В рамках республиканской акции «Единый день безопасности» на Поставщине состоялись самые разноплановые мероприятия

Общество

Паўтарэнне – маці вучэння

Навучыць правілам бяспечных паводзін у розных жыццёвых сітуацыях – галоўная задача рэспубліканскай акцыі «Адзіны дзень бяспекі», якая праходзіць у нашай краіне з 1 па 10 верасня. На Пастаўшчыне ў яе рамках адбыліся самыя разнапланавыя мерапрыемствы: лекцыі, эвакуацыі, інфармацыйныя гадзіны, гульнявыя праграмы, ліквідацыі ўмоўных узгаранняў, тэматычныя ведамасныя дні. Амаль увесь мінулы працоўны тыдзень, апроч панядзелка, карэспандэнт «ПК» назірала за ходам правядзення акцыі ў райцэнтры.

ЖКГ

У адпаведнасці з графікам, распрацаваным Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі 3 верасня адбыўся тэматычны ведамасны дзень. УП ЖКГ Пастаўскага раёна сумесна з РАНС правяло трэніровачныя мерапрыемствы па эвакуацыі людзей, якія пражываюць у інтэрнатах прадпрыемства, размешчаных па вуліцы Ленінскай, 141 і 192 «А», у райцэнтры. Паралельна была праверана спраўнасць аўтаматычных сістэм апавяшчэння, сувязі, наяўнасць сродкаў пажаратушэння, стан шляхоў эвакуацыі.

Работнікі РАНС нагадалі жыльцам інтэрнатаў правілы бяспекі, паказалі, як карыстацца вогнетушыцелем, растлумачылі прынцып дзеяння аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, раздалі наглядныя дапаможнікі, наклейкі, размалёўкі. Завяршыліся сустрэчы агульнымі сходамі і інструктажамі.

Акрамя гэтага, наглядальны камітэт жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна абследаваў 14 домаўладанняў на прадмет выканання правіл бяспекі. На аб’ектах прадпрыемства абноўлены 10 тэматычных стэндаў, у пад’ездах жылых дамоў размешчаны лістоўкі адпаведнай тэматыкі, адбыліся 2 сустрэчы ў працоўных калектывах. На іх ішла гаворка пра бяспечныя паводзіны дома і на працы.

ТЦСАН

4 верасня ў актавай зале тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна прайшла чарговая «Школа сацыяльнага работніка». На сустрэчы былі разгледжаны розныя жыццёвыя сітуацыі, у якіх могуць апынуцца як самі прадстаўнікі сацыяльнай службы, так і іх падапечныя — пенсіянеры. Начальнік РАНС Аляксей Кісель спыніўся на пытаннях агульнай бяспекі, прывёў агульнарэспубліканскую статыстыку гібелі людзей ад знешніх прычын. А гэта 8 тысяч чалавек у год. Да асноўных прычын адносяцца самагубствы, атручэнне алкаголем і ядавітымі рэчывамі, ДТЗ, пажары. Сёлета на тэрыторыі Віцебскай вобласці адбылося 607 пажараў,  55 чалавек загінулі на іх. Як правіла, узгаранні адбываюцца з-за няспраўнага пячнога ацяплення і электраправодкі, неасцярожнага абыходжання з агнём.

З надыходам грыбнога сезона ўзрастае колькасць тых, хто заблудзіўся ў лесе. У асноўным гэта пенсіянеры. Аляксей Іванавіч нагадаў, як трэба апранацца, ідучы ў лес, як сябе паводзіць, калі зразумелі, што самастойна не зможаце выйсці з яго. Таксама засяродзіў увагу на бяспецы дзяцей, якіх ні ў якім выпадку нельга пакідаць без нагляду, на бяспецы аб’ектаў, карысці АПА і сістэмы «Маланка», а таксама мабільнага дадатку «МНС Беларусі. Дапамога побач».

Намеснік начальніка РАУС Аляксандр Мядзелка ў сваім выступленні зрабіў акцэнт на бяспецы пажылых людзей, нагадаў прыкметы, якія сведчаць пра насілле ў сям’і, а таксама пра адказнасць за такія дзеянні. Засяродзіў увагу ўсіх ­удзельнікаў дарожнага руху на неабходнасці быць асцярожнымі, каб пазбегнуць ДТЗ і іншых здарэнняў, у тым ліку на чыгуначным транспарце.

Таксама ў рамках «Школы сацыяльнага работніка» адбыўся тэматычны дзень па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч нагадала, што набліжаецца ацяпляльны сезон, і прасіла сацработнікаў пракантраляваць спраўнасць печак у падапечных, наяўнасць дроў. Галоўны спецыяліст упраўлення Жанна Цуканава паведаміла пра выпадкі вытворчага траўматызму ў раёне за 8 месяцаў бягучага года, а інжынер па ахове працы ТЦСАН Сяргей Квяткоўскі засяродзіў увагу на пытаннях асабістай бяспекі сацыяльных работнікаў.

Школа

У чацвер падраздзяленні Пастаўскага РАНС ліквідавалі ўмоўны пажар у трох сярэдніх школах райцэнтра: ва ўстановах адукацыі праходзілі тактыка-спецыяльныя вучэнні.

9 гадзін раніцы. Тэхнічнаму персаналу СШ №2 паступае паведамленне, што ў школьным гардэробе адбылося ўзгаранне. Адразу ж раздаюцца тры кароткія званкі, гучнагаварыцель некалькі разоў паўтарае: «Увага! Увага! Аб’яўляецца пажарная вучэбная трывога. Просім без панікі пакінуць памяшканне згодна з зацверджаным планам». Паралельна дырэктар школы Аляксандр Кузняцоў паведамляе пра здарэнне па нумары 101.

За лічаныя хвіліны настаўнікі разам з вучнямі пакінулі памяшканне праз цэнтральны і запасныя выхады і пастроіліся на пляцоўцы ў двары школы. Класныя кіраўнікі правялі пераклічку дзяцей і пра яе вынікі паведамілі дырэктару. Паколькі эвакуацыя была стопрацэнтная, то ратаўні­кам, якія аператыўна прыбылі на месца выкліку, не давялося рабіць разведку памяшкання. Яны адразу ўстанавілі аўтацыстэрну на пажарны гідрант, праклалі магістральную лінію з боку цэнтральнага ўвахода і прыступілі да тушэння пажару. Тактыка-спецыяльныя вучэнні прадэманстравалі правільныя і прафесійныя дзеянні ў надзвычайнай сітуацыі як пажарных, так і персаналу школы.

ДАІ і РАНС

У пятніцу супрацоўнікі РАНС і ДАІ, а таксама работнікі культуры зладзілі цікавае свята для дзяцей. Спачатку на пляцоўцы каля раённага Дома культуры баявую тэхніку і амуніцыю разгарнулі ратаўнікі. Адначасова яны праводзілі тэматычныя гульні для хлопчыкаў і дзяўчынак, раздавалі наглядна-выяўленчую прадукцыю, узгадвалі нумары тэлефонаў экстранных службаў.

Потым усе перамясціліся ў глядзельную залу, дзе клоўны Клёпа і Ірыска, роставыя лялькі Зяба і Міньён, вядучая Алена Слядзеўская, міліцыянеры і трансформер Бамблбі правялі захапляльны ўрок па пра­вілах бяспекі дарожнага руху. Такімі ж захапляльнымі былі і музычныя перапынкі. На ўваходзе на «ўрок» дзецям раздавалі рознакаляровыя флікеры, на выхадзе — цукеркі за добра засвоены матэрыял.

Правілам бяспечных паводзін вучылася Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.