На работу — с радостью. Почтальон отделения почтовой связи «Поставы-2» Татьяна Новицкая

Общество

На работу – з радасцю ідзе кожны дзень паштальён аддзялення паштовай сувязі «Паставы-2» Таццяна Навіцкая.

Гераіняй артыкула Таццяна Фёдараўна стала невыпадкова. Яна — адказны і добрасумленны працаўнік, заўсёды выконвае даведзены план і забяспечвае самую высокую сярод усіх паштальёнаў раёна падпіску на «Пастаўскі край».

Сёння на ўчастку Таццяны Навіцкай — а гэта палова мікрараёна пятага гарадка — раённую газету выпісваюць 188 чалавек. Прыведзеная лічба «летняя». Закончацца работы на агародах, вернуцца дамоў дачнікі — і колькасць падпісчыкаў узрасце на пару дзясяткаў. Прычым сярод іх не толькі пенсіянеры, але і людзі сярэдніх гадоў, а таксама моладзь да 30-ці. Да ўсіх паштальён умее знайсці падыход, зазначаючы, што лю­біць працаваць з людзьмі.

— Першы раз на пошту я ўладкавалася ў 1990 годзе, — расказвала Таццяна Фёдараўна. — Прыйшла таму, што тут была магчымасць без чаргі атрымаць месца ў дзіцячым садку. Адпрацавала амаль чатыры гады і звольнілася: цяжка было насіць набітую газетамі і часопісамі паштальёнскую сумку. А не так даўно вярнулася, але не ў цэнтральнае, а ў другое аддзяленне сувязі, якому патрэбен быў паш­тальён. Вырашыла зноў паспрабаваць, бо сама жыву ў пятым гарадку і ведаю тут нямала людзей.

Параўноўваючы работу паш­тальёна чвэрць стагоддзя назад з цяперашняй, мая суразмоўца прызнаецца: зараз працаваць складаней. Гэта раней амаль у кожным доме выпісвалі па 5-8 газет і часопісаў. А цяпер, каб аформіць падпіску нават на адно выданне, трэба пастарацца. Усе газеты маюць сайты ў інтэрнэце, і многія пастаўчане чытаюць іх там. У кагосьці проста няма лішніх грошай.

Але Таццяна Навіцкая ўмее ўгаварыць чалавека выпісаць газету хаця б на месяц. І заўсёды ў першую чаргу прапануе раёнку. Большасць жа яе падапечных афармляюць падпіску на «Пастаўскі край» адразу на квартал, а то і на паўгода. Прычым робяць гэта рэгулярна, без лішніх напамінаў. Яны самі тэлефануюць паш­тальёну і запрашаюць прыйсці да іх дамоў. Некаторыя просяць падпісаць на газету прама на вуліцы, выпадкова сустрэўшыся.

— Таццяна Фёдараўна ніколі не адмовіць чалавеку, які да яе звярнуўся, — гаварыла начальнік аддзялення паштовай сувязі «Паставы-2» Ірына Пятроўская. — Яна заўсёды на пазітыве, з усмешкай. Да такіх цягнуцца людзі. Нядаўна была на бальнічным, а мы якраз павесілі на дзвярах аддзялення аб’яву, што ў горад патрабуецца паштальён. Дык ледзь не ўвесь гарадок захваляваўся: няўжо на месца Фёдараўны шукаюць іншую?!

Падпіску на перыядычныя выданні Таццяна Навіцкая вядзе не толькі ў пятым гарадку. Перыядычна наведваецца з гэтай мэтай у цэнтральную раённую бальніцу, дзе раней працавала і мае шмат знаёмых медыкаў. Падпісвае таксама работнікаў дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Ветразь». Для яе не цяжка адправіцца ў другі канец горада ці за горад нават дзеля аднаго чалавека, бо разумее: страціць падпісчыка лёгка, а вось знайсці новага не так проста. Тым не менш яны з’яўляюцца, і ў асноўным сярод працуючых.

Цяпер мяняць работу Таццяна Фёдараўна не збіраецца.

— У нас цудоўны калектыў і вельмі добры начальнік аддзялення: Раманаўна гарой стаіць за падначаленых, — кажа яна. — Я шчаслівая, бо мне хочацца ісці на работу, а з работы — дамоў.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.