«Его всегда тянуло к земле…» Виктор Лапушинский из д. Ковзаны принимал поздравления по случаю своего 70-летия

Личности

З актыўнай пазіцыяй

Гасцей з раніцы Віктар Іосіфавіч Лапушынскі з Коўзанаў не чакаў. Віншаванні з нагоды свайго 70-годдзя прыняў найперш ад жонкі Ніны Яўстаф’еўны, дачкі, зяця, траіх унукаў, якія прыехалі з Германіі. Управіліся з жонкай па гаспадарцы, накармілі жыўнасць. Патэлефанаваў сын, з ім абмеркавалі надзённыя пытанні. А затым раздаўся званок ад дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыя Шымчыка, які сказаў, што неўзабаве прыедуць да віноўніка ўрачыстасці намеснік старшыні гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Славамір Шапель, начальнік коўзанскага аддзялення Славамір Ландышка, старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў і ветэранскай арганізацыі Ганна Літвіновіч.

Прымаючы падарункі, Віктар Іосіфавіч не пераставаў паўтараць: «Нечакана, нечакана. Дзякуй за цёплыя словы, за Падзяку ад старшыні райвыканкама».

А ўзнагарода заслужаная. Нарадзіўся юбіляр на Пастаўшчыне — у Валожыне, у звычайнай вясковай сям’і. Працоўны шлях пачаў шафёрам у калгасе «Ленінскі шлях» і завочна вучыўся ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце. Пасля першага курса яго накіравалі  ў калгас «Рассвет» нашага раёна. Быў заатэхнікам, потым некаторы час узначальваў раённую ветстанцыю.

— Была магчымасць застацца ў горадзе, — расказвала Ніна Яўстаф’еўна. — Але Віктара цягнула да зямлі. У 1980 годзе яго выбралі старшынёй калгаса «Ударнік» і мы пераехалі ў Коўзаны.

Напэўна, кожны мужчына ставіць перад сабой задачу пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выхаваць сына. Віктар Лапушынскі выканаў яе ў адваротным парадку. Пра ўласны дом задумаўся пасля таго, як праз 13 гадоў пасля дачкі нарадзіўся сын. Крэдытаў на будаўніцтва не бралі, узводзілі сваімі сіламі. Будоўля расцягнулася надоўга.

Пасля рэарганізацыі «Ударніка» Віктар Іосіфавіч стаў начальнікам коўзанскага аддзялення, а ў 2005 годзе яго назначылі намеснікам старшыні калгаса «Сцяг Перамогі», дзе і адпрацаваў да выхаду на пенсію.

Вырас сын, атрымаў вышэйшую адукацыю, жыве і працуе ў Мінску. Дачка з сям’ёй — у Германіі. Найлепшы адпачынак для іх — у бацькоўскім доме. Некалькі гадоў таму Лапушынскія падвялі прыродны газ, маюць выгоды, як у горадзе. Трымаюць дзвюх кароў, курэй-нясушак і бройлераў, садзяць агарод, даглядаюць кветнікі. Вольным часам гаспадар любіць парыбачыць.

Заходзячы ў дом, звярнула ўвагу на гіру. Аказваецца, у маладосці юбіляр актыўна займаўся спортам. Можа, таму і цяпер, у 70 гадоў, падцягнуты, з армейскай выпраўкай. Апошнім часам сябе не перагружае, але пад настрой можа колькі разоў падняць гіру.

Шаноўныя госці засядзеліся ў Віктара Іосіфавіча: успаміналі мінулае, разважалі над сучаснымі падзеямі ў краіне і свеце, абмяркоўвалі справы ў гаспадарцы і раёне. Асабіста мне імпанавала актыўная жыццёвая пазіцыя юбіляра, яго нераўнадушнасць да ўсяго, што адбываецца.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.