На Поставщине проживает около 11 тысяч человек пожилого возраста. Интервью с Анной Литвинович

Общество

Днём дабра і павагі, а не пажылых людзей лічыць 1 кастрычніка старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў» Ганна Літвіновіч.

І працягвае, што гэтыя людзі ўнеслі годны ўклад у развіццё раёна і краіны, а большасць з іх і зараз, нягледзячы на ўзрост, актыўныя, поўныя ідэй і энтузіязму. Таму і заслугоўваюць нязменнай павагі не толькі ў асаблівы, абазначаны ў календары, дзень, але і пастаянна. На Пастаўшчыне пражывае каля 11 тысяч чалавек пажылога ўзросту, што складае 30,9 працэнта ад усёй колькасці насельніцтва.

— Ганна Францаўна, а колькі ў раёне пярвічных ветэранскіх арганізацый і якія дзейніча­юць найбольш актыўна?

— На ўліку 53 пярвічкі. Работа ў першую чаргу залежыць ад таго, наколькі ініцыятыўныя людзі іх узначальваюць. Карыстаючыся магчымасцю, хачу шчыра па­дзякаваць старшыням пярвічных ветэранскіх арганізацый Варапаеўскай дыстанцыі пуці, райбыткамбіната, Курапольскага сельскага Савета, цэнтральнай раённай бальніцы, ААТ «Паставымэбля», малаказавода Валянціне Аляксандраўне Трафімавай, Кацярыне Анатольеўне Казловай, Мікалаю Мікалаевічу Мацюшчанку, Наталлі Паўлаўне Змяеўскай, Валянціне Іванаўне Петух, Алене Пятроўне Бубновіч, якія пастаянна клапоцяцца пра ветэранаў працы, умеюць знайсці агульную мову з кіраўніцтвам прадпрыемстваў. Пастаянна праводзіцца работа і ў іншых пярвічных арганізацыях.

— Для пажылога чалавека, а тым больш калі ён адзінокі, вельмі дарагая ўвага.

— Мы разумеем гэта і стараемся яе праяўляць: сазвоньваемся, цікавімся здароўем і справамі, запрашаем на святы, віншуем з днямі нараджэння і юбілеямі. Напрыклад, летась адправілі 266 віншавальных паштовак за подпісамі старшыні райвыканкама і старшыні раённага савета ветэранаў, за 9 месяцаў гэтага года — 250. У 2018 годзе 11 ветэранаў працы ўзнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама, 8 — Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў, 25-ці аб’яўлена Падзяка старшыні райвыканкама. І сёлета такіх жа адзнак удастоены больш за 20 чалавек. Шмат піша пра ветэранаў вайны і працы «Пастаўскі край». Цудоўна, што сёлета на яго старонках з’явіўся сумесны праект нашай раённай арганізацыі і газеты «Працоўны скарб Пастаўшчыны». Сённяшняе пакаленне павінна ведаць пра тых, хто ў свой час вызначаўся ў працы, дабіваўся высокіх вынікаў, адзначаўся дзяржаўнымі ўзнагародамі.

— На каго абапіраецеся ў сваёй рабоце?

— Адчуваю пастаянную падтрымку райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, многіх кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў. Для прыкладу назаву некаторыя: ААТ «Навасёлкі-Лучай», малочны завод, Варапаеўская дыстанцыя пуці, лясгас, раённы вузел паштовай сувязі. Удзячная таксама ўсім старшыням сельскіх Саветаў і асабліва Валкоўскага — Таісе Баторы, Юнькаўскага — Вячаславу Врублеўскаму, Варапаеўскага — Іне Касарэўскай. Цаню старэйшын вёсак, ды і радавых вяскоўцаў, гараджан, якія ўносяць свае прапановы, падказваюць, хто з ветэранаў працы заслугоўвае асаблівай увагі і ўшаноўвання. Вялікую работу па патрыятычным выхаванні маладога пакалення праводзяць кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ №2  Рэгіна Ластоўская і хор ветэранаў пад кіраўніцтвам Паўла Рагіні.

— Асобнае пытанне пра сацыяльнае партнёрства.

— У адзіночку мы мала што змаглі б ажыццявіць. Працуем у цесным кантакце з раённай арганізацыяй ГА «БРСМ», ТЦСАН, Пастаўскай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, раённай арганізацыяй ­РГА «Белая Русь», прафсаюзамі, раённым краязнаўчым музеем. Сумесна з імі аказваем дапамогу пажылым, праводзім разнастайныя масавыя мерапрыемствы. Напрыклад, такія як рэтра-маёўкі, сустрэчы ветэранаў і пакаленняў, сацыяльны экспрэс, урачыстасці да памятных дат і іншыя.

— Што пажадаеце лю­дзям залатога ўзросту?

— Здароўя, любові і павагі ад родных і блізкіх, дабрабыту. Чакаю зваротаў па любых жыццёвых пытаннях, цікавых прапаноў, новых ідэй. З радасцю сустрэну кожнага, хто загляне ў савет або патэлефануе нам на нумар 4-24-83.

Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.