Готовы ли наши волейболисты к очередным испытаниям на республиканском уровне? Интервью с начальником команды Павлом Вавинским

Спорт

Чакае захапляльны сезон

Сярод гульнявых відаў спорту ў Беларусі апошнія гады менавіта валейбол паказвае найлепшыя вынікі на міжнароднай арэне на ўзроўні нацыянальных зборных і вядучых клубаў кантынента.

У пачатку кастрычніка адразу пасля заканчэння чэмпіянату Еўропы сярод мужчын стартуе зноў чэмпіянат краіны. У другім па сіле дывізіёне «Б» вышэйшай лігі зноў пачне барацьбу старажыл гэтага турніру — пастаўскі «Атлант». Пра гатоўнасць нашых валейбалістаў да чарговых выпрабаванняў на рэспубліканскім узроўні расказаў начальнік каманды Павел Вавінскі.

 — Ці прынёс вам і вашым падапечным задавальненне папярэдні чэмпіянат Беларусі, дзе пастаўчане ў апошні момант засталіся без бронзавых медалёў?

— Нагадаю, што год назад мы ставілі перад сабой асноўную задачу — увайсці ў чацвёрку наймацнейшых і праверыць у гульнях з моцнымі клубамі таленавітую моладзь. Пасля першага круга нечакана для ўсіх наша каманда апынулася ў першынстве на другім месцы, атрымала 8 перамог у 12 матчах. У другой палове чэмпіянату пры вельмі моцнай канкурэнцыі было няпроста, становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што гулялі на выездзе на чужых пляцоўках. Аднак да заключнага тура папярэдняга раўнда трапілі ў тройку лідараў.

У горадзе над Сожам была ўпартая барацьба, але ўдача ўсміхнулася мясцовай «Энергіі». У яе складзе гулялі 4 моцныя валейбалісты з асноўнай каманды, трэцяй па рангу ў Беларусі. На наступнай стадыі першынства мы апынуліся на 16-м выніковым месцы ў сваім дывізіёне, але затое наша моладзь набыла важкі вопыт выступленняў у чэмпіянаце краіны.

 — Павел Аляксандравіч, якія змены адбыліся ў перыяд міжсезоння ў «Атланце» і ці змяніўся рэгламент правядзення першынства?

— Сёлета наша краіна далучылася да сусветнай практыкі: спараных, як раней, матчаў ужо не будзе. У гэтым сезоне на папярэднім этапе стане менш гульняў, бо ў туры кожная каманда згуляе толькі па разу. З іншага боку, узрастае значэнне кожнай сустрэчы — усе будуць імкнуцца перамагчы, а сам турнір будзе працяглым. Пасля папярэдняга раўнда толькі пераможца вый­дзе ў наступны этап барацьбы за медалі, а астатнія каманды чакае плэй-оф у серыі да дзвюх перамог. Ён вызначыць яшчэ трох наймацнейшых, якія складуць чацвёрку самых лепшых і павядуць барацьбу далей за званне чэмпіёна і прызёраў. Тройка няўдачнікаў правядзе турнір у барацьбе за 5—7-е выніковыя месцы. Спаборніцтвы завершацца толькі напрыканцы красавіка наступнага года.

Адбыліся змены і ў трэнерскім штабе пастаўчан — нашу каманду ўзначаліў яе 34-гадовы ветэран, кандыдат у майстры спорту Даніла Шышко, які выступаў за «Атлант» з 2005 года і пазней пачаў працаваць трэнерам. Былы настаўнік Генадзь Савосін застаўся ў камандзе і працягне рыхтаваць да гульняў маладых ігракоў. Я таксама ўдзельнічаю ў трэніровачным працэсе і адказваю за ўсе арганізацыйныя і гаспадарчыя пытанні. Асноўны склад каманды мы захавалі, яе пакінулі толькі глыбачанін Ян Сакалоўскі, які перайшоў на трэнерскую работу, і Ягор Артамонаў, які паступіў вучыцца ў Віцебск і трэніруецца цяпер з камандай «Марка».

Мы рады, што ў родны горад вярнуліся з элітных клубаў нашы выхаванцы, кандыдаты ў майстры спорту — вопытны распасоўшчык віцябчан Уладзімір Юзвовіч і цэнтральны блакіруючы з «Заходняга Буга» Павел Дзеравянка. У цэлым склад нашай каманды ўзмацніўся, робім стаўку на іх і іншых вопытных валейбалістаў, бо ўсе нашы сапернікі вельмі грозныя. Разлічваем на дапамогу некалькіх маладых мясцовых талентаў, а таксама на ранейшых лідараў: Віталя Варанца, Андрэя Русака, Андрэя Казлоўскага, Дзмітрыя Аксёненку, Максіма Іванова і іншых.

