Поставщина занимает четвертую позицию в области по количеству тех, кто добровольно ушел из жизни

Общество

Не людзі паміраюць, а сусветы

Гэты радок з верша Яўгенія Еўтушэнкі «Людей неинтересных в мире нет…» прамільгнуў у роліку, прапанаваным для прагляду ўдзельнікам круглага стала па прафілактыцы стрэсавых сітуацый і суіцыдальных паводзін сярод насельніцтва, і ўзрушыў трапнасцю выкарыстання. І сапраўды: «Людей мы помним, грешных и земных. А что мы знали, в сущности, о них?»

Як гэта ні сумна, адказу на пытанне мы часам не ведаем нават у дачыненні да самых блізкіх людзей. Між тым ні для каго не сакрэт, што шчырыя словы, сказаныя ў патрэбную хвіліну, могуць дапамагчы чалавеку пазбавіцца ад думак пра суіцыд, вярнуць яму сэнс жыцця. Як не прапусціць дадзены момант і што для гэтага робіцца ўсімі зацікаўленымі службамі раёна, і ішла гаворка ў райвыканкаме ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі «Любі і цані жыццё!». На сустрэчу былі запрошаны спецыялісты сфер аховы здароўя, адукацыі, культуры, сацыяльнай службы, прадстаўнікі сілавых структур, праваслаўнай і каталіцкай канфесій, арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў. Балючае пытанне вырашалі ўсёй грамадой.

— На жаль, сёлета ў нашым раёне склалася неспрыяльная сітуацыя ў плане самазабойстваў: Пастаўшчына займае чацвёртую пазіцыю ў вобласці па колькасці тых, хто добраахвотна пайшоў з жыцця. Зафіксавана 28,5 выпадку самагубстваў на 100 тысяч насельніцтва, што перавышае і абласны, і рэспубліканскі паказчыкі, — акрэсліў актуальнасць праблемы намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, які курыраваў работу круглага стала. — У раёне выпрацаваны сіс­тэмныя падыходы для прадухілення выпадкаў самазабойстваў, распрацаваны дзейсныя формы і метады работы ў гэтым кірунку, давайце іх прытрымлівацца, уводзіць новыя.

Таксама Юрый Мікалаевіч заўважыў, што ў вырашэнні названай праблемы важна не толькі праяўляць чуласць да тых, хто побач, аказваць людзям з суіцыдальнымі схіль­насцямі кваліфікаваную псіхалагічную дапамогу, ствараць даверлівы клімат у сем’ях, не дазваляць адчуваць адзіноцтва, але і фарміраваць у грамадстве станоўчае стаўленне да здаровага ладу жыцця. Прапанова рацыянальная, бо большасць самазабойстваў здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення ці пад уздзеяннем розных шкодных рэчываў. Сёлета ў райцэнтры з надыходам зімы плануецца абуладкаваць гарадскую лыжную трасу па вуліцы 17 Верасня, у наступным годзе — адкрыць на базе ДЮСШ секцыі па барацьбе і боксе, працягваць развіваць турыстычна-спартыўны комплекс «Азёркі».

Псіхіятр-нарколаг ЦРБ Рустэм Крыніцкі прааналізаваў выпадкі самагубстваў у раёне. Так, у гэтым годзе зафіксавана 12 такіх выпадкаў, 10 з іх здзейснілі мужчыны. З іх 9 чалавек працаздольнага ўзросту, 7 пражывалі ў сельскай мясцовасці, 5 нідзе не працавалі.

— Шкада, але ў гэтых выпадках даводзіцца выступаць у ролі статыста, — канстатаваў Рустэм Адамавіч. — Адных пайсці на такі крок вымусілі праблемы са здароўем, іншых — з жыллём, працай, блізкімі. Але праблемы не ўзніклі з космасу — іх актуалізавалі пэўныя абставіны да такой ступені, што чалавек перастаў шукаць шляхі выйсця з іх. Таму важна не выпускаць з поля зроку ніводнага чалавека, які знаходзіцца побач, быць уважлівым да перажыванняў іншых.

— Невылечныя захворванні — адна з распаўсюджаных прычын самазабойстваў. Асабліва калі хвароба асацыіруецца ў грамадстве з асацыяльнымі паводзінамі. Гаворка пра СНІД. Калі людзі даведваюцца пра свой дыягназ, вельмі часта аказваюцца ў палоне несуцяшальных думак, — дзялілася прафесійным досведам галоўны ўрач райЦГЭ Святлана Рассеева. — Але калі прытрымлівацца антырэтравіруснай тэрапіі, можна пражыць паўнавартаснае жыц­цё і нават нарадзіць здаровае дзіця. Такія прыклады ў раёне ёсць. Аднак мяняць прывычны ўклад жыцця пажадалі прыблізна каля 54% ВІЧ-інфіцыраваных, якія пражываюць на Пастаўшчыне. Радуе тое, што інфармацыйна-адукацыйныя мерапрыемствы, якія ладзяцца для дзяцей і падлеткаў, прыносяць плён: у іх асяродку не зафіксавана выпадкаў захворванняў.

Распавяла Святлана Ана­толь­еўна і пра рэалізацыю праекта «Паставы — здаровы горад», які стартаваў у 2014 годзе і, апроч іншага, прадугледжвае барацьбу з неінфекцыйнымі захворваннямі.

Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Ніна Каспяровіч расказала пра работу, якая праводзіцца ва ўстановах адукацыі па выяўленні ў навучэнцаў схіль­насці да асацыяльных паводзін, дэпрэсій, суіцыдаў, і наступную індывідуальную прафілактыку з педагогам-псіхолагам, работу з бацькамі. Прывяла рэкамендацыі, як у такіх сітуацыях будаваць даверлівы дыялог з дзецьмі, расказала, што павінна насцярожваць, параіла не баяцца звяртацца па дапамогу да спецыя­лістаў, чаго не любяць бацькі, баючыся сапсаваць далейшае жыц­цё дачцэ ці сыну. Але яны павінны гэта рабіць, бо кансультаванне ўрача пойдзе дзіцяці толькі на карысць.

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч акцэнтавала ўвагу на тым, што многія праблемы сучаснага грамадства зводзяцца да элементарнага няўмення будаваць жывыя зносіны, чуць адно аднаго. Намеснік начальніка РАУС Аляксандр Мядзелка спыніўся на сітуацыях, якія складваюцца ў сем’ях і прыводзяць да псіхалагічных траўм, начальнік РАНС Аляксей Кісель — на прафілактычных мерапрыемствах, якія праводзяць ратаўнікі з насельніцтвам.

Прадстаўнікі духавенства — настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Паставы айцец Валерый і ксёндз-дэкан касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Дунілавічах Павел — агучылі адносіны рэлігіі да самазабойстваў: гэта страш­ны грэх, здзейсніўшы які чалавек асуджае сябе на вечныя пакуты. Расказалі, якую дапамогу можа атрымаць кожны чалавек у храме, заклікалі прысутных да больш цеснага супрацоўніцтва.

Па выніках пасяджэння ўдзель­нікам круглага стала будуць дадзены рэкамендацыі для выканання.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.