ФК «Міёры»—«Паставы-ПМЦ» — 6:1

Спорт

Медальны раўнд – без нас

ФК «Міёры»—«Паставы-ПМЦ» — 6:1

У гэтым выязным матчы пастаўчане вырашылі згуляць у адкрыты футбол, бо страчваць ім не было чаго. Нават перамога над міёрцамі пакідала ПМЦ толькі тэарэтычныя шанцы прабіцца з 4-га месца ў фінальны раўнд, а саперніка туды выводзіла і нічыя. На ход сустрэчы адмоўна паўплывала дажджлівае надвор’е, гуляць на слізкім полі было няпроста. На жаль, з самага пачатку не пайшла гульня ў нашага маладога варатара Вадзіма Мацкевіча, які ўжо на 5-й хвіліне памыліўся і дазволіў Раману Чубрэвічу адкрыць лік. Пасля гэтага пастаўскі галкіпер, які надзейна гуляў увесь сезон, моцна засмуціўся і зноў прапусціў праз хвіліну недарэчны гол.

Наша каманда пайшла наперад, разыграла прыгожую камбінацыю, і з перадачы Арцёма Цітовіча на 17-й хвіліне нападаючы Герман Чалей скараціў розніцу ў ліку. Аднак неўзабаве паўабаронца саперніка Вадзім Шокель рашыўся на далёкі ўдар і не прамахнуўся. У пастаўчан было некалькі момантаў, каб вызначыцца, але яны спяшаліся з завяршальнымі ўдарамі, а ў дадатак пры роўнай гульні перад свістком на перапынак зноў памыліліся ў абароне.

У другім тайме госці вялікімі сіламі пайшлі наперад, сталі адкрывацца, але мяч упарта не хацеў ляцець у сетку варот. У сваю чаргу Р. Чубрэвіч яшчэ двойчы без перашкод выскачыў на нашы вароты і зрабіў лік на табло разгромным, а ўсяго ён вызначыўся чатыры разы.

У Міёрах згулялі: Мацкевіч, Гіль, Казлоў, Пучынскі, Голубеў, Давідоўскі (Алейнікаў), Карага (к), Чалей, Рогач, Хмяльніцкі (Пурлан), Цітовіч. У гэтым туры ас­татнія матчы завяршыліся так: ФК «Глыбокае»—«Полацк-2019» — 3:5, ФК «Лепель»—«Дзвіна» (Верхнядзвінск) — 3:0. З нашай групы ў чвэрцьфінал выйшлі каманды Лепеля, Полацка, Глыбокага і Міёр. Пастаўчане незалежна ад вынікаў заключнага дамашняга матча з ФК «Глыбокае» ў заходняй зоне «А» зоймуць сёлета 5-е месца. У групе «Б» былі зафіксаваны такія вынікі: «Газавік» (Віцебск)—ФК «Чашнікі» — 3:2, «Днепр» (Дуброўна)—«Мясакамбінат» (Орша) — 2:6, «Славянскі Велес» (Віцебск)—ФК «Сянно» — 0:3.

Стала вядома пасля 17-га тура першая пара раўнда чвэрцьфіналу барацьбы за медалі. На гэтай стадыі з двух матчаў дома і на выездзе згуляюць паміж сабой палачане і сенненцы. Лёс апошняй, чацвёртай, пуцёўкі на ўсходзе вобласці вырашыцца ў заключным туры папярэдняга раўнда, дзе закончаць барацьбу каманды Талачына, Дуброўна і Чашнікаў. У маючыя адбыцца выхадныя на гарадскім стадыёне наша каманда таксама развітаецца са сваімі прыхільнікамі да новага сезона ў сустрэчы з суседзямі-глыбачанамі.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.