Учащийся Поставского государственного колледжа Артем Петух стал лауреатом Евразийской премии в области изобретения

Образование

З пастаўскага каледжа – у Казахстан

Навучэнец Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Арцём Петух стаў лаўрэатам Еўразійскай прэміі ў галіне вынаходніцтва. 9 верасня ён па запрашэнні арганізатараў адправіўся ў сталіцу Казахстана Нур-Султан для ўдзелу ў цырымоніі ўзнагароджання. Яна стала часткай урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 25-годдзю стварэння еўрапейскай патэнтнай сістэмы.

Што знамянальна, пастаўскі каледж быў адзінай установай адукацыі, якая ў той дзень прадстаўляла Беларусь у Нур-Султане. Гісторыя гэтага поспеху пачалася яшчэ вясной, калі Міністэрства адукацыі даслала ў каледж інфармацыю пра правядзенне штогадовай Еўразійскай патэнтнай універсіяды «Погляд у будучыню».

Каледжу, як і іншым установам адукацыі краіны, прапаноўвалася прадставіць журы творчы тэхнічны праект. Удзельнічаць ці не, пастаўчане нават не задумваліся: тут праводзіцца вялікая работа ў плане інжынернай творчасці, даўно і паспяхова дзейнічаюць тры аб’яднанні па інтарэсах тэхнічнага профілю: «Радыёэлектроніка», «Трактарыст-машыніст» і «Механік», работай якіх кіруюць выкладчыкі Пётр Шумуліоніс, Дзмітрый Міхасёнак і Аляксей Харкоў.  Высокі ўзровень іх работы штогод пацвярджаюць дыпломы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Так, у мінулым навучальным годзе на Рэспубліканскім аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі прадстаўнікі каледжа атрымалі дыпломы за распрацоўку і выраб настольнага свідравальнага станка ХІІІ-2 і USB-мікраскопа.

На Еўразійскую патэнтную ўніверсіяду быў адпраўлены творчы праект «Стэнд для дыягностыкі і ачысткі паліўных фарсунак бензінавых рухавікоў», створаны Арцёмам Петухам сумесна з выкладчыкам дадатковай адукацыі Пятром Шумуліонісам.

Паездка ў Казахстан запомнілася Арцёму з першых хвілін — гэта быў яго першы палёт на самалёце. Уразіла і арганізаваная экскурсія па Нур-Султане. Самым урачыстым момантам стала дыпламатычная канферэнцыя па прыняцці пратакола аб ахове прамысловых узораў да Еўразійскай патэнтнай канвенцыі. Яна, дарэчы, прайшла ў адным з самых фешэнебельных атэляў казахстанскай сталіцы. Вечарам усіх запрасілі на вячэру, дзе на стале быў шэраг страў  нацыянальнай кухні.

— Паездка мне нічога не каштавала — усе фінансавыя выдаткі аплацілі арганізатары, — адзначыў Арцём Петух. — Яна стала чымсьці абсалютна новым у маім жыцці. У чарговы раз пераканаўся, што я на правільным шляху. Калі перад маім узнагароджаннем на вялікім экране ўключылі ролік пра родны каледж, вельмі ўзрушыўся. Удзячны сваім выкладчыкам за прафесіяналізм, за магчымасць разнабакова развівацца.

У чым жа выключнасць творчага праекта пастаўчан, калі яго так высока ацаніла журы?

— Прынцып работы створанага намі стэнда для дыягностыкі і ачысткі паліўных фарсунак такі ж, як і ў заводскіх, — расказваў кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Радыё­электроніка» Пётр Шумуліоніс. — Але мы дадаткова падключылі стэнд да спецыяльнай камп’ютарнай праграмы, якая ўтрымлівае вельмі вялікую колькасць даных пра фарсункі. Раней гэта нідзе не практыкавалася. Наша версія стэнда адкрывае шмат новых магчымасцей для адукацыйнага працэсу. Хаця яго ўжо зараз можна выкарыстоўваць на любой станцыі тэхабслугоўвання.

Аб’яднанне па інтарэсах «Радыёэлектроніка» Арцём наведвае з першага курса. Цяпер ён ужо на чацвёртым, у наступным годзе скончыць навучанне па спецыяльнасці «Тэхнік-механік». Родам юнак з Пастаў, скончыў 9 класаў СШ №2, пасля чаго і паступіў у каледж.

— Я даўно для сябе вырашыў, што хачу быць механікам, інтарэс да аўтамабіляў у мяне з’явіўся ў дзяцінстве, — расказваў Арцём. — Пасля атрымання дыплома планую працягваць адукацыю ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце (каледж заключыў дагавор аб супрацоўніцтве з гэтай ВНУ — аўт.). А наогул, мая мара — працаваць на добрай станцыі тэхабслугоўвання. Аўтамабілі — гэта тое, з чым мару звязаць жыццё.

У новым навучальным годзе Пётр Шумуліоніс са сваімі навучэнцамі плануе рэалізаваць і іншыя смелыя задумы. Ён называе сябе тым шчаслівым чалавекам, для якога работа — хобі. А калі ёсць яшчэ і падтрымка кіраўніцтва, працуецца асабліва лёгка.

— Дырэктар каледжа заўсёды падтрымлівае ініцыятывы выкладчыкаў, ідзе ім насустрач, разумеючы, якое важнае месца ў навучальным працэсе займае твор­часць, — падкрэсліла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Шылько. — Матэрыяльна-тэхнічная база каледжа дазваляе рэалізоўваць шматлікія ідэі педагогаў і навучэнцаў. Галоўнае, што юнакі прыходзяць на дадатковыя заняткі выключна па ўласным жаданні, яны мэтанакіраваныя і матываваныя. А пасля такога поспеху ў Казахстане жадання вучыцца ў іх яшчэ больш.

Тэкст і фота Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.