«Сюда хочется возвращаться снова и снова!» Бывший заместитель главного редактора Галина Григорьевна Пищ отдала районке больше 30 лет

Общество

Рэдакцыя была тэрыторыяй для душы

Упэўнена, што гераіню артыкула прадстаўляць не трэба, бо больш за 30 гадоў яна адпрацавала ў газеце і добра вядомая ўсім прыхільнікам выдання. Зараз былы намеснік галоўнага рэдактара Галіна Рыгораўна Пішч на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму гарыць рэдакцыйным жыццём: цікавіцца навінамі, падказвае тэмы, дае заўвагі.

Працоўная біяграфія Галіны Пішч пачыналася ў «Нарачанскай зары» (мядзельская райгазета), дзе дзякуючы сапраўдным прафесіяналам спасцігла азы прафесіі. У пастаўскую раёнку ўладкавалася ў 1984 годзе. Спачатку займала пасаду карэспандэнта аддзела партыйнага жыцця, затым была загадчыкам аддзела пісьмаў, а з 1999 года — намеснікам галоўнага рэдактара.

Менавіта Галіна Рыгораўна дапамагала рабіць першыя крокі юнкорам газеты, таму тэма настаўніцтва для яе вельмі асабістая і шырокая, пра што абяцала напісаць асобна. А ганарыцца ёсць кім. Сёння яе выхаванцы працуюць журналістамі не толькі ў вядучых рэспубліканскіх СМІ, але і ў Расіі, Кітаі.

— Газета — вынік калектыўнай творчасці, і я часта падкрэслівала: адзін журналіст, якім бы разумным і таленавітым ён ні быў, не здолее зрабіць выданне цікавым. Аднаму ўдаецца выдатна рэдагаваць тэксты, другому — пісаць нарысы, трэцяму — генерыраваць ідэі, чацвёртаму — знаходзіць удалыя ракурсы для фотаздымкаў. А ўрэшце атрымліваецца канчатковы прадукт. Над ім шчыравалі аддана, — даводзіць сваю пазіцыю Галіна Рыгораўна. — Адразу як прыйшла на працу, адчула дух творчасці. Сапраўднымі прафесіяналамі былі М. Маразюк, П. Курыловіч, А. Касцень, Ф. Касаткіна, В. Харэвіч, В. Смятанка, і я многаму вучылася ў іх. Узяць хаця б Алеся Касцяня: ён цікава пісаў, быў адукаваны, а калі пачынаў расказваць гістарычныя факты — нібы з кнігі зачытваў.

Шчыра кажучы, і мне Рыгораўна запомнілася такой — носьбітам энцыклапедычных ведаў, які заўсёды падказваў, усяму вучыў, у тым ліку вывяраць кожнае слова, сумнявацца ў атрыманай інфармацыі. Калі яна вычытвала газету ці арыгінал артыкула, яе стаўленне да справы можна было б ахарактарызаваць вершаванымі радкамі Ігара Губермана: «Сомненье — лучший антисептик от загнивания ума». І, як правіла, факты, да якіх у яе ўзнікалі пытанні, падвяргаліся сумненню не дарэмна.

— Архіў памяці захоўвае сотні сустрэч, знаёмстваў. Нам многа пісалі, званілі, прыходзілі ў рэдакцыю. Такія «жывыя» стасункі сілкавалі, пасля іх нараджаліся ідэі, праекты, — працягвае ўспамінаць былыя гады. — Хацелася, каб раёнка была сваёй у кожным доме і кватэры. Работнікі рэдакцыі хадзілі на рынкі і ладзілі там своеасаблівы міні-фестываль. Прэзентавалі газету на прадпрыемствах і ў арганізацыях. І гэта давала вынік — з’яўляліся новыя падпісчыкі, чаму калектыў вельмі радаваўся.

Своеасаблівым працоўным «журфакам» былі курсы, абласныя, рэгіянальныя і рэспубліканскія лятучкі, сустрэчы па лініі Беларускага саюза журналістаў.  Ніколі мясцовыя журналісты не аддаляліся і ад рэальнага жыцця: шчыравалі на праполцы буракоў, уборцы льну, касьбе.

— Каб у газеты было больш пры­хільнікаў, хацелі як найбольш насыціць яе старонкі інфармацыяй, павялічвалі аб’ём выдання. І як самі жартавалі: «тапталі», «упіхвалі» матэрыялы на палосы, але ж мы радаваліся, што падпісчыкам будзе што чытаць, — выказвае сваё бачанне наконт знешняга выгляду газеты Галіна Рыгораўна. — Я і цяпер не адмовілася б ад некаторых тагачасных ідэй. Зараз іншы час: новыя тэхналогіі, аддаецца перавага вёрстцы, дзе шмат «паветра», вялікія здымкі…

З пазіцыі сённяшняга дня Галіна Пішч высока ацэньвае звычайныя людскія зносіны і бачыць каштоў­насць найперш у тым, што і простыя людзі, і кіраўнікі розных узроўняў адгукаліся на публікацыі, выказвалі меркаванні, дзякавалі — адным словам, адбываўся дыялог. А яна адчувала шчырасць у словах і ўяўляла, як газету бяруць у рукі ў Балаях і Полаве, Навасёлках і Валках, Лынтупах і Мольдзевічах. Адчувае і зараз, бо і дагэтуль захавалася шмат «газетных» сяброў, якія і цяпер тэлефануюць былому журналісту.

— Хоць і кажуць, што трэба жыць днём сённяшнім, але не атрымліваецца: прысніцца, быццам заметку ў нумар са спазненнем здаю ці на мерапрыемстве слова вымушана гаварыць без падрыхтоўкі, — кажа. — А як цешылі душу сустрэчы з цікавымі людзьмі! Столькі гадоў прайшло, а як сёння размаўляю з Уладзімірам Мулявіным пасля канцэрта ў РДК, фатаграфуюся з народнай артысткай Расіі і нашай зямлячкай Лідзіяй Абрамавай. Ці прысутнічаю ў ЦРБ на прыёме доктара медыцыны, вядучага ў Еўропе нейраартапеда, прафесара Гётца Драйса. А хіба нецікава было сустракацца і браць інтэрв’ю ў легенды Пастаўшчыны — Алега Валодзькі!..

І напрыканцы нашай гутаркі дадае, што рэдакцыя райгазеты была тэрыторыяй для душы. Сюды хацелася вяртацца зноў і зноў.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.