Хроника происшествий

Правовое поле

Хроніка  здарэнняў

Ад металалому да ювеліркі

З кватэры жыхаркі вуліцы Юбілейнай у Паставах прапалі залатыя ўпрыгажэнні на суму амаль 4 з паловай тысячы рублёў. Пацярпелая звярнулася ў міліцыю, супрацоўнікі якой устанавілі: ювелірныя вырабы ўкраў, знаходзячыся ў гасцях, знаёмы жанчыны, які пражывае ў аграгарадку Навасёлкі, нідзе не працуе і раней быў асуджаны. У адносінах да 43-гадовага грамадзяніна ўзбуджана крымінальная справа, ён затрыманы.

У жыхара вёскі Свірдуны непрацуючы лынтупчанін 1956 года нараджэння, які пражывае па вуліцы Свірскай, украў з дома пару красовак. А двое грамадзян без пэўнага роду занятку (адзін з іх жыве ў Турлах, другі — у гаражы ў гаражным кааператыве «Кола» па вуліцы Касманаўтаў у райцэнтры) залезлі праз зламаны дах у суседні гараж і ўкралі лом чорнага металу на суму 50 рублёў. Украдзенае канфіскавана. Зладзеяў чакае лава падсудных.

Пакаталіся…

Неяк жнівеньскім вечарам 54-гадовы жыхар аграгарадка Кураполле, работнік ААТ «Кураполле-агра», вырашыў пракаціцца на зернеўборачным камбайне «Палессе», які належыць названай вышэй гаспадарцы і знаходзіўся на полі каля вёскі Балаі. Сельскагаспадарчая машына аказалася незамкнёнай, таму «аматар цяжкай тэхнікі» без перашкод пранік у кабі­ну і ўдосталь паездзіў па полі, не здагадваючыся, што яго дзеянні кваліфікуюцца законам як угон.

Наўрад ці задумваўся пра наступствы свайго ўчынку і 15-гадовы навучэнец Варапаеўскай СШ, калі ў ноч на 24 жніўня захацеў пакатацца на аўтамашыне «Форд-Фіеста» адной з настаўніц школы. Гаспадыня аўто неабачліва пакінула яго ў двары свайго дома з ключамі ў замку запальвання.

Неўзабаве абодва згоншчыкі паўстануць перад судом.

«Пазычыў» у знаёмых

У жніўні раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу ў адносінах да 26-гадовага непрацуючага пастаўчаніна з вуліцы Касманаўтаў. Устаноўлена, што на працягу 2018—2019 гадоў ён, прыдумаўшы розныя зручныя прычыны, пазычыў у трох жыхароў райцэнтра 4 тысячы рублёў, не маючы намеру іх вяртаць. Махляру пагражае пакаранне ад грамадскіх работ да пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў.

З дапамогай пін-кода і інтэрнэта

Адразу дзве справы ўзбуджаны нядаўна па частцы 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі». Фігурант адной з іх — 38-гадовы жыхар вуліцы Зарэчнай у райцэнтры, які ў пачатку красавіка праз інтэрнэт украў з банкаўскай плацежнай карткі ААТ «Прыорбанк» 61-гадовага пастаўчаніна амаль 2 тысячы долараў ЗША. «Галоўны герой» другой справы — 54-гадовы жыхар Варапаева. Ён у чэрвені пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў са знаёмым гарпасялкоўцам, скарыстаўшыся веданнем пін-кода банкаўскай карты сабутэльніка, зняў праз банкамат з рахунка апошняга 250 рублёў.

Грабеж у «Карамболі»

Забаўляльныя ўстановы і ўстановы грамадскага харчавання і адпачынку, якія працуюць дапазна, — месцы павышанай крымінагеннай небяспекі. У гэтым на ўласным вопыце пераканалася 39-гадовая пастаўчанка, якая летнім вечарам прыйшла расслабіцца ў більярдны клуб «Карамболь» па вуліцы Касманаўтаў. Але адпачынак сапсаваў яшчэ адзін наведвальнік клуба — 32-гадовы непрацуючы грамадзянін з судзімасцю. Ён непрыкметна выцягнуў з сумачкі жанчыны кашалёк з грашыма і банкаўскімі картамі, а пасля таго як пацярпелая заўважыла прапажу, прымяніў да яе фізічную сілу і ўцёк з украдзеным. У адносінах да грабежніка ўзбуджана крымінальная справа.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.