С «ПК» связаны имена многих творческих людей, жизненный путь которых завершился. Но их слово по-прежнему остается с нами

Общество

Іх слова застаецца з намі

Настаўнікі. Творцы. Патрыёты. Яны годна жылі і былі найлепшымі прадстаўнікамі пакалення, якому балела душа за хараство і непаўторнасць сваёй вялікай і малой Радзімы, было ўласціва тонкае бачанне свету і пачуццяў чалавека.

«Дарыце маці кветкі», «Жнівеньскі вецер» і «Бэзавы цвет», «Расінка на дрэве», «Светлая радасць душы» — творчая спадчына Ніны Захарэвіч. Яна была сапраўдным і адданым сябрам раёнкі, яе прозу і вершы друкавалі і рэспубліканскія выданні.

Голас Радзімы — звон ручаіны ў зорнай начной цішыні.
Сумнай часінай, вольнай хвілінай у бок Беларусі зірні…

Гэтыя песенныя радкі Ніны Маркаўны і сёння гучаць з вуснаў беларусаў свету.

Пра крокі станаўлення і развіцця «сталіцы» Пастаўшчыны, гісторыю вёскі Логавінцы, час, калі трэба было будаваць, грунтоўна, дакладна з года ў год расказваў былы начальнік галоўнай будаўнічай арганізацыі раёна Яўгеній Чарэнка. Пагартаць старыя падшыўкі — і з яго допісаў у газету ўбачыш разгорнуты летапіс роднага краю. А летапіс стварэння, станаўлення і росквіту будаўнічай арганізацыі раёна Яўгеній Іванавіч уклаў у сваю кнігу, якую напісаў спецыяльна да 50-годдзя аграбудаўнічага прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі». І цяпер тым, хто яе прачытаў, вядома, як нараджаўся Міжкалгасбуд, што пакінуў у спадчыну.

У Аркадзя Нафрановіча, дзіцяці вайны, былога вязня фашызму, была доўгая дарога дадому, пра што ён і рас­казаў у сваёй кнізе. Ён навекі застаўся верным сваёй малой радзіме: настаўнічаў, з душэўнай цеплынёй пісаў пра аднавяскоўцаў, быў частым госцем у рэдакцыі, дзе расказваў шматлікія цікавыя гісторыі, не саромеўся параіцца і тактоўна даваў парады. Аркадзь Іосіфавіч быў неабыякавы да жыцця, востра ўспрымаў несправядлівасць, у сваіх вершах і газетных артыкулах вучыў паважаць тое, што называецца чалавечнасцю.

Живи, священный город,
Живи бессмертный город,
Великий воин-город,
Любимый наш Ленинград — гэтыя радкі тычацца і чырванафлотца, капітана трэцяга рангу Мікалая Зубовіча. З маладосці вёў актыўную работу з людзьмі, прапагандаваў на той час пастаўскую раённую газету «Совецкі шлях», сам дасылаў артыкулы. Ваяваў і служыў на Балтыйскім флоце, быў удзельнікам абароны Ленінграда. Пасля вайны працаваў на розных адказных пасадах, актыўна супрацоўнічаў з раённай газетай. Успаміны Мікалая Яўстаф’евіча пра ваенныя падзеі і перажытае ў час блакады, якія рэгулярна друкаваліся на старонках раёнкі, маюць неацэнную каштоўнасць. Ён ахвотна дзяліўся імі са школьнікамі на шматлікіх сустрэчах, да апошніх дзён быў вельмі актыўным, ніколі не адмаўляўся ад удзелу ў мерапрыемствах па патрыятычным выхаванні. Быў простым, шчырым, сціплым чалавекам, які цаніў і любіў жыццё.

Вячаслаў Смятанка (паэтычны псеўданім Слава Лі­пень) — прафесійны журналіст. На старонках раённай газеты пакінуў шматлікую творчую спадчыну, аснова якой — душэўныя рэпартажы пра вяскоўцаў, людзей працы. Пакінуў і кнігу «Вершы з вёскі». Вось радкі аднаго з вершаў пра тую ж вёску:

Я цябе ніколі не пакіну,
Толькі ты мяне не праганяй,
Ты мяне калісьці нарадзіла,
Ты і ў шлях апошні адпраўляй.

Так і сталася: паэта і журналіста Славу Ліпеня ў апошні шлях праводзілі ўсёй вёскай. Вячаслаў Фёдаравіч быў сціплым, памяркоўным, мудрым і добразычлівым. Дзяліўся апошнім, вельмі паважаў людзей, раіў так паступаць і іншым, што і засталося ў яго творчай спадчыне.

Леанід Трубач з вялікай павагай ставіўся да роднага слова. Свае вершы Леанід Мікалаевіч вельмі ўважліва і цярпліва даводзіў да самага высокага ўзроўню. Яны мілагучныя, напоўненыя глыбокім сэнсам,  шчырыя, як і іх аўтар. У яго, настаўніка-філолага, была вялікая любоў да роднай мовы.

Над словам нашым пашчыруем разам
І будзем слухаць вучняў галасы,
Паўторымся і неаднойчы скажам:
«Няхай растуць з зярнятак каласы!

З газетай былі звязаны і многія іншыя творчыя лю­дзі, жыццёвы шлях якіх, на жаль, завяршыўся. Але іх слова па-ранейшаму застаецца з намі. І найлепш характарызуюць гэта радкі з верша даўняга сябра газеты Наталіі Карнілавай:

Ты не кажы: «Жыццё праходзіць».
Кажы заўжды: «Жыццё ідзе!»

Сяргей Дзеравянка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.