Коллективу Лынтупского лесничества по итогам работы за первое полугодие присуждено первое место в лесхозе

Общество

Лідар лясгаса

Калектыву Лынтупскага лясніцтва па выніках работы за першае паўгоддзе прысуджана першае месца ў лясгасе.

З памочнікам ляснічага Леанідам Руткоўскім едзем туды, дзе вядзецца палосна-паступовая высечка. Некаторы адрэзак дарогі ідзём пешшу. Прырода заварожвае. Наталяюся прыгажосцю дрэў, чыстым паветрам, спакоем.

— І мы, работнікі лесу, най­больш любім восень, — гаворыць Леанід Казіміравіч. — Завяршаецца пажаранебяспечны перыяд, знікае машкара, якая летам вельмі дакучае, не такія спякотныя стаяць дні. А работы ў лесе хапае ў любую пару года.

Праз пэўны час чую гул бензапілы і бачу месца высечкі: прарэджаныя сосны імкнуцца ў вышыню, бялеюць пні толькі што спілаваных дрэў, акуратна складзена галлё.

— Спілоўваем не ўсё запар, — тлумачыць Леанід Казіміравіч. — Пакідаем сосны, якія рас­кідваюць насенне. З яго вы­растуць маладыя дрэўцы. Так эканомім сродкі на пасадку. Самасеянцы пойдуць у рост, а старыя сосны праз гадоў пяць зрэжам. Пры нарыхтоўцы драўніны строга прытрымліваемся патрабаванняў ляснога апякунскага Савета (FSC). Гэта міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая выдае адпаведныя сертыфікаты на нарыхтоўку драўніны.

Набліжаемся да вальшчыкаў. Яўгеній Старадуб і Алег Цыльвік пакідаюць месца работы і на­кіроўваюцца да нас. Майстар лесу Адрэй Баран цікавіцца іх работай, ацэньвае выканананы аб’ём, дае распараджэнні наконт наступнага ўчастка.

Лынтупскае лясніцтва ахоплівае 13 512 гектараў. Нарыхтоўка драўніны вядзецца па сучасных тэхналогіях. Калі раней галінкі скідвалі ў адно месца і спальвалі, то цяпер іх пакідаюць для натуральнага перагнівання. Гэта робіцца з той мэтай, каб захаваць лясную фаўну і флору, бо пры спальванні многія іх віды знішчаюццца. Агонь — самы небяспечны вораг лесу.

— Нягледзячы на сухія вясну і лета, пажараў на тэрыторыі нашага лясніцтва не было, — працягваў Леанід Руткоўскі. — Удзячны лынтупчанам і гасцям, якія прытрымліваліся ў гэты перыяд правіл паводзін у лесе, а таксама леснікам, якія пільна неслі службу. Парушальнікаў насцярожваюць фотапасткі.

Накіроўваюся да адмі­ні­стацыйнага будынка Лын­тупскага лясніцтва. На маё пытанне, што па­спрыяла першынству, ляснічы Рышард Пецюлевіч адказаў:

— Зладжаная работа ўсяго калектыву. У штаце 25 чалавек. Уся нагрузка — на 3 майстрах лесу, 8 лесніках, 5 вальшчыках, 2 механізатарах і 2 вадзіцелях. Пра кожнага работніка можна сказаць толькі самае добрае. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі мой памочнік Леанід Руткоўскі, майстры Віктар Пупкевіч, Андрэй Баран, леснікі Мар’ян Кавалеўскі, Леанід Глебка, леснікі-вальшчыкі Генадзій Пякарскі, Славамір Якубовіч, вальшчыкі Валерый Наркевіч, Яўгеній Старадуб, Алег Цыльвік і іншыя.

Больш за 25 гадоў адпрацавала галоўным бухгалтарам у лясніцтве Ганна Бондар. Хоць камп’ютарызацыя спрасціла работу бухгалтэрыі, чалавека ніхто не заменіць. Справаздачы, балансы, расход, прыход, бюджэт… Кожная лічба — вялікая адказ­насць. Ганна Іванаўна ў сваёй справе — прафесіянал. Сёлета яна ідзе на заслужаны адпачынак. Работнікі лясніцтва дзякуюць ёй за сумленнасць, старанне, кампетэнтнасць.

Адметнасцю Лынтупскага лясніцтва з’яўляецца тое, што праз яго тэрыторыю праходзіць Дзяржаўная граніца з Літвой. Леснікі і іншыя работнікі — на­дзейныя памочнікі пагранічнікаў. У кабінеце Рышарда Пецюлевіча ёсць некалькі грамат кіраўніцтва Смаргонскай пагранічнай групы за актыўны ўдзел у мерапрыемствах, накіраваных на пільную ахову Дзяржаўнай граніцы краіны.


Лынтупскае лясніцтва ахоплівае 13 512 гектараў.


А якая прыгажосць каля адміністрацыйнага будынка! Ён узведзены ў 2013 годзе. Гэта стала магчымым дзякуючы намаганням дырэктара лясгаса Уладзіміра Місачэнкі. 

 

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.