В 2017 году в Поставском районе было зарегистрировано 27 экономических преступлений, из которых 18 коррупционных

Правовое поле

Бескантрольнасць прыводзіць да карупцыі

Барацьба з карупцыяй у Беларусі з’яўляецца адной з найважнейшых дзяржаўных задач. Прэзідэнтам і кіраўніцтвам краіны карупцыя разглядаецца як прамая пагроза нацыянальнай бяспецы, паколькі падрывае давер народа да ўлады, дыскрэдытуе рыначныя механізмы канкурэнцыі ў эканоміцы, садзейнічае лабіраванню заканадаўчых і нарматыўных актаў, якія спрыяюць маштабным злоўжыванням і злачыннасці.

Сёння карупцыя праяўляецца ў розных формах. Сярод іх — хабараніцтва, вымагальніцтва, пратэкцыянізм, лабізм, незаконнае размеркаванне дзяржаўных датацый, незаконная прыватызацыя, неабгрунтаваная выдача льготных крэдытаў і інш. На жаль, не аб­мінула гэта праблема і Пастаўшчыну.

— Штогод на тэрыторыі нашага раёна выяўляецца шэраг злачынстваў па лініі эканамічнай бяспекі, у тым ліку з карупцыйным складальнікам, — зазначае начальнік РАУС Аляксандр Гарус. — У 2017 годзе было зарэгістравана 27 эканамічных злачынстваў, з якіх 18 карупцыйных. У 2018-м — 9, у тым ліку 4 карупцыйныя. За 6 месяцаў бягучага года — адпаведна 16 і 11.

Па словах Аляксандра Мікалаевіча, у нашым рэгіёне немагчыма вылучыць найбольш карупцыйныя сферы. Злачынствы здзяйсняюцца на розных прадпрыемствах і ў розных арганізацыях, рознымі службовымі асобамі. Пры гэтым самыя распаўсюджаныя — хабарніцтвы. З пачатку 2019-га выяўлена 10 такіх злачынстваў. Маюць месца і крадзяжы з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў. Сёлета ўстаноўлены 1 факт, хоць, як правіла, іх бывае больш.

Пільную ўвагу супрацоўнікі міліцыі ўдзяляюць сельскай гаспадарцы. Штогод падчас пасяўной і ўборачнай кампаній у раёне праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне злачынстваў і правапарушэнняў у гэтай сферы, у тым ліку карупцыйнай накіраванасці. Нягледзячы на тое, што ў абазначаным перыядзе апошніх пакуль не зарэгістравана, у некаторых гаспадарках маецца шэраг перадумоў да здзяйснення злачынстваў карупцыйнага характару.

— Падчас маніторынгаў веснавых палявых работ практычна ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях мы выявілі парушэнні, звязаныя з адсутнасцю на бухгалтарскім уліку розных таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, — расказваў А. М. Гарус. — Напрыклад, у ААТ «Камайскі-агра» зафіксаваны факты парушэння правіл уліку і захоўвання лому чорных металаў. На момант праверкі металалом валяўся па тэрыторыі ўсяго мехдвара, які ў сваю чаргу быў толькі часткова абгароджаны, што дазваляла без перашкод на яго праходзіць. А адсутнасць некаторых таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на бухгалтарскім уліку стварала перадумовы да іх крадзяжу як службовымі асобамі, так і радавымі работнікамі прадпрыемства.

На думку начальніка райаддзела міліцыі, перадумовай да здзяйснення карупцыйных злачынстваў з’яўляецца і бескантрольнасць з боку кіраўнікоў прадпрыемстваў за дзеяннямі падначаленых супрацоўнікаў, асабліва тых, каму даверана маёмасць арганізацыі альбо яе грашовыя сродкі, а таксама спробы абысці ўстаноўленае заканадаўства ў сферы ажыццяўлення разлікова-касавых аперацый, закупак і да т.п. На гэты напрамак міліцыянеры збіраюцца звярнуць павышаную ўвагу.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.