Механизированно убирают картофель в ОАО «Новоселки-Лучай»

Сельское хозяйство

Механізавана ўбіраюць бульбу ў ААТ «Навасёлкі-Лучай»

Другі хлеб у ААТ «Навасёлкі-Лучай» займаў 40 гектараў. Да яго ўборкі прыступілі з першых дзён верасня. Поле за Прамышлядамі, на якім расла бульба, пусцее. Убраць яе засталося на лічаных гектарах. Сёлета ручную працу выкарыстоўвалі мінімальна — навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа працавалі ўсяго некалькі дзён.

Работа вядзецца ў асноўным камбайнам. На ім працуе вопытны механізатар Аляксандр Смолка (ён жа і садзіў бульбу). На мосціку машыны завіхаюцца Андрэй Швед і Юрый Нямірскі: яны адкідваюць з транспарцёра камяні, пустазелле. Даглядалі бульбу Люцыян Даўгель (акучванне), Славамір Пястун і Алег Чумакоў (хімпраполка і апрацоўка ад фітафторы).

— Камбайнам убіраць другі хлеб значна танней і менш клопатна, — расказваў галоўны аграном гаспадаркі Уладзіслаў Шаршнёў. — За дзень вызваляем ад бульбы  па 2-3 гектары. Юныя памочнікі стараліся, дзякуй ім. За тры дні яны ўбралі 7 гектараў, накапалі 213 тон. Але для гаспадаркі гэта дадатковыя расходы на перавозку, зарплату.

Ураджай бульбы сёлета нядрэнны —  клубні практычна ўсе буйныя — адзін у адзін. Трактару з камбайнам дастаткова праехаць па барознах пару соцень метраў і чатырохтонны бункер ужо напоўнены.

Вырошчванню другога хлеба ў тэхналагічным плане ў гаспадарцы надаецца пільная ўвага. Для пасадкі выкарыстоўваюцца гатункі, якія сябе добра зарэкамендавалі ў мінулыя гады. Сярод іх — «брыз» і «скарб» беларускай селекцыі, а таксама «эвалюшын» галандскай. Апошні сёлета вырошчвалі ўпершыню і не расчараваліся.

Багатым ураджаем аддзячыла бульба навасёлкаўскім земляробам за тое, што захоўваюць севазвароты з добрымі папярэднікамі, своечасова ўносяць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, апрацоўваюць супраць фітафторы.

Гарачы час у вадзіцеляў Аляксандра Варашкевіча, Івана Юркайця, якія заняты на адвозцы клубняў і за дзень паспяваюць адвезці ад камбайна 30-40 тон.

Вырашчаны ўраджай паступае на сартавальны пункт. Тут таксама кіпіць работа. Клубні разбіраюцца ў залежнасці ад размеру: дробныя, на сяўбу і буйныя. Адсартаваная бульба паступае на транспарцёры-экскалатары і засыпаецца на захоўванне. На сартавальным пункце не абысціся без людскіх рук.  Выручаюць беспрацоўныя, якіх прывозяць з Варапаева, іншых бліжэйшых населеных пунктаў. Людзі выбіраюць камяні, якія трапляюцца, несартавыя клубні (пазелянеўшыя, патрэсканыя — пойдуць на корм жывёле). Адборная бульба засыпаецца ў сховішча. Тут ужо захоўваецца больш за 1000 тон.

— Ураджай радуе, а попыт на другі хлеб сёлета слабаваты, — гаварыў Уладзіслаў Шаршнёў. — Выйгралі тэндар на забеспячэнне бульбай лячэбных устаноў раёна, ёсць дамоўленасць на пастаўку ў некаторыя арганізацыі па-за межамі Пастаўшчыны.

Гаспадарка аказвала дапамогу ва ўборцы бульбы і тым, хто вырошчвае яе ў кааператыве. З капалкамі там рупіліся Алег Чумакоў і Віталій Смолка.

Тэкст і фота Аны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.