жыльцы не жадаюць бачыць пад вокнамі свайго дома ніякай гандлёвай кропкі. Маўляў, няхай асвойваюць пусткі, якіх у райцэнтры хапае, а не імкнуцца сэканоміць на будаўніцтве за кошт існуючых інжынерных сетак. Тым больш што каналізацыйны калодзеж, які знаходзіцца перад уваходам у сярэдні пад’езд, з іх слоў, і так досыць часта забіваецца. Рокат матораў машын, якія будуць прывозіць тавар, пыл ад іх на бялізну, кандыцыянер на магазіне, які ніколі не будзе змаўкаць… А галоўнае — ці законна на такой блізкай адлегласці ад дома разгортваць будпляцоўку?

Пракаменціраваць сітуацыю мы папрасілі намесніка старшыні райвыканкама Паўла Станюша:

— Для размяшчэння на гэтым месцы павільёна рознічнага гандлю быў выраблены горадабудаўнічы пашпарт. У ім улічаны ўсе неабходныя будаўнічыя і санітарныя нормы, у адпаведнасці з якімі максімальная адлегласць — 15 метраў — прадугледжана для пажарнага разрыву. Паміж бліжэйшым вуглом дома №10 па вуліцы Станкевіча і новай гандлёвай кропкай яна складзе 27 метраў. Аб’ект узгаднілі аддзел архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, аддзел землеўпарадкавання, УП ЖКГ, Пастаўскі раён электрычных сетак, Пастаўскі ўчастак электрасувязі, райаддзел па надзвычайных сітуацыях, райЦГЭ, райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Пастаўскі раён газазабеспячэння, а таксама вобласць. Участак прададзены з аўкцыёна, на ім размесціцца мясная лаўка, якая запрацуе вясной наступнага года. Праект узвядзення павільёна модульнага тыпу зараз знаходзіцца на экспертызе.

Што да спілаваных бяроз, то замест кожнай з іх высадзяць па тры новыя дрэўцы. Гэта прадугледжана  кампенсацыйнымі мерапрыемствамі. З’явяцца яны акурат каля дома №10 у мікрараёне 5 гарадка.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.