Высокое искусство не так и высоко, или Чем сегодня живёт арт-деревня Каптаруны

Общество

Высокае мастацтва не так і высока, або Чым сёння жыве арт-вёска Каптаруны

Тэатр, опера, кінашкола, пісьменнікі, перакладчыкі, мастакі, замежныя творцы і… Лынтупшчына. Яшчэ некалькі гадоў назад такое супастаўленне выклікала б саркастычную ўсмешку. Не ў кожным вялікім горадзе так віруе культурнае жыццё, што ўжо гаварыць пра правінцыйны прыгранічны куток на самай граніцы з Літвой?

Вядомы беларускі архітэктар, мастак і пісьменнік Артур Клінаў палюбіў Лынтупшчыну і вёску Каптаруны менавіта за аддаленасць ад сталіцы, за некранутыя цывілізацыяй краявіды. Упершыню ён трапіў сюды 6 гадоў назад, калі разам з рэжысёрам «Беларусьфільма» Андрэем Кудзіненкам шукаў каларытнае месца для здымак аднаго з эпізодаў кінакарціны «Масакра».

Артур Клінаў — мастак, пісьменнік, заснавальнік і рэдактар часопіса pARTisan. Выступіў галоўным мастаком у фільме Андрэя Кудзіненкі “Масакра” (“Беларусьфільм”, 2010). Аўтар шматлікіх выстаў. Яго творы знаходзяцца ў калекцыях Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, Галандыі, Ізраіля, Італіі, Расіі, ЗША, Францыі, Швецыі і іншых.

Яго знайшлі ў Каптарунах. З таго часу гэта месца за 200 км ад Мінска стала іграць галоўную ролю ў жыцці Артура Аляксандравіча. Менавіта тут ён вырашыў ажыццявіць свой ці не самы смелы творчы праект — стварыць першую ў Беларусі арт-вёску.

Каптаруны сёлета як ніколі на слыху. Толькі за тры летнія месяцы тут пабывалі сотні гасцей з розных краін свету.

У дзень майго прыезду ў арт-вёсцы знаходзілася каля 25 чалавек — аматараў і прафесіяналаў кінематографа. Усе яны ўдзельнічалі ў рабоце кінашколы, якая была арганізавана пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Польшча і Інстытута Адама Міцкевіча. Яе фармат прадугледжваў дзве часткі. Спачатку тэорыя, прагляд класічнага польскага дакументальнага кіно, абмеркаванні, майстар-клас беларускага рэжысёра і сцэнарыста Віктара Аслюка. Затым — непасрэдна здымкі.


Каптаруны знаходзяцца на скрыжаванні чатырох культур: беларускай, літоўскай, польскай і яўрэйскай, а геаграфічна — на самай беларуска-літоўскай граніцы.


Здаецца, словы «кіно» і «Каптаруны» хутка змогуць стаць сінонімамі. За непрацяглы час існавання арт-вёскі тут было знята не менш за дзясятак фільмаў, пераважна кароткаметражных, але і гэта, згадзіцеся, вынік. Два гады запар у Каптарунах праходзіў маштабны міжнародны форум памежнага кіно «ХРОНОТОПь». Яго мэты — папулярызацыя малабюджэтнага сацыяльна арыентаванага кіно, падтрымка маладых аўтараў, стварэнне ўмоў для рэалізацыі іх ідэй.

Сёлета ўвага скіравана менавіта на дакументальнае кіно. Слухачы кіна­школы ладзілі яго прагляды на вялікім экране ў… тэатры. Не, гэта не памылка! Летам у арт-вёсцы пачаў дзейнічаць каптарунскі вясковы тэатр — прасторны будынак са шматфункцыянальнай залай. Ужо цяпер тут можна праводзіць самыя разнастайныя мерапрыемствы — ці гэта канцэрты, спектаклі, круглыя сталы, ці любыя творчыя сустрэчы. Афіцыйнае адкрыццё тэатра з удзе­лам шматлікіх ганаровых гасцей плануецца арганізаваць у наступным годзе, калі будаўнічыя работы будуць завершаны.

