О новых проектах, инициативах и многом другом молодёжь Поставщины узнала во время открытого диалога с Олегом Дикуном и Вячеславом Хролом

Общество

Энергію маладосці – Бацькаўшчыне

Пра тое, якія стаўкі ў нашай краіне робяцца на маладзёжны парламентарызм, пра новыя праекты і ініцыятывы, міжнароднае супрацоўніцтва і іншае ішла гаворка падчас адкрытага дыялогу маладзёжнага актыву Пастаўшчыны з другім сакратаром ЦК ГА БРСМ Алегам Дзікуном і першым сакратаром абкама БРСМ Вячаславам Хролам.

Сустрэча адбылася 17 верасня ў зале пасяджэнняў райвыканкама. У размове з моладдзю Алег Дзікун не стаў пералічваць існуючыя праекты і кірункі дзейнасці, з якімі кожны можа азнаёміцца на сайце Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі brsm.by, а агучыў новыя напрацоўкі. У прыватнасці, зараз ідзе работа над тым, каб максімальна пашырыць сферу выкарыстання членскага білета. Мяркуецца, што да пачатку наступнага года ён стане шматфункцыянальнай дысконтнай сістэмай, якая будзе дзейнічаць не толькі ў Беларусі, але і ў 32 краінах свету.

Па-ранейшаму адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці маладзёжнага аб’яднання застаецца выхаванне ў сваіх членаў актыўнай грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі. Так, зараз распрацоўваецца анлайн-карта, на якой будуць пазначаны гістарычныя месцы часоў Першай і Другой сусветных войнаў. Яна стане не толькі гістарычным даведнікам для беларусаў, але і своеасаблівым навігатарам для замежных гасцей, якія з яго дапамогай змогуць скласці маршрут вандроўкі па нашай краіне.

Яшчэ адзін цікавы патрыятычны праект — «Маладзёжны марафон «75». Сёлета падчас яго правядзення было сабрана больш за 2 тысячы здымкаў вызваліцеляў Беларусі. Частка з іх размесціцца на рэспубліканскім «Палотнішчы Вызвалення», якое ў рамках святкавання Дня Незалежнасці ў наступным годзе стане неад’емным атрыбутам патрыятычнага шэсця «Беларусь памятае» і ва ўрачыстай абстаноўцы будзе перададзена на захоўванне ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пакуль марафон «калясіў» па розных рэгіёнах нашай Бацькаўшчыны, узнікла ідэя пашырыць яго фармат. Так выспела рашэнне пусціць цягнік «Брэст—Уладзівасток». Яго пасажырамі стануць і 100 нашых маладых суайчыннікаў. Іх чакае 20-дзённая вандроўка, насычаная культурная і гістарычная праграма. Рэалізаваць праект плануецца да 21 ліпеня. Менавіта гэтага чысла 1945 года з Германіі вярнуліся першыя эшалоны з франтавікамі, якіх сустракалі суайчыннікі на Беларускім вакзале ў Маскве.

Сёння новае гучанне набірае тэма маладзёжнага парламентарызму. У прыватнасці, распрацоўваецца праект палажэння аб нацыянальным маладзёжным парламенце. Ён будзе сфарміраваны па прынцыпе Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, і ў яго ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх раёнаў краіны.

— Спікер Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч неаднойчы выказваў зацікаўленасць у развіцці маладзёжнага парламентарызму, падкрэсліваючы, што нам неабходна ствараць сістэму сацыяльных ліфтаў. А гэта надзвычай актуальна для нашага грамадства, паколькі краіна адчувае недахоп кіруючых кадраў, пра што не раз гаварыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Будзем спрабаваць гадаваць іх з юнацтва, — расказваў Алег Дзікун. — Апроч таго, нацыянальны маладзёжны парламент стане часткай Міжнароднай федэрацыі маладзёжных парламентаў і зможа прымаць удзел у міжнародных форумах. А гэта цудоўная магчымасць для зносін і ўзаемадзеяння маладых людзей усяго свету. Сцвярджаю гэта як дэпутат Маладзёжнай Палаты пры Парламенцкім Сходзе Беларусі і Расіі.

Таксама Алег Дзікун падзяліўся ўласным вопытам працы ў першай Маладзёжнай палаце, якая дзейнічала пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў і ў якую яму, на той момант 9-класніку, пашчасціла трапіць.

Пра тое, як праходзяць выбары ў Маладзёжную палату пры Пастаўскім раённым Савеце дэпутатаў і чым займаюцца яе прадстаўнікі, паведаміла яе старшыня Каця Музычэнка. Намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце 1-га радыётэхнічнага цэнтра Сяргей Цеплякоў і намеснік начальніка рэзервовай пагранзаставы пагранічнай камендатуры «Паставы» Дзмітрый Бурак спыніліся на ваенна-патрыятычных мерапрыемствах, у якіх члены пярвічак сілавых структур выступаюць у якасці журы, арганізатараў і ўдзельнікаў.

У сваёй прамове Вячаслаў Хрол спыніўся на рэалізацыі мала­дзёжнай палітыкі ў Віцебскай вобласці:

— Зараз асноўны акцэнт зроблены на развіцці форумнай праграмы. Такі фармат работы дазваляе наладжваць больш цесныя зносіны, уздымаць хвалюючыя пытанні, будаваць планы, а галоўнае — наладжваць зваротную сувязь. Менавіта з улікам вашых прапаноў, ініцыятыў, заўваг мы плануем мерапрыемствы, бо для нас, арганізатараў, надзвычай важна, каб яны падабаліся не толькі нам, але і ўдзельнікам і гледачам. Прыемна адзначыць, што Пастаўская моладзь заўсёды годна прадстаўляе свой раён на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Гэта гаворыць пра тое, што ў вас наладжана цудоўнае ўзаемадзеянне паміж райкамам БРСМ, выканаўчай уладай і раённым Саветам дэпутатаў. А там, дзе дзейнічае каманда — будзе і вынік.

Шмат увагі ў нашай вобласці надаецца і міжнароднаму супрацоўніцтву. Сёлета на форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу, Віцебшчына падпісала палажэнне аб стварэнні Маладзёжнага савета прыгранічча са Смаленскай вобласцю Расіі. Дарэчы, міжнароднай інтэграцыі моладзі надаецца вялікая ўвага і на рэспубліканскім узроўні. Так, на бягучым тыдні ў Мінску адбыўся Еўразійскі мала­дзёжны форум, 2—3 кастрычніка сталіца Беларусі прыме дэлегацыю Усекітайскай Федэрацыі Моладзі на чале з яе старшынёй. У канцы кастрычніка–пачатку лістапада ў Кішынёве пройдзе Беларуска-Малдаўскі маладзёжны форум. З гэтай краінай мы плённа супрацоўнічаем па лініі студэнцкіх атрадаў і плануем пашыраць узаемадзеянне.

Значная частка адкрытага дыялогу была прысвечана абмеркаванню арганізацыйных момантаў, грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі, любові да Бацькаўшчыны, праектаў і задум. Не буду рассакрэчваць усе прапановы, якія прагучалі, скажу толькі: калі ўсё «зрасцецца» — Пастаўшчына ў хуткім часе стане пляцоўкай для правядзення грандыёзных мерапрыемстваў. На развітанне Алег Дзікун пажадаў моладзі не саромецца і імкнуцца рэалізоўваць свае ідэі: «У тым і хараство вашага ўзросту, што любыя памылкі можна спісаць на маладосць. Трэба дзейнічаць».

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.