Председатель облисполкома Николай Шерстнев на пресс-конференции оценил итоги нынешней уборочной кампании на Витебщине

Важное Сельское хозяйство

Ацэньваючы вынікі

Сёння Браслаў сустракае працаўнікоў вёскі на галоўным свяце ўраджаю — «Дажынках-2019». У пачатку тыдня старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў на прэс-канферэнцыі ацаніў вынікі сёлетняй уборачнай кампаніі на Віцебшчыне.

Фото Олега Климовича, «Витьбичи»

Разлічвалі на большае

Сёлета гаспадаркі Віцебшчыны сабралі 980 тысяч тон збожжа, што на 30% больш за ўзровень мінулага года. Аднак, па словах Мікалая Шарснёва, пры пасяўной разлічвалі на вынік у 1 млн 150 тысяч тон. Карэктывы ўнесла надвор’е. З-за дажджоў частку плошчаў давялося ўбраць на кармы, а на захадзе вобласці, наадварот, сваю справу зрабіла засуха. З-за анамальных кліматычных умоў сёлета нават на палях, дзе былі створаны ідэальныя ўмовы, рэкордных ураджаяў не атрымалі. Добра зарэкамендавала сябе гібрыднае жыта, на асобных участках яго ўраджайнасць дасягнула 80 цэнтнераў з гектара (у мінулыя гады была і па 100). Крыху горш урадзіла пшаніца: на лепшых палях яе атрымалі толькі па 70 цэнтнераў з гектара.

Два раёны — Віцебскі і Аршанскі — перавысілі 100-тысячны рубеж па намалоце зерня. Сярод лідараў па прыросце аб’ёмаў збожжа ў працэнтным выражэнні — Гарадоцкі раён (141%), Ушацкі і Чашніцкі (144%), Верхнядзвінскі (146%) і вышэй за ўсіх, з паказчыкам 169,7%, — наш Пастаўскі раён. Практычна па ўсёй вобласці радуюць бульба, кукуруза, травы. Назапашана дастаткова кармоў, і, як вынік, удалося кампенсаваць недабор за 1-е паўгоддзе па валавой вытворчасці малака.

Рэзервы ёсць

«На Віцебшчыне практычна не бывае так, што надвор’е дапамагае ўсім раёнам і ў вырошчванні ўсіх культур, — аналізуючы вынікі сёлетняй уборачнай кампаніі, адзначыў Мікалай Шарснёў. — Таму мы павінны проста навучыцца прыстасоўвацца да яго: стаць у разы мацнейшымі ў тэхнічным плане, каб літаральна за 2 тыдні право­дзіць усю пасяўную кампанію і за такі ж час убіраць саспелы хлеб». Кіраўнік вобласці прывёў лічбы, якія красамоўна сведчаць, што з цягам часу ўзрасла нагрузка на чалавека і тэхніку, якія заняты ў АПК рэгіёна. Калі ў 2002 годзе ў вобласці быў 12 131 трактар, то цяпер амаль напалову менш — 6 700, у тым ліку энерганасычаных — 2 204 і 1 184 адпаведна.

На думку М. Шарснёва, менавіта ў стварэнні магутнага тэхнічнага аўтапарка асноўны рэзерв павышэння эфектыўнасці вытворчасці сельгаспрадукцыі ў рэгіёне. Не менш значную ролю ў гэтым ён адводзіць і кадрам. У першую чаргу — маладым. «Мы павінны падрыхтаваць новую змену, дапамагчы раскрыць ёй свой патэнцыял. Часам перабудаваць свядомасць людзей, якія атрымалі свае веды і вопыт у мінулым стагоддзі, надзвычай складана. Яны чуюць, але не робяць. У прыватнасці, цяжка дабіцца ад іх няўхільнага выканання тэхналогіі, у адрозненне ад маладых», — рэзюмаваў Мікалай Мікалаевіч.

Ільну на Віцебшчыне быць

Такая адназначная пазіцыя кіраўніка вобласці ў адносінах да гэтай культуры. Ён звярнуў увагу на тое, што  Віцебшчына — рэгіён, дзе ільнаводства культывавалася гістарычна. У свой час у вобласці сеялі па 60 тысяч гектараў ільну (сёлета — 15 тысяч га). Акрамя таго, менавіта тут знаходзіцца адзіны ў краіне льнокамбінат, які неабходна забяспечваць сыравінай. «Таму гэтую галіну мы будзем развіваць і мадэрнізаваць. У нас можна вырошчваць у 1,5 раза больш лёну, чым цяпер», — падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

У Віцебскай вобласці завяршаецца мадэрнізацыя трох з васьмі існуючых ільнозаводаў: Арэхаўскага (Аршанскі раён), Дубровенскага і Пастаўскага. «Астатнія прадпрыемствы знаходзяцца ў складаным стане: поўная зношанасць абсталявання, катлоў, саміх будынкаў. Па кожным з іх будзе прынята ўзважанае рашэнне. Гэтую праблему ў адзін момант не вырашыць, але мы бачым, дзе яшчэ можна нешта зрабіць, а дзе неабходна закрыць прадпрыемства», — сказаў Мікалай Шарснёў.

Але мала жадаючых

Старшыня аблвыканкама выказаў крайнюю незадаволенасць тым, як на Віцебшчыне развіваецца фермерства:

— Фермеры даюць толькі 0,8% ад валавога аб’ёму вытворчасці сельгаспрадукцыі. Вядома, яны і не павінны браць на сябе вельмі вялікую нагрузку, але мы гатовы ўсяляк ім дапамагаць, каб яны дапоўнілі асартымент прадукцыі, якую атрымлівае вобласць, новымі эксклюзіўнымі відамі. Напрыклад, заняліся авечка- ці козагадоўляй. Вось на што робіцца стаўка.

Мікалай Мікалаевіч прывёў статыстыку, што сёння ў вобласці развядзеннем авечак займаюцца 32 фермерскія гаспадаркі, аднак гурты ў іх невялікія, у сярэднім па 200 галоў. Фермеры трымаюць 2800 галоў буйной рагатай жывёлы, плённа працуюць на вырошчванні капусты, цыбулі, бульбы, а таксама зерневых. Менавіта за імі, на думку кіраўніка вобласці, будучыня ў плане вытворчасці экапрадукцыі, якая апошнім часам набывае асаблівую папулярнасць.

Людміла Зелянкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.