В воскресенье в Поставах прошло первое мероприятие масштабной республиканской акции «Единый день безопасности»

Важное Общество

Вучыліся гуляючы

У нядзелю ў райцэнтры адбылося першае мерапрыемства маштабнай рэспубліканскай акцыі «Адзіны дзень бяспекі». Прайшло яно на пляцоўцы каля кінатэатра «Радзіма» і было разлічана ў асноўным на дзіцячую аўдыторыю.

Пацешныя роставыя лялькі і персанажы дзіцячых казак адразу ж завалодалі ўвагай прысутных. Яны ладзілі для хлопчыкаў і дзяўчынак рухомыя гульні, віктарыны і нават спрабавалі свавольнічаць — запаліць вялікую запалку, каб зрабіць вогненнае шоу. Але гэту небяспечную забаву свое­часова перапынілі дарослыя, растлумачыўшы, што такія паводзіны з’яўляюцца вельмі небяспечнымі. Такім чынам, гуляючы, дзяцей вучылі работнікі раённага Дома культуры і Юнькаўскага СДК.

Работнікі бібліятэчнай сістэмы  ля свайго стэнда правялі цікавы міні-квэст. Ад удзельнікаў патрабавалася адгадаць загадкі, сабраць пазл, адказаць на пытанні віктарыны, паўдзельнічаць у гульнях. І ўсё гэта з адной мэтай: узгадаць правілы бяспечных паводзін на дарозе, вадзе, пры пажары, у бытавых сітуацыях.

На ўсе 100% пастараліся і работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, пераапранутыя ў піратаў. Яны таксама запальвалі ў сумесных з дзецьмі гульнях, загадках, віктарынах, танцах. А яшчэ ўзгадвалі разам з дзятвой дарожныя знакі і іх сэнс.

Надзвычай цікавым атрымалася падарожжа па станцыях бяспекі на ўяўным цягніку, у якасці якога выступалі самі дзеці. Прыпынкі былі зроблены каля пляцовак раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, выратавальнай станцыі таварыства выратавання на водах, аддзела ДАІ РАУС, раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Пастаўскага раёна газазабеспячэння. Тут яны знаёміліся са спецыфікай дзейнасці названых арганізацый, адказвалі на пытанні, вучыліся карыстацца вогнетушыцелем. А найбольшы інтарэс у хлопчыкаў і дзяўчынак выклікалі спецыяльныя рыштункі агняборцаў, вадалазаў і міліцыянераў. Бронекамізэльку, кампенсатар плывучасці, аўтамат, каскі і іншае дазвалялася те толькі разглядваць, але і прымяраць. Ад ахвотных не было адбою.

Мерапрыемства падарыла маленькім удзельнікам мора ўсмешак і пазітыву, а ў напамін — яркія буклеты, цукеркі, паветраныя шары. Ну і, вядома, карысныя веды па бяспечных паводзінах.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.