Слаженные действия принесли Алексею Талайко и Андрею Якубовичу 3-е место в областном смотре-конкурсе профмастерства

Правовое поле

Зладжаныя  дзеянні дапамаглі міліцыянеру-кінолагу групы затрымання Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь Аляксею Талайку і вадзіцелю Андрэю Якубовічу заваяваць трэцяе месца ў абласным аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства.

На мінулым тыдні ў рэдакцыю зайшоў камандзір узвода міліцыі Юрый Смірноў і падзяліўся прыемнай навіной.

— Толькі што ў Віцебску завяршыўся XVI агляд-конкурс прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, — расказваў. — Нашы кінолаг Аляксей Талайка і вадзіцель Андрэй Якубовіч занялі трэцяе агульнакаманднае месца.

На наступны дзень я адправілася на сустрэчу з пераможцамі. Як толькі Аляксей і Андрэй пераступілі парог будынка аддзялення, насустрач выйшлі многія калегі, каб павіншаваць іх з перамогай.

— Мы ў вас не сумняваліся! — казалі.

Аляксей у органах унутраных спраў служыць амаль два дзесяцігоддзі. Яго прызванне — кіналогія. Бакс — чацвёрты сабака, якога выдрысіраваў. З ім працуе трэці год. Кантакт наладжаны, і гэта вельмі важна, каб і на спаборніцтвах, і ў паўсядзённай службе было ўзаемаразуменне паміж гаспадаром і жывёлінай.

— Бакс — бельгійскай пароды, — расказваў Аляксей. — Вельмі актыўны, вёрткі. Да яго былі нямецкія аўчаркі. Яны больш спакойныя. З гэтым сабакам працаваць цікава. Яшчэ ні разу ён мяне не падвёў. І на спаборніцтвах дакладна выконваў каманды: рабіў выбарку рэчаў, браў след і г. д. Мы з ім паспяхова пераадолелі паласу перашкод, затрымалі ўмоўнага злачынцу, выконвалі іншыя заданні.

Акрамя тэарэтычнага экзамену, праграма спаборніцтваў уключала ў сябе стральбу з табельнай зброі. Канкурсанты дэманстравалі ўзровень валодання баявымі прыёмамі барацьбы, уменне аказваць першую медыцынскую дапамогу.

Для вадзіцеля галоўным было на хуткасць па-майстэрску выканаць элементы фігурнага ваджэння аўтамабіля.

Агульнакаманднае выпрабаванне — распрацаваць тактыку дзеянняў пры паступленні сігналу «Трывога» з ахоўваемага аб’екта. Неабходна было ў найкарацейшы тэрмін прыбыць туды і выявіць парушальніка, абясшкодзіць яго, выконваючы меры бяспекі.

— У нашым аддзяленні вялі­кая ўвага надаецца тэарэтычнай падрыхтоўцы супрацоўнікаў, — расказвалі Аляксей і Андрэй. — Маем вопыт практычный работы. Выконваючы службовыя абавязкі, мы кіруемся законам і канфліктную сітуацыю імкнёмся вырашыць шляхам перамоў. Калі такія меры не забяспечваюць належнай аховы, з мэтай уласнай бяспекі маем права прымяніць спецыяльныя сродкі, у тым ліку баявыя прыёмы рукапашнага бою. На аглядзе-конкурсе выконвалі тое, што робім кожны раз, заступаючы на дзяжурства. Няхай не так часта прыходзіцца затрымліваць злодзеяў, парушальнікаў, але гатовымі да гэтага трэба быць пастаянна. Так як і да прыезду хуткай дапамогі аказаць першую медыцынскую дапамогу пацярпеламу.

Конкурс завяршыўся, пача­ліся працоўныя будні, падчас якіх неаднаразова прыйдзецца здаваць экзамен жыццю.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.