В рамках Единого дня информирования начальник райотдела статистики Анна Белевич рассказала о предстоящей переписи населения

Общество

Калектыўны партрэт краіны

19 верасня ў рамках Адзінага дня інфармавання начальнік раённага аддзела статыстыкі Ганна Бялевіч наведалася ў 1-ы ваенны шпіталь органаў пагранічнай службы Беларусі, каб расказаць калектыву пра перапіс насельніцтва, які сёлета пройдзе ў нашай краіне з 4 па 30 кастрычніка.

Размова пачалася з кароткай спраўкі: што такое перапіс, каторы раз па ліку право­дзіцца ў Беларусі, пра яго ўзнікненне, якім бывае, а таксама пра сусветны вопыт правядзення перапісу. Ганна Зянонаўна падк­рэсліла, што звесткі, якія будуць атрыманы падчас яго, з’яўляюцца ўнікальнымі, іх нельга атры­маць пры бягучым дэмаграфічным уліку альбо з адміністрацыйных крыніц. Напрыклад, толькі па даных перапісу можна даведацца, людзі якіх нацыянальнасцей у нас пражываюць і колькі іх, чысло сем’яў і хатніх гаспадарак, іх склад і жыллёвыя ўмовы. Апроч гэтага, атрыманыя звесткі адлюстроўваюць істотныя змены, якія адбыліся ў краіне ў міжперапісны перыяд.

Перапіс насельніцтва мае важ­нае значэнне не толькі для дзяржавы, але і для кожнага асобнага чалавека, бо без звестак пра колькасць людзей, якія пражываюць на канкрэтнай тэрыторыі, іх адукацыю, працаздольнае насельніцтва, дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту немагчыма вызначыць аб’ёмы фінансавання сацыяльных выплат, патрэбу ў выхавальніках, настаўніках, урачах і г.д. Падчас падрыхтоўкі і правядзення перапісу беларускія органы дзяржаўнай статыстыкі прытрымліваюцца сусветных стандартаў, а яго вынікі ўвойдуць не толькі ў гісторыю Беларусі, але і стануць састаўной часткай сусветнага перапісу насельніцтва.

— Перапіс-2019 з’яўляецца навацыйным. Яго асаблівасць — адмова ад папяровых носьбітаў і выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій, якія ў тры разы змяншаюць час запаўнення перапіснога ліста. Упершыню насельніцтву прапануецца перапісацца самастойна праз інтэрнэт. Часовы перапісны персанал будзе выконваць свае функцыі з дапамогай планшэтаў, на якіх устаноўлена праграмнае забеспячэнне, што ўтрымлівае электронную карту мясцовасці, — расказвала пра асаблівасці сёлетняй кампаніі Ганна Бялевіч. — Пробны перапіс прайшоў з 2 па 13 кастрычніка на тэрыторыі Маладзечанскага раёна ў 2017 годзе. Падчас яго апрабаваны арганізацыйныя, метадалагічныя і тэхналагічныя падыходы, вывучана меркаванне насельніцтва пра спосабы яго ўдзелу ў перапісе.

Прайсці перапіс можна будзе трыма спосабамі: праз інтэрнэт, на стацыянарным участку ці дома. Перапісчыкі будуць ­здзяйсняць абход з 9.00 да 21.00 у гарадах і з 9.00 да 19.00 — у сельскіх населеных пунктах. Пры сабе яны павінны мець адпаведнае пасведчанне, сумку з лагатыпам перапісу і планшэт. Грамадзянам, якія аддадуць перавагу перапісу па месцы жыхарства, рэкамендуецца патэлефанаваць на адзіны нумар 8-801-100-3131 (з любога тэлефона званок бясплатны) і паведаміць поўнае імя перапісчыка, які да іх наведаўся. Гэта дазволіць засцерагчыся ад ілжэперапісчыкаў. Таксама майце на ўвазе, што для запаўнення перапісных лістоў не трэба прад’яўляць ніякія дакументы, агучваць свой даход (сутнасць пытання пра даход заключаецца ў тым, каб даведацца, ці атрымліваеце вы пенсію, зарплату, стыпендыю і г.д. — адным словам, што з’яўляецца крыніцай сродкаў на існаванне). Персанальныя даныя рэспандэнта будуць захаваны ў сакрэце, яны неабходныя толькі для таго, каб выключыць дубліраванне інфармацыі. Выніковыя звесткі перапісу агучаць на ­прэс-канферэнцыях, размесцяць на інтэрнэт-сайце Белстата і ў СМІ, выдадуць адпаведныя зборнікі і бюлетэні.

Таксама падчас сустрэчы былі дадзены адказы на пытанні аўдыторыі. У прыватнасці, па якім адрасе перапісваюцца студэнты і салдаты тэрміновай службы; што рабіць, калі чалавек зарэгістраваны ў адным месцы, а пражывае ў іншым. Асаблівую зацікаўленасць калектыў шпіталя выказаў да інтэрнэт-перапісу. Мяркую, іх жывы інтарэс сведчыць пра тое, што людзі разумеюць значнасць кампаніі для распрацоўкі параметраў і праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.