Учащиеся 223-й и 224-й групп Поставского государственного колледжа помогают хотиловским аграриям в уборке картофеля

Сельское хозяйство

У полі – з каралевай Ганнай

А не на занятках у аўдыторыях знаходзяцца ў гэтыя дні навучэнцы 223-й і 224-й груп Пастаўскага дзяржаўнага каледжа.

Адразу «расшыфроўваю», што «каралева Ганна» — гэта сорт бульбы, якую сёлета вырошчвалі ў ААТ «Хацілы-агра». І яшчэ адзін — «брыз». Ураджай яны далі багаты. А ўбіраць яго, як і ў папярэднія гады, хацілаўцам дапамагаюць навучэнцы каледжа.

У мінулую пятніцу да іх завітала першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская. Дзень быў адметны — 17-я гадавіна БРСМ. Зранку маладзёжны лідар пабывала ў каледжы і гімназіі, уручыла білеты і падарункі новым членам БРСМ. І вось чарговая прыемная місія — заахвоціць невялікімі падарункамі тых, хто вызначыўся ў працы. У тройцы лідараў — Кірыл Яновіч, Антон Шушкевіч і Уладзімір Марцінкевіч, якія ў першы дзень работы ў полі набралі адпаведна 214, 195 і 163 вядры клубняў. Усе юнакі з 223-й групы, якой кіруе Валянціна Клянтак.

— Нашы хлопцы таксама стараюцца, — адзначыла майстар вытворчага навучання 224-й групы Анастасія Краўчанка. — Напрыклад, Валера Цыунель у першы дзень набраў 158 вё­дзер бульбы, Валера Савіцкі — 161, Павел Іваноў — 172.

У полі — толькі хлопцы, і ўсе  першакурснікі. 223-я група — гэта будучыя слесары сельскагаспадарчых машын, вадзіцелі катэгорыі «С», трактарысты катэгорый «А», «В» і «D». Навучэнцы 224-й групы набудуць спецыяльнасці слесара па рамонце аўтамабіляў 3-га разраду, вадзіцеля катэгорыі «С» і электразваршчыка. Каму, як не ім, пазнаваць азы працы на зямлі?

— Бульба ў нас займала 5 гектараў. Калі не перашкодзяць дажджы, плануем убраць ура­джай за тыдзень, — расказвала галоўны эканаміст, старшыня прафкама гаспадаркі Наталля Пабядзінская, на якую кіраўніцтва ўсклала абавязкі арганізацыі працы навучэнцаў кале­джа і кантроль за ёй. — Няма затрымак ні з разгонам барознаў, ні з адвозкай клубняў. Стараюцца і юныя памочнікі, адказныя іх куратары.

Калі мы пад’ехалі да поля, неба зацяжэла хмарамі. «Толькі б не пайшоў дождж! Нам ён зусім не патрэбны!» — чуліся рэплікі. Несумненна, што і мы крыху прытармазілі работу, пакуль рабілі фотаздымкі, бралі інтэрв’ю. А як толькі развіталіся, хлопцы імгненна сталі напаўняць свае вёдры клубнямі і высыпаць іх у трактарныя прычэпы. Каму не хочацца зарабіць? А плацяць у Хацілах добра.

Пакрысе расталі і хмары. Не прамоклі ні бульба, ні ўдзельнікі ўборкі.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.