Першае мерапрыем­ства ў тэатры ад­бы­лося 24 жніўня — гэта была прэм’ера саўнд-тэатр-оперы Liberato. The Urgent Love Story… Яе аўтары — кампазітар Алена Юрцэвіч і оперная спявачка Кора Шмайзер, якая жыве і працуе ў Нідэрландах і Германіі. Іх сумесны твор быў скончаны менавіта ў Каптарунах, тут жа ён упершыню прагучаў цалкам. Прэм’ера прайшла з аншлагам — Артур Клінаў і не разлічваў, што ў той вечар у Каптарунах збярэцца столькі гасцей.

Шмат іх было на самай маштабнай падзеі лета-2019 — літаратурным фестывалі «Міжмор’е літаратур». 27—28 ліпеня тут сабраліся пісьменнікі і перакладчыкі з Германіі, Швецыі, Швейцарыі, Польшчы, Расіі, Беларусі. Акрамя шматлікіх дыскусій, ладзіліся і перакладчыцкія майстэрні. Гэта асобны праект, задача якога — пазнаёміць замежных перакладчыкаў з сучаснай беларускай літаратурай, зацікавіць іх у мэтазгоднасці перакладу нашых твораў на еўрапейскія мовы, тым самым адкрыць іх больш шырокай чытацкай аўдыторыі.

Напрыканцы жніўня арт-вёска сустракала прадстаўнікоў польскай супольнасці «Падляскія смакі». Ёсць планы ўжо ў наступным годзе запусціць незвычайны польска-беларускі праект — веласіпедныя кулінарныя маршруты, у якія ўвойдуць Трабуцішкі, Лынтупы, Вялічкі і Каптаруны. Яго распрацоўкай актыўна займаецца Лынтупскі культурны цэнтр «Культыватар». Сутнасць праекта заключаецца ў тым, каб скласці падрабязную турыстычную карту, дзе будуць пазначаны не толькі галоўныя славутасці рэгіёна, але і аграсядзібы. Кожная з іх будзе прапаноўваць гасцям адметныя стравы беларускай нацыянальнай кухні.

Якія галоўныя вывады пасля завяршэння звышнасычанага летняга сезона зрабіў для сябе стваральнік арт-вёскі?

— Сёлета, нарэшце, адчуваю аддачу, бачу плён сваёй вялікай працы, і гэта неймаверна натхняе, — адказаў на пытанне Артур Клінаў. — Каторы год запар я ўкладваю ў Каптаруны безліч часу, сіл і сродкаў і цяпер магу смела сказаць, што арт-вёска не проста існуе, а жыве, прываблівае, захапляе. Прычым яе дзей­насць звязана не толькі з намі, творцамі, але і з мясцовымі жыхарамі. Іх усяго чацвёра, але яны заўсёды ідуць нам насустрач, дапамагаюць вырашаць бытавыя пытанні, дадаюць вёсцы жыцця, непаўторнага каларыту, які штучна не створыш ні за якія грошы.

…На восень маштабных творчых мерапрыемстваў у Каптарунах не запланавана. Але гэта не значыць, што сюды перастануць прыязджаць турысты. Дзве самабытныя аграсядзібы Артура Клінава прымаюць гасцей круглы год. І колькасць іх прыхільнікаў з часам толькі расце.

Вось адзін з водзываў, пакінутых на старонцы сядзібы ў Каптарунах у «Фэйсбуку»:


«Гэта адно з найлепшых беларускіх месцаў адпачынку, дзе сапраўднае царства звяроў і птушак… дзе найчысцейшыя азёры з вялікай колькасцю невылаўленай рыбы, лясы з пераспелымі падасінавікамі… Гэта беларускі тупік у прамым і пераносным сэнсах… Казулі падыходзяць да вокнаў і захоплена глядзяць, як вы драўлянай лыжкай паядаеце найчысцейшую мясцовую смятану», — напісаў карыстальнік Андрэй Каравянскі.


…Калі б мяне папрасілі коратка расказаць пра Каптаруны, то сказала б, што гэта месца, куды хочацца вяртацца. Калі людзі робяць сваю справу сумленна, шчыра і з душой, гэта западае ў сэрца назаўжды.

Іна Сняжкова
Фота з архіва Артура Клінава



Tagged

1 комментарий по теме “Высокое искусство не так и высоко, или Чем сегодня живёт арт-деревня Каптаруны

  1. Этот дом-моя РОДИНА…..

    Рейтинг комментария:Vote +1+2Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.