На Поставщине продолжается акция «Во славу общей победы». На прошлой неделе делегация района посетила братскую могилу в Воропаеве

75 лет освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков

У страі назаўжды

На Пастаўшчыне працягваецца акцыя «На славу агульнай Перамогі». Яе мэта — зберагчы і ўвекавечыць памяць пра воінаў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Зараз на ўсіх воінскіх пахаваннях нашай краіны праходзіць забор зямлі, каб у 2020 годзе залажыць яе ў капсулах у храме-помніку ў гонар Усіх Святых у Мінску.

На мінулым тыдні дэлегацыя раёна наведала брацкую магілу ў Варапаеве, якая знаходзіцца ў гарадскім парку. Ушанаваць памяць абаронцаў Айчыны сабраліся ваенны камісар раёна Мікалай Кулік, дырэктар СШ №2 райцэнтра Аляксандр Кузняцоў, навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Марыя Лапцінская, прадстаўнікі Варапаеўскага сельвыканкама, мясцовай школы і Варапаеўскай дыстанцыі пуці. Працяглы час вядомымі былі не ўсе прозвішчы пахаваных тут чырвонаармейцаў, партызан і падпольшчыкаў, але дзякуючы даследчай рабоце Аляксандра Кузняцова і вучняў Юнькаўскай школы многія ўстаноўлены.

«Радавы, старшы сяржант, малодшы лейтэнант…», — сведчаць надпісы на таблічках помніка. Насупраць гэтых і іншых воінскіх званняў у алфавітным парадку імёны тых, хто знайшоў вечны спачын у засені дрэў гарадскога парку. Абаронцы, якія навечна засталіся ў страі, нібы чакаюць пераклічкі…

— Гэта вялікае пахаванне. Сёння дакладна вядома, што тут пакояцца 116 чалавек, — расказваў Аляксандр Кузняцоў. — Звесткі ўвесь час удакладняюцца. Напрыклад, на таблічцы помніка значыцца, што тут пахаваны радавы Мікалай Дзяменаў, але насамрэч ён быў капітанам, згарэў у танку пры захопе нямецкай пазіцыі ў населеным пункце Жуперкі. Гэта недакладнасць, а калі знойдуцца іншыя, то і яны будуць выпраўлены, бо наша задача — даведацца гістарычную праўду, каб кожны ваеннаслужачы, партызан, падпольшчык, які аддаў жыццё, абараняючы нашу зямлю, быў названы.

Каб пашырыць звесткі пра пахаваных тут воінаў, Аляксандр Іванавіч перадаў старшыні сельвыканкама Іне Касарэўскай архіўныя дакументы, якія датычацца пахаванага тут Мікалая Золіна, ураджэнца Архангельскай вобласці. У пачатку вайны ён апынуўся на акупіраванай тэрыторыі і ўступіў у партызанскі атрад імя Шчорса брыгады імя Ракасоўскага. Загінуў на тэрыторыі Варапаеўскага сельсавета. Сярод дакументаў ёсць і ліст Ганны Малахавай, якая была з Мікалаем Золіным у адным атра­дзе, а потым перапісвалася з яго роднымі. Пасля вайны жанчына жыла ў Варапаеве, выкладала ў мясцовай школе.

Пра ветэранаў-варапаеўцаў узгадала старшыня пярвічнай арганізацыі савета ветэранаў Варапаеўскай дыстанцыі пуці Валянціна Трафімава:

— Работу з ветэранамі вайны пачала весці ў 2003 годзе. Тады на ўліку было 18 чалавек, зараз застаўся толькі адзін — Віктар Мацвеевіч Красоўскі. Такіх людзей забываць нельга: яны не толькі прайшлі вогненнымі вёрстамі вайны, але і самааддана працавалі ў мірныя гады.

Дырэктар Варапаеўскай школы Віктар Жук паведаміў пра работу, якая вядзецца ва ўстанове адукацыі па ўвекавечанні памяці загінулых у Вялікую Айчынную вайну. Гэта тэма надзвычай актуальная, дазваляе выхоўваць моладзь на прыкладах патрыятызму і мужнасці нашых дзядоў і прадзедаў. Ля брацкай магілы праводзяцца мітынгі падчас святкавання 9 Мая і Дня Незалежнасці Беларусі, прымаюцца ў піянеры дзеці. У школе ёсць музейны куток, значнае месца ў якім адве­дзена падзеям 1941—1945 гадоў.

Права зрабіць забор зямлі з воінскага пахавання было да­дзена Іне Касарэўскай і навучэнцы Варапаеўскай школы Дзіяне Даўгель.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.