Леташні чэмпіён — гомельскі «Бумпрам» — зноў будзе імкнуцца перамагчы і мае для гэтага ўсе падставы. Як і раней, добра ўкамплектаваны аршанцы, у турнір вярнулася моцная каманда Гродна замест полацкага «Стральца-ПДУ». Маладыя гамяльчане і дзве мінскія каманды ўжо бліскуча зарэкамендавалі сябе ў складзе юніёрскіх і мала­дзёжных зборных Беларусі на чэмпіянатах свету і Еўропы. Слабых сапернікаў і прахадных матчаў у нас не будзе, аматараў валейбола чакае захапляльны сезон.

 — На якія асноўныя задачы трэнерскі штаб нацэльвае сваіх падапечных?

— Будзем імкнуцца трапіць у чацвёрку наймацнейшых з перспектывай падняцца яшчэ вышэй. На што мы гатовы, пакажуць стартавыя туры. Пастаўчане пачнуць чэмпіянат краіны 5 кастрычніка гульнёй на выездзе супраць выхаванцаў СДЮШАР ВК «Мінск». Потым праз тыдзень дома прымем базавы клуб зборнай Беларусі (U-17), створаны ў рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву.

Карыстаючыся выпадкам, запрашаю аматараў гульні падтрымаць нашу каманду. На сезон заявілі больш за дваццаць валейбалістаў, але гуляць будуць тыя з іх, хто набярэ найлепшую форму.

Гутарыў Уладзімір Шык



Прадстаўляем каманду «Атлант» (Паставы) валейбольнага сезона 2019/2020 года

  1. Кандыдат у майстры спорту (кмс) Павел Дзеравянка (год нараджэння — 1998, рост — 203 см, трэнер Пастаўскай ДЮСШ)
  2. Дзмітрый Бабровіч (1985, 192 см, супрацоўнік райаддзела МНС)
  3. Дзмітрый Аксёненка (1997, 190 см, ваеннаслужачы)
  4. (кмс) Віталь Варанец (1987, 190 см, бухгалтар УП ЖКГ)
  5. (кмс) Уладзімір Юзвовіч (1990, 197 см, інструктар ФСК)
  6. Пётр Марцінкевіч (2000, 183 см, студэнт БДУФК)
  7. Андрэй Русак (1990, 185 см, дырэктар Мядзельскага ФАЦ)
  8. Дзмітрый Грыневіч (2003, 194 см, вучань СШ №2)
  9. Павел Лукін (2003, 193 см, вучань СШ №1)
  10. Арцём Пятровіч (2002, 197 см, студэнт БНТУ)
  11. Андрэй Казлоўскі (2000, 201 см, навучэнец Полацкага каледжа)
  12. Арцём Кароль (1993, 195 см, інструктар па спорце АДРАЦ «Ветразь»)
  13. Данііл Балгоў (2004, 193 см, вучань СШ №3)
  14. Максім Іваноў (2000, 195 см, студэнт БДУФК)
  15. Вячаслаў Панавас (2003, 192 см, вучань СШ №1)
  16. Аляксей Маркелаў (1989, 192 см, майстар лясгаса)
  17. Арцём Літвіновіч (1996, 176 см, супрацоўнік райаддзела МНС)
  18. Юрый Рабека (1996, 193 см, супрацоўнік МНС, г. Мінск)
  19. Яўген Літвіновіч (1995, 184 см, ваеннаслужачы)
  20. Аляксей Канаш ( 1999, 190 см, ваеннаслужачы)
  21. Мікіта Саўчук (1995, 190 см, супрацоўнік райаддзела МНС)
  22. Валерый Казека (1997, 182 см, ваеннаслужачы)
  23. Леанід Лосік (2001, 190 см, навучэнец каледжа)

Кіруючы склад каманды:

  • начальнік каманды — Вавінскі Павел Аляксандравіч (1991)
  • галоўны трэнер — Шышко Даніла Мечыслававіч (1985)
  • трэнер — Савосін Генадзь Генадзьевіч (1962)
  • трэнер-асістэнт — Рамейка Мікалай Станіслававіч (1959)


Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.