«ПК» собирает друзей. Наиболее активные внештатные авторы в гостях у редакции

Общество

Драйв і натхненне

Юбілей газеты — свята не толькі рэдакцыйнага калектыву, але і пазаштатных аўтараў. На гэтым здымку вы бачыце найбольш актыўных. Усіх іх аб’ядноўваюць нераўнадушнасць, любоў да газеты і прага творчасці. Большасць супрацоўнічае з раёнкай не адно дзесяцігоддзе, і іх прозвішчы добра вядомыя чытачам.

— Нібыта на дзівакоў, гля­джу на тых, хто не выпісвае «Пастаўскі край», — прызналася Рэгіна Ластоўская. — Як не ведаць, што адбываецца ў раёне? А якраз пра гэта з нумара ў нумар і расказвае газета. У свой час з ёй супрацоўнічаў мой тата, які працаваў галоўным бухгалтарам калгаса «Запаветы Ільіча». Даражу сувяззю з раёнкай і я. Асабліва прываблівае тэма патрыятызму, якую і асвятляю ў большасці сваіх артыкулаў.

Часты госць у рэдакцыі — Леанід Семянас, стаж супрацоўніцтва якога — чвэрць стагоддзя. Чалавек мае багаты жыццёвы вопыт, шмат дзе пабываў і многае пабачыў. Чым і жадае па­дзяліцца з іншымі. Пра што толькі ні піша, і яго публікацыі заўсёды знаходзяць станоўчы водгук у чытачоў.

— А я пачынала са скаргі, — прызналася Стэфанія Якавіцкая. — Было гэта шмат гадоў таму. Па нашай Пралетарскай вуліцы — двухбаковы рух транспарту. На той час яна яшчэ не была заасфальтавана. Даймаў пыл. Ды і размінуцца на вузкай вуліцы машынам, асабліва грузавым, было складана. Наязджалі на агароджы, ламалі іх. Пра што я і напісала ў раёнку. Пісьмо надрукавалі, а неўзабаве і меры былі прыняты — устаноўлены аднабаковы рух. Зараз мая любімая тэма — малая радзіма.

Імя Ігара Пракаповіча шырока вядома не толькі на Пастаўшчыне. Выдатнік адукацыі, паэт, краязнаўца, аўтар дзясяткаў кніг. Таленавіты аўтар плённа супрацоўнічае і з «Пастаўскім краем». Але найперш, яшчэ дзіцем, ён пазнаёміўся з друкарняй, дзе працавала яго маці Раіса Уладзіміраўна, у тым ліку і над стварэннем газеты. У раёнцы дэбютаваў з вершамі. Пазней стаў актыўным удзельнікам літаб’яднання, створанага пры рэдакцыі, а таксама няштатным карэспандэнтам.

— Зараз мы можам не ез­дзіць у Варапаева, — іншы раз гаворым на рэдакцыйнай планёрцы. — Там ёсць Святлана Шафаровіч, якая і асветліць патрэбную тэму. Святлана закончыла пед­універсітэт, аднак літаратурная творчасць яе прыцягвае больш, чым педагогіка. Супрацоўнічаць з «Пастаўскім краем» пачала толькі год назад, але як актыўна! І гэта яе натхняе ўсё больш і больш.

Самыя кранальныя ма­тэ­рыялы выходзяць з-пад пяра Нэллы Лось. Імі зачытваюцца, над імі разважаюць, а то і слязу праліваюць. А сама яна кажа, што атрымлівае драйв і натхненне ад супрацоўніцтва з газетай і што не ўяўляе свайго жыцця без творчасці.

А як не ўзгадаць у юбілей газеты прозвішчаў іншых няштатных аўтараў, якія ўнеслі свой уклад у яе ства­рэнне, а некаторыя працягваюць супрацоўніцтва і зараз? Гэта Аліна Латыш, Барыс Сямашка, Генадзій Зямчонак, Ларыса Кішко, Соф’я Жук, Юрый Катовіч, Раіса Нікіфарава, Часлава Мацур, Аліцыя Трафімовіч, Ніна Сідаровіч, Іван Якян і іншыя.

Са святам, дарагія памочнікі рэдакцыйнага калектыву!

Фаіна Касаткіна
Фота Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.