Образование Поставщины: результаты, достижения, планы

Образование

«Жнівеньская канферэнцыя – адна з найлепшых педагагічных традыцый у сістэме адукацыі. Яна дае магчымасць абагульніць вынікі мінулага навучальнага года, вызначыць прыярытэты і шляхі развіцця новага», – гэтымі словамі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Кашырын распачаў сёлетнюю педканферэнцыю. Яна адбылася 30 жніўня ў раённым Доме культуры.

На мерапрыемстве прысутнічалі дэлегацыі з усіх 32 устаноў адукацыі Пастаўшчыны — настаўнікі, педагогі дадатковай адукацыі, выхавальнікі. У зале знаходзіліся і два маладыя спецыялісты — Вікторыя Рубан і Жанна Юркіна. Абедзве скончылі Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава, іх першымі рабочымі месцамі стануць пастаўскія СШ №1 і яслі-сад №5, што ў мікрараёне пятага гарадка.

У пачатку выступлення Аляксандр Кашырын засяродзіў увагу на тым, што сёлета ў раёне не закрылася ні адна школа. Аднак з новага навучальнага года пачынаецца паэтапная рэарганізацыя Гуцкай сярэдняй школы ў базавую: там не ажыццёўлены набор у 10 клас.

Аляксандр Яўгеньевіч узгадаў, што з 1 верасня 2018 года ў раёне былі закрыты базавыя школы ў Старым двары і Ярэве, Хацілаўская пачатковая, Стара­дворскі і Груздаўскі яслі-садкі. Сярэдняя школа №5 г. Паставы рэарганізавана ў базавую. З-за аптымізацыі з бюджэту не зрасходавана сума ў больш чым 132 тысячы рублёў. Гэтыя сродкі накіраваны на набыццё аўтобусаў для падвозу дзяцей з закрытых школ, а таксама для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі раёна.

Асобна Аляксандр Кашырын спыніўся на тэме ўдзелу пастаўскіх школьнікаў у рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах. На ІІ (раённым) этапе па колькасці дыпломаў самымі выніковымі сталі Пастаўская гімназія (28), Варапаеўская СШ (15) і СШ №3 (13).

«Сістэмная работа па падрыхтоўцы школь­нікаў да рэспубліканскай алімпіяды дазволіла годна выступіць камандзе раёна на ІІІ (абласным) этапе. Пастаўшчыну прадстаўляў 31 вучань, яны атрымалі 10 дыпломаў па 5 прадметах. Гэта адзін з найлепшых вынікаў сярод сель­скіх раёнаў вобласці».

У апошнія гады ў раёне вялі-кая ўвага надаецца аргані-зацыі даследчай дзейнасці вучняў. У мінулым навучальным годзе рэзультатыўным стаў удзел школьнікаў у абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў Віцебскай вобласці (5 дыпломаў) і рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (2 дыпломы, 1 пахвальны водзыў).

Як і раней, у раёне ажыццяўлялася падтрымка юных талентаў і педагогаў. На заахвочванне найлепшых вучняў і настаўнікаў сёлета зрасходавана 3 085 рублёў (у 2017-2018 гадах сума была амаль на тысячу рублёў меншая).

На ўзроўні мінулага года застаўся працэнт паступлення пастаўскіх школьнікаў у ВНУ. Сёлета гэта лічба — 50,3%. Найвышэйшы паказчык — у Навасёлках (75%). У СШ №1 ён склаў 70%.

Выступоўца падкрэсліў, што важным інструментам развіцця педагагічнай культуры з’яўляюцца конкурсы прафесійнага майстэрства. Ужо традыцыяй стаў удзел пастаўскіх педагогаў у рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці.

На абласным і рэспубліканскім этапах выставы настаўнікі Пастаўшчыны адзначаны 13 дыпломамі. Дыплом І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама ўручаны намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Лынтупскай яслі-сад—сярэдняй школы Валянціне Руткоўскай. Яна таксама адзначана дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі. Дыпломам І ступені на рэспубліканскім этапе заахвочаны настаўнік геаграфіі Пастаўскай гімназіі Ігар Пракаповіч.

«За апошнія 3 гады 8 школьнікаў раёна ўключаны ў банк даных адораных навучэнцаў і ўзнагароджаны прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Аляксандр Кашырын адзначыў, што асноўная задача агульнай сярэдняй адукацыі — стварыць умовы для навучання і развіцця кожнага вучня ў адпаведнасці з яго індывідуальнымі здольнасцямі. У 2018/2019 навучальным годзе профільнай адукацыяй было ахоплена амаль 60% старша­класнікаў. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізаваны класы прафесійнай накіраванасці. Летась з’явіўся 10-ы про­фільны клас аграрнага кірунку на базе Варапаеўскай сярэдняй школы, там займалася 14 школьнікаў. Установай адукацыі падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам.

Новаўвядзеннем мінулага навучальнага года таксама стала арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі для навучэнцаў 10-х класаў, якія вывучаюць прадметы на базавым узроўні. У рамках прадмета «Працоўнае навучанне» ў пяці ўстановах адукацыі раёна ішло навучанне па спецыяльнасцях  «Цясляр», «Швачка».

На педагагічнай канферэнцыі з дакладамі таксама выступілі дырэктар СШ №1 Павел Трава, дырэктар Пастаўскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Леака­дзія Пушкар, дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Пастаўскага раёна Іна Краўчук і загадчыца ясляў-сада №2 Наталія Руткоўская.

Заключным момантам педканферэнцыі стала ўручэнне Ганаровых грамат і Падзяк педагогам раёна.


Да новага навучальнага года на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі Пастаўшчыны зрасходавана 410 000 рублёў:

Набыты 4 школьныя аўтобусы: для пастаўскіх СШ №2, СШ №3, школ у Варапаеве і Камаях. Іх кошт склаў 290 000 рублёў.

Закуплена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне для харчаблокаў (маразільнікі, халадзільнікі, жарачныя шафы, электрычныя пліты і інш.) на суму амаль 40 000 рублёў.

Абсталяваны 5 камп’ютарных класаў: у Пастаўскай гімназіі, СШ №3, СШ №4, раённым Цэнтры дзяцей і моладзіі і Лынтупскай яслі-сад—сярэдняй школе. Уся камп’ютарная тэхніка каштавала амаль 15 000 рублёў.

Таксама набыта новая школьная мэбля (на суму 12 300 рублёў) і спартыўны інвентар (27 350 рублёў).

Ва ўстановах адукацыі раёна праведзены бягучыя рамонты. Работы працягнуцца і ў верасні.


Тэкст і фота Